Белтэлерадыёкампанія загаварыла пра свабоду слова


Забарона трансляцыі каналу «Беларусь 24» ва Украіне не вяжацца з паняццем «свабода слова», лічаць у Белтэлерадыёкампаніі.

«Выклікае шкадаванне той факт, што, прымаючы рашэнне аб забароне рэтрансляцыі «Беларусь 24», украінскія чыноўнікі ад журналістыкі не ўбачылі розніцы паміж аўтарскім поглядам канкрэтнага журналіста і палітыкай тэлеканалу ў цэлым. Тое, што падставай для забароны стаў сюжэт у аўтарскай праграме, якая выходзіць у эфір адзін раз у тыдзень, цалкам не вяжацца з паняццем «свабода слова», – адзначана ў каментары Белтэлерадыёкампаніі.

У кампаніі падкрэсліваюць, што Украіна для Беларусі – адзін з прыярытэтных партнёраў. «Брацкія і партнёрскія адносіны паміж нашымі краінамі культывуюцца на самым высокім узроўні, у тым ліку кіраўніком беларускай дзяржавы. Адпаведная пазіцыя прэзідэнта Беларусі ёсць асновай інфармацыйнай палітыкі тэлеканалу «Беларусь 24», – гаворыцца ў каментары.

У сераду на брыфінгу ў Кіеве кіраўнік Нацыянальнай рады Украіны ў пытаннях тэлебачання і радыёвяшчання Юрый Арцёменка заявіў, што прынята рашэнне аб забароне трансляцыі тэлеканалу «Беларусь 24».

Як інфармуе інтэрнэт-старонка Рады, у праграме тэлеканалу «Правы чалавека – погляд на свет» беларускага журналіста Яўгена Новікава ёсць «элементы антыўкраінскай прапаганды і фальшывая інфармацыі наконт сітуацыі ў краіне».

МЯ, belsat.eu, паводле interfax.by

Стужка навінаў