Беларускі прафсаюзны лідар: «У гэтай краіне людзей намагаюцца зрабіць паслухмяным статкам»


[vc_row][vc_column][vc_video link=”https://www.youtube.com/watch?v=pzus00FrRkE”][vc_column_text]

Спыніць ціск на працаўнікоў і падтрымаць Міколу Шараха. Бюлетэнь з гэткімі заклікамі раздавалі сёння ў Полацку каля прахадной прадпрыемства «Шкловалакно» актывісты Свабоднага прафсаюзу Беларускага.

Адміністрацыя «Шкловалакна» намагаецца звольніць намесніка старшыні «пярвічкі» СПБ, не зважаючы на тое, што ён зʼяўляецца адным з найбольш кваліфікаваных працаўнікоў прадпрыемства і за апошні год не меў аніводнага дысцыплінарнага спагнання.

МІКОЛА ШАРАХ, ПРАЦАЎНІК «ШКЛОВАЛАКНА», СВАБОДНЫ ПРАФСАЮЗ БЕЛАРУСКІ:
«Згодна з заканадаўствам, генеральным пагадненнем, калектыўнай дамовай, чалавеку, якому застаецца менш за тры гады да пенсіі, наймальнік абавязаны працягваць кантракт. Для таго, каб не працягваць са мною кантракт, з 1 сакавіка былі ўведзеныя змены ў калектыўную дамову, дзе гэтае пытанне дысцыплінарных спагнанняў распаўсюджанае на ўсе пяць гадоў».

Пры гэтым, паводле заканадаўства, дысцыплінарнае спагнанне мае сілу толькі цягам года, і, калі не зʼяўляюцца новыя, лічыцца, што працаўнік не мае спагнанняў. Актывісты СПБ адзначаюць, што ціск на іх адбываецца літаральна ўсе дзесяць гадоў існавання «пярвічкі на прадпрыемстве. Тры гады таму падобным чынам быў звольнены і яе старшыня Віктар Стукаў.

ВІКТАР СТУКАЎ, СВАБОДНЫ ПРАФСАЮЗ БЕЛАРУСКІ:
«Зараз гэта называецца не «звальненне», а папросту «непадпісанне кантракту». Яны вось гэтым і выхваляюцца: маўляў, мы анікога не звальняем – папросту кантракт скончыўся!»

Дарэчы, увесь наклад інфармацыйнага бюлетэня працаўнікі «Шкловалакна» разабралі літаральна ўмомант. Яно і не дзіва: усе працуюць па кантрактах, а таму не працягнуць дамову сёння-заўтра могуць ці не з кожным.

ЮРЫЙ ШЧАРБАКОЎ, СВАБОДНЫ ПРАФСАЮЗ БЕЛАРУСКІ:
«Звальненне аднаго з лідараў – гэта не прыватнае рашэнне адміністрацыі прадпрыемства. Гэта агульнае татальнае намаганне не дапусціць развіцця грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. У гэтай краіне намагаюцца людзей зрабіць паслухмяным статкам».

Зрэшты, гаварыць пра апошнюю кропку ў справе Міколы Шараха прынамсі заўчасна: дагэтуль у справе актывіста не выказаўся гендырэктар прадпрыемства, якому СПБ накіраваў адпаведны ліст. Апошні ж працоўны дзень Мікола Шарах мае 29 красавіка. За дзень да гэтага ў цэнтры Полацку актывісты СПБ плануюць зладзіць яшчэ адзін пікет, каб паінфармаваць пра беззаконне на прадпрыемстве ўсіх жыхароў гораду. А таксама сабраць подпісы пад зваротам да кіраўніка краіны.

ВР, «Белсат»

Стужка навінаў