Беларусь спадзяецца прадаць трактары найбяднейшай краіне Афрыкі


Дэлегацыя Гвінеі наведала Менскі трактарны завод. «Яны былі здзіўленыя ўзроўнем развяцця прамысловасці Беларусі», – заявіў міністр замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей.

Сёння кіраўнікі МЗС Гвінеі і Беларусі падпісалі пагадненне пра рэгулярныя дыпламатычныя кансультацыі – першы дакумент у гісторыі двухбаковых дачыненняў нашых краінаў.

«Ведаеце, напэўна некаторыя «эксперты» ад палітыкі і эканомікі будуць ёрнічаць: маўляў, знайшлі з кім супрацоўнічаць. Гвінея – адна з самых найбяднейшых краінаў у Афрыцы і там няма ніякіх рэальных перспектываў… Я так абсалютна не думаю. Чамусці Аўстраліся, Кітай, Францыя, ЗША, ААЭ вельмі актыўна супрацоўнічаюць з гэтай краінаю», – зазначыў Уладзімір Макей.

Большасць насельніцтва Гвінеі – каля 76 % занятае ў сельскай гаспадарцы. У краіне маецца каля 6 млн гектараў сельскагаспадарчых земляў, з іх апрацоўваецца толькі 10 %. Паводле Макея, Гвінея мае вострую патрэбу ў сельскагаспадарчай тэхніцы.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў