Арышты ў Турцыі працягваюцца. Прэмʼер заявіў пра больш як 2800 затрыманых за мяцеж


У Турцыі затрымалі больш за 2800 чалавек за датычнасць да спробы дзяржаўнага перавароту ў краіне, заявіў турэцкі прэмʼер-міністр Біналі Йылдырым.

Сітуацыя знаходзіцца цалкам пад кантролем турэцкіх уладаў, абвясціў турэцкі прэмʼер.

Паводле яго, у выніку мяцяжу быў забіты 161 чалавек, каля 1440 атрымалі раненні. Раней Генштаб паведаміў пра больш як 194 забітых, уключна з мяцежнікамі.

Йылдырым усклаў віну за мяцеж на «паралельныя структуры» ў войску. Гэты тэрмін турэцкія ўлады ўжываюць для абазначэння прыхільнікаў мусульманскага прапаведніка Фетхулы Гюлена.

«Краіна, якая будзе падтрымліваць прапаведніка Гюлена, не будзе сябрам Турцыі, і будзе лічыцца ваяўніцай з Турцыяй», – цытуе прэмʼера агенцтва «Reuters».

Гюлен, які лічыцца галоўным палітычным апанентам прэзідэнта Турцыі Рэджэпа Таіпа Эрдагана, раней зняпраўдзіў сваю датычнасць да спробы перавароту.

Ён жыве ў добраахвотным выгнанні ў ЗША і ўзначальвае мусульманскі рух «Хізмет», а таксама кіруе сеткай адукацыйных установаў ва ўсім свеце.

Калісьці Эрдаган і Гюлен былі паплечнікамі, але затым іхныя шляхі разышліся. У апошнія некалькі гадоў прыхільнікі Гюлена на ягонай радзіме зведваюць пераслед з боку ўладаў.

У ноч на 16 ліпеня група вайскоўцаў намагалася зладзіць пераварот у Турцыі, але іхная спроба аказалася няўдалай.

Відэа: Людзі выйшлі на вуліцы падчас спробы вайсковага перавароту ў Турцыі 

МЯ, паводле bbc.com

Стужка навінаў