Ці «ругаўся» журналіст Ругайн? Суд разбярэцца пазней


Журналіст “Еўрапейскага радыё для Беларусі” Віталь Ругайн, затрыманы за брыдкаслоўе, вызвалены з-пад варты ў зале суда. Ягоную справу накіравалі на дапрацаванне.

Працэс над журналістам пачаўся 26 ліпеня ў судзе Цэнтральнага раёну Менску. Справу разглядала суддзя Таццяна Ткачова. Руйган абвінавачваўся ў дробным хуліганстве.

Суд праходзіў фактычна ў закрытым рэжыме. Падчас разгляду справы былі апытаныя тры сведкі – міліцыянты, якія затрымлівалі Віталя Ругайна. Некалькі разоў у судзе абвяшчаліся перапынкі, падчас якіх суддзя сыходзіла разам з намеснікам начальніка Цэнтральнага РУУС Менску, чые падначаленыя затрымлівалі журналіста і сведчылі супраць яго.

Ругайн быў затрыманы ўвечары 25 ліпеня і абвінавачаны ў дробным хуліганстве – ён нібыта лаяўся матам. Ноч правёў у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў ГУУС Менгарвыканкаму.

Раніцаю 24 ліпеня Ругайн вярнуўся з Вільні ў Беларусь. На чыгуначным памежным пераходзе “Гудагай” яго затрымалі, забралі пашпарт, ноўтбук, аднак пазней усё вярнулі ды адпусцілі.

22 чэрвеня ў Менску быў затрыманы яшчэ адзін карэспандэнт “Еўрарадыё” Павел Свярдлоў. Пасля ягонага затрымання каля офісу “Еўрарадыё” дзяжурыў мікрааўтобус з людзьмі ў цывільным, падобны да таго, на якім невядомыя забіралі Свярдлова. Да вахцёра будынку прыходзілі невядомыя, якія паказвалі фатаграфію Ругайна – аднаго з аўтараў рэпартажу з менскага метро, калі карэспандэнты “Еўрарадыё” прайшлі з вялікаю торбаю па маршруце расстралянага за тэракт Дзмітрыя Канавалава, і на гэта ніхто не звярнуў увагі. Увечары група працаўнікоў “Еўрарадыё” ды іхных калегаў з іншых медыяў выйшла з офісу і перамяшчалася па горадзе ў суправаджэнні цывільных з навушнікамі. Журналісты разышліся без затрыманняў. Ругайн змог на час пакінуць Беларусь.

belsat.eu

Стужка навінаў