«Малады фронт» патрабуе ўвесці мараторый на смяротную кару


Актывісты «Маладога фронту» патрабуюць ад дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі ініцыяваць у парламенце галасаванне наконт увядзення мараторыю на смяротную кару.

Як паведаміў прэс-сакратар арганізацыі Юліян Місюкевіч, адпаведныя звароты поштаю адправілі кожнаму са 110 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў вечарам 3 красавіка. Прадстаўнікі моладзевай арганізацыі хочуць пачуць персанальныя адказы ад народных абраннікаў на гэтае пытанне і абяцаюць не толькі апублікаваць іх, але і данесці інфармацыю да выбарнікаў.

«Беларусь – апошняя краіна кантыненту, дзе дагэтуль існуе практыка вынясення смяротных прысудаў. На нашу думку, сам факт забойства чалавека дзяржаваю даўно не адпавядае паняццю «цывілізаванага грамадства» і супярэчыць хрысціянскім традыцыям нашай краіны», – гаворыцца ў звароце.

«Малады фронт» звяртае ўвагу парламентарыяў на імавернасць судовай памылкі і відавочную немагчымасць выправіць яе ў сітуацыі, калі «прыгаворы выконваюцца ў кароткія тэрміны, без належных і дадатковых праверак, міжнародных экспертызаў». «Нас абурае і тое, што сваякам забітых не паведамляюцца дата смерці і месца пахавання, не выдаюцца целы», – сказана ў звароце.

Яго аўтары не лічаць пераканаўчымі спасылкі чыноўнікаў на рэферэндум 1996 г., падчас якога большасць насельніцтва ўхваліла прымяненне смяротнай кары ў Беларусі.

«Мінула 15 гадоў з часу, калі грамадзяне краіны выказаліся за існаванне смяротнай кары. Магчыма, тады шмат хто звязваў існаванне гэтай меры з хуткаю перамогаю злачыннасці. Цяпер сітуацыя змянілася, змяніліся людзі. Па тэлебачанні кажуць, што і злачыннасць даўно перамаглі. Большая частка актыўных беларусаў, Каталіцкі Касцёл і Праваслаўная Царква сёння выступаюць супраць смяротнай кары. Да таго ж статыстыка сведчыць, што такі від пакарання не спрыяе змяншэнню колькасці цяжкіх злачынстваў», – зазначаецца ў лісце.

«Мы хацелі б пачуць абгрунтаваны адказ: чаму вы гатовыя або не гатовыя ўзняць гэтае пытанне ў Палаце прадстаўнікоў? Вядома, усе адказы будуць апублікаваныя ў інтэрнэце, і мы пастараемся данесці гэтую інфармацыю да вашых выбарнікаў», – паведаміў дэпутатам «Малады фронт».

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары