Лукашэнка: Беларусь гатовая да будаўніцтва другой АЭС


Пра гатоўнасць пабудаваць у Беларусі другую атамную электрастанцыю Аляксандр Лукашэнка заявіў 3 красавіка на сустрэчы ў Менску з генеральным дырэктарам Міжнароднага агенцтва атамнай энергіі (МАГАТЭ) Юкія Амано. “Я цвёрда перакананы, што ядравай энергетыцы – быць, і што гэта – найбольш бяспечная сфера і найбольш бяспечны шлях атрымання таннай энергіі, у якой свет усё больш будзе мець патрэбу”, – заявіў Лукашэнка.

“Калі будзе ваша спрыянне, падтрыманне і адпаведныя ўмовы, мы гатовыя і другую атамную станцыю пабудаваць у Беларусі”, – цытуе Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Паводле Лукашэнкі, свет перажывае асаблівы перыяд у развіцці мірнага атаму пасля вядомых падзеяў у Японіі ды праблемаў з АЭС “Фукусіма”, а таксама ў сувязі з намерам Нямеччыны ды іншых краінаў спыніць ядравыя энергетычныя праекты.

“У гэты асаблівы перыяд мы цвёрда і адназначна заяўляем пра тое, што мы не проста маем намер пабудаваць атамную электрастанцыю, але і пачалі яе будаўніцтва”, – падкрэсліў Лукашэнка.

“Я мяркую, што МАГАТЭ – арганізацыя, вельмі зацікаўленая ў тым, каб падобныя, вядома ж, бяспечныя, праекты ў свеце рэалізоўваліся. Таму мы вельмі спадзяемся, што спадар Амано, як і папярэднія кіраўнікі гэтага агенцтва, акажа нам сур’ёзнае маральнае падтрыманне ў будаўніцтве атамнай электрастанцыі”, – дадаў Лукашэнка.

Адзначыўшы, што Беларусь больш за іншых пацярпела ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, Лукашэнка заявіў: “І тое, што сёння насельніцтва – нам гэта ўдалося зрабіць – падтрымлівае гэты праект, вельмі сімптаматычна”.

Нагадаем, працы ў будаўніцтве першай АЭС маюць пачацца ў Астраўцы (Гарадзенская вобласць) ужо ў красавіку. Пра гэта паведаміў 21 сакавіка ў Менску адзін з кіраўнікоў расейскай кампаніі “Атамбудэкспарт” Валерый Лімарэнка.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары