73-гадовы экс-дырэктар украінскага абароннага заводу атрымаў 6 гадоў калоніі строгага рэжыму


Маскоўскі гарадскі суд прызнаў 73-гадовага пенсіянера з Палтавы (Украіна) вінаватым у парушэнні артыкулу 276 Крымінальнага кодэксу Расеі (шпіянаж). Асуджаны заставаўся пад вартай больш за год, і толькі цяпер акалічнасці яго справы рассакрэцілі.

Юрый Салашэнка поўнасцю прызнаў сваю віну і не збіраецца абскарджваць прысуду, паведамляе rapsinews.ru. Раней паведамлялася, што ўкраінскі пенсіянер, які шмат гадоў адпрацаваў на палтаўскім абарончым заводзе «Знамя», не пагаджаецца з абвінавачваннем.

Паводле следства, Салашэнка спрабаваў вывезці ўва Украіну на «КамАзе» запчасткі да «нейкай расейскай зброі», якія ён збіраўся набыць за $ 6000 праз чыноўніка з Міністэрства абароны, пішуць grani.ru.

«Салашэнка Ю. Д. быў быў затрыманы супрацоўнікамі ФСБ РФ у жніўні 2014 года ў Маскве падчас спробы незаконна набыць сакрэтныя камплектныя дэталі да зенітна-ракетных комплексаў С-300. Ён дзейнічаў ад імя дзяржпрадпрыемства (украінскага – Заўв. belsat.eu) «Завод Генератар» і карпарацыі «Неба Украіны», а запланаваныя да набыцця вырабы прызначаліся для аднаўлення сродкаў супрацьпаветранай абароны Украіны», – гаворыцца ў паведамленні ФСБ.

Працаўнікі ФСБ нібыта запісалі на камеру момант, калі пенсіянер спрабуе набыць камплектныя дэталі да зенітна-ракетнага комплексу С-300, адзначаецца ў сюжэце vesti.ru.

Родныя пенсіянера лічыць такія абвінавачанні абсурднымі. Адвакату Юрыя Салашэнкі ўдалося высветліць, што невядомы пад імем Генадзь Калегаў «здаў» украінца ФСБ, паведамляе poltava.to.

«Гэты «чалавек генерала» неаднаразова спрабаваў заманіць Юрыя ў Расею», – распавядае ў сюжэце «24 канал» сын Юрыя Салашэнкі – Уладзіслаў.

Юрый Салашэнка спрабаваў дамагацца допуску да яго незалежных адвакатаў. Яго хадайніцтвы ФСБ, якая займалася справай, ігнаравала. Незалежныя адвакаты звярнуліся ў Лефортаўскі раённы суд Масквы з адпаведнай скаргай, якую суддзя не прыняў да разгляду.

У траўні 2015 г. з украінцам сустрэлася расейская праваабаронца Зоя Светава, якая пасля візіту адзначыла, што Салашэнка хоча пабачыцца з прадстаўніком украінскага дыпведамства. Пасля чаго следчы С. Мікрукоў даслаў ёй ліст, дзе сцвярджалася, што ўкраінец не хоча ні з кім сустракацца. «Прычына адна: Юрыя Салашэнку трэба даціснуць – ён павінен даць следству неабходныя паказанні і прызнацца ў тым, што шпіёніў на карысць Украіны», – заключыла праваабаронца за некалькі месяцаў да абвяшчэння судовага прысуду.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў