У Маскве -20, а на вуліцах пратэстуюць дзясяткі тысяч (Абноўлена)


У сталіцы Расеі ў суботу праходзіць шэсце «За сумленныя выбары» ад метро «Кастрычніцкая» па вуліцы Бальшая Якіманка да Балотнай плошчы, дзе адбудзецца мітынг. Паралельна на Паклоннай гары пройдзе так званы «антыпамаранчавы» мітынг.

Паводле расейскае службы «Бі-Бі-Сі», МУС рапартуе, што апазіцыя сабрала ўдвая менш людзей, чымся сцвярджае, і ўдвая менш за прыхільнікаў Пуціна.

Масавыя маніфестацыі адбыліся або адбудуцца і ў шмат якіх іншых гарадах Расеі, а таксама за мяжою. Наўпроставую трансляцыю можна глядзець на сайце “Дождь-ТВ”. Сачыць за падзеямі можна і па трансляцыях удзельнікаў.

14:40 Мітынг на Балотнай плошчы скончыўся, прысутныя чакаюць выступу музыкаў.

14:31 Арганізатары мітынгу на Балотнай плошчы заяўляюць пра 120 тыс. удзельнікаў.

13:39 На Балотнай плошчы ўжо каля 30 тыс. чалавек, на падыходзе яшчэ не менш за 50 тыс., заявіў «Інтэрфаксу» адзін з арганізатараў акцыі Уладзімір Рыжкоў. Паліцыя ацэньвала лік удзельнікаў на 23 тыс.

13:21 Новыя звесткі МУС пра колькасць маніфестантаў: на Паклоннай – 87–90 тыс., шэсце па Б. Якіманцы – 23 тыс. Удзельнікі шэсця пішуць у сацыяльных сетках, што афіцыйныя звесткі падаюцца ім моцна заніжанымі.

12:46 Апазіцыйныя акцыі працягваюцца і ў іншых гарадах. У Екацярынбурзе на мітынг сабраліся, паводле МУС, 2 тыс., паводле арганізатараў – 3 тыс. удзельнікаў.

12:43 МУС падае абноўленыя ацэнкі колькасці ўдзельнікаў масавых акцыяў у Маскве: Паклонная гара – 35 тыс., шэсце па Б. Якіманцы – 11 тыс., ЛДПР на Пушкінскай – каля 1 тыс.

12:40 Адну з калонаў ачольвае асабіста Міхаіл Прохараў. Таксама на шэсце прыбыў папулярны апазіцыйны актывіст Аляксей Навальны, паведамляе ў «Тўітэры» карэспандэнт газеты «Ведомости».

12:27 Паліцыя ацэньвае колькасць тых, хто сабраўся ў пачатковым пункце на Б. Якіманцы, на 8 тыс. Гэта прыкладна ўдвая ніжэй за ацэнку арганізатараў і за афіцыйныя звесткі пра колькасць удзельнікаў праўладнага мітынгу на Паклоннай.

12:24 Паводле ацэнак арганізатараў, на Калужскай плошчы сабралася ўжо каля 15 тыс. асобаў. Столькі ж мітынгоўцаў, паводле паліцыі, на Паклоннай. На мітынгу ЛДПР, паводле паліцыі, – каля 500 чалавек.

12:02 Мітынг ЛДПР на Пушкінскай плошчы пачынаецца, перадае тэлеканал «Россия-24».

12:00 Чэргі з патэнцыйных удзельнікаў узніклі перад металадэтэктарамі, усталяванымі на Калужскай плошчы, адкуль адправіцца шэсце. Марш пройдзе па вуліцы Б. Якіманка да Балотнай плошчы на востраве паблізу Крамля. На Балотнай плошчы праходзіў і першы з масавых мітынгаў «За сумленныя выбары» 10 снежня.

11:41 У шмат якіх гарадах на ўсход ад Масквы акцыі «За сумленныя выбары» ўжо адбыліся – ва Уладзівастоку, Магадане, Хабараўску, Новасібірску.

11:34 Акрамя апазіцыйнай акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў у Дзярждуму, у Маскве ў суботу адбудуцца яшчэ дзве масавыя маніфестацыі. На Паклоннай гары на захадзе расейскай сталіцы а 13:00 пачынаецца «антыпамаранчавы» мітынг, зарганізаваны тымі, хто лічыць, што ўзнятая хваля пратэстаў вядзе да ўзрушэнняў, падобных да Памаранчавай рэвалюцыі 2004 года ва Украіне. На 12:00 запланаваны мітынг партыі ЛДПР на Пушкінскай плошчы ў цэнтры гораду.

11:24 На Калужскай плошчы ў Маскве, адкуль стартуе шэсце «За сумленныя выбары», паліцыя ўзмацніла захады бяспекі – там дзяжураць сотні паліцыянтаў, перадаюць агенцтвы. Збор удзельнікаў акцыі пачынаецца а 12:00.
https://youtu.be/alBlRp4g66g
https://youtu.be/_Ghng-JyKtM

Глядзі таксама
Каментары