Павал Усаў у «Гарачым каментары»


Падобна, што вядомы выраз Уладзіміра Пуціна пра расейска-беларускія дачыненні – “Мухі – асобна, катлеты – асобна” – адыходзіць у гісторыю. Сёння ў Маскве кіраўніцтва абедзвюх краінаў падпісала цэлы шэраг пагадненняў, найперш у энергетычнай галіне.

“Белтрансгаз”, яшчэ сёння – напалову беларускі аператар нацыянальнай газатранспартнай сістэмы і прадавец блакітнага паліва на тэрыторыі нашай краіны – цяпер на 100 % расейскі. Наўзамен – газ танейшы за сёлетні на 40 %, рэструктурызацыя запазычанасцяў нашай краіны перад канцэрнам “Газпром” і шчодры крэдыт на будаўніцтва атамнай станцыі пад Астраўцом.

Паводле палітолага, умовы насамрэч неблагія – праўда, для Лукашэнкі, які зможа стабілізаваць сітуацыю ў Беларусі ды выставіць сябе прадбачлівым і разумным правадыром.

“Але разам з гэтым мы маем дачыненне з фактам таго, што Беларусь стаіць на парозе продажу. Хачу падкрэсліць, што Лукашэнка заўсёды гандляваў Беларуссю – або з Расеяй, або з Захадам. Цяпер Расея прапанавала больш сакавіты кавалак, і такім чынам ён яшчэ на некалькі гадоў гарантуе сабе спакойнае існаванне як прэзідэнта краіны. Але ўжо цяпер можна сказаць, што Лукашэнка зрабіўся прэзідэнтам без краіны. Шлях, якім пойдзе Беларусь, будзе залежаць ужо толькі ад тых рашэнняў, што будуць прынятыя ў Маскве”, – зазначыў Павал Усаў.

Страты “Белтрансгазу” летась склалі каля $ 1 млрд. Улічваючы гэты факт і выгады, якія атрымлівае Беларусь у выніку продажу ў прынцыпе стратнага прадпрыемства, магло б падавацца, што Лукашэнкі ўрэшце дамогся добрай угоды.

“Калі б Расею цікавілі толькі прадпрыемствы Беларусі, то насамрэч – нічога дрэннага ў гэтым не было. Аднак нельга забывацца, што Расея палітычна і псіхалагічна – гэта імперыя. Беларусь для яе – частка “вялікага расейскага народу”, і менавіта на гэта арыентаваныя ўсе захады, што робіць Расея. І “Газпром” і “Росатом”, які мае будаваць АЭС у Беларусі, – усё гэта рычагі вонкавага ўплыву, і фактычна Беларусь трапіла ў рукі гэтых карпарацыяў. Лукашэнка добра разумее, што стаўся закладнікам гэтых дамоваў, але яму ўжо няма чаго губляць: або ён прадасць незалежнасць, або крызіс прывядзе да таго, што яму адарвуць галаву самі беларусы”, – мяркуе палітолаг.

Паводле спадара Усава, адзіным выйсцем для Беларусі цяпер застаецца рэвалюцыя. Краіне будзе вельмі цяжка выйсці з гэтых дамоваў, не кажучы ўжо пра вялікую імавернасць увядзення расейскага рубля як адзінай валюты і размяшчэння ракетных комплексаў “Іскандэр” – як адказ на паступовую рэалізацыю сістэмы супрацьракетнай абароны НАТО ў Еўропе.

“Толькі змена гэтага не толькі антынароднага – а, як мы бачым, антынацыянальнага рэжыму – можа спыніць гэткія працэсы”, – упэўнены Павал Усаў.

belsat.eu
https://youtu.be/z-dzHwEFd_o

Глядзі таксама
Каментары