Хакейны матч скончыўся калатнечаю


На апошняй хвіліне матчу Кантынентальнай хакейнай лігі з “Віцязем” менскае “Дынама” закінула шайбу, пасля чаго распачалася бойка на лёдзе, а трэнер “Віцязя” тым часам атакаваў гледачоў.

Увечары 6 лістапада ў Менску адбыўся чарговы матч чэмпіянату КХЛ паміж менскім “Дынама” і чэхаўскім “Віцязем”. Менчукі вырвалі перамогу на апошняй хвіліне двубою – 3:2 (1:1, 0:1, 2:0).

Пасля забітай пераможнай шайбы ў гасцей здалі нервы – абаронца “Віцязя” Аляксандр Сазонаў нанёс нападніку гаспадароў Тээму Лайнэ ўдар у твар, пасля чаго перакуліў яго на лёд і працягваў наносіць удары. За 15 секунд да фінальнага свістка сустрэча была спыненая – абураныя заўзятары пачалі кідаць на лёд “Менск-Арэны” пластыкавыя пляшкі. За сем секундаў да сірэны гулец “Віцязя” Крыстафэр Брэнан кінуўся на дынамаўскага абаронцу Уладзіміра Дзянісава і Збынека Іргла, на лёд зноў паляцелі бутэлькі. Страціў вытрымку і трэнер “Віцязя” Андрэй Назараў – ды пачаў клюшкаю біць заўзятараў. Рэакцыя міліцыі была відавочна запозненая.

На пасляматчавай прэс-канферэнцыі асістэнт галоўнага трэнера хакейнага клубу “Віцязь” Ігар Калянін адзначыў: “Добрая, роўная гульня. Крыўдна, што не датрывалі, што захліснулі эмоцыі”.

7 лістапада ў офісе КХЛ пройдзе паседжанне спартова-дысцыплінарнага камітэту, на якім прааналізуюць усе акалічнасці таго, што здарылася ў “Менск-Арэне”, а таксама будзе дадзеная ацэнка паводзінам хакеістаў, трэнераў, заўзятараў, дзеянням службаў бяспекі спарткомплексу і судзейству матчу.

belsat.eu
https://youtu.be/KlnxTmCRGXI

Глядзі таксама
Каментары