Уладзімір Падгол і Сяргей Балыкін у «Гарачым каментары»


https://youtu.be/Fwe8ui9sbuQ
“Лукашэнка набліжаецца да палітычнай смерці”, – мяркуюць эксперты. Рэйтынгі падаюць, праблемы з курсам рубля не вырашаюцца – і Лукашэнка склікае пільную канферэнцыю для расейскіх журналістаў. Ці нечым ён здзівіў на ёй?

Чатыры гадзіны кіраўнік Беларусі пераконваў дзевяноста расейскіх журналістаў, што крызісу ў краіне няма, а яго падтрымлівае бальшыня насельніцтва. Апроч таго, не шкадаваў кампліментаў на адрас Уладзіміра Пуціна, ганіў Захад і так званую “пятую калону” ў Беларусі. Але ці быў прадэманстраваны план выпраўлення крызіснай сітуацыі не толькі ў эканоміцы, але і ў даверы да ўладаў з боку насельніцтва?

Паводле палітолага Уладзіміра Падгола, сённяшняя канферэнцыя адрозніваецца ад папярэдніх: “Сёння я бачыў катастрофу дыктатара, маральную катастрофу, паліталагічную. Чалавек набліжаецца да палітычнай смерці. І ўсе ягоныя словы, жэсты, міміка сведчылі пра тое”. Ён нагадвае цытату пра тое, што народ мусіць хапацца за Лукашэнку, як тапелец за саломінку. Паколькі кіраўнік краіны атаясамлівае сябе з народам, гэта сведчыць, што тапельцам ёсць ён сам, гаворыць эксперт: “Ён хапаецца за народ, каб выклікаць шкадаванне да сябе. Такога яшчэ не было”.

Уладзімір Падгол мяркуе, што прэс-канферэнцыяй Лукашэнку не ўдалося падняць свайго рэйтынгу, які паводле Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў, упаў да 20 %. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы зноў абвінаваціў у крызісе народ, які “пабег па цукар і воцат”.

Эканаміст Сяргей Балыкін падкрэслівае, што ў крызісе вінаваты сам Лукашэнка, бо ён штучна кіруе эканомікаю. Падвышаючы заробкі, ён сам стварыў павышаны попыт на валюту і тавары. “Дакладна можна сказаць адно: далей будзе яшчэ горш”, – канстатаваў эксперт, маючы на ўвазе дэвальвацыю і дэфіцыт валюты.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары