Вольга Бандарэнка: буду наймаць Змітру масажыста за свае грошы


Зміцер Бандарэнка цяпер перабывае ў каранціне медсанчасткі магілёўскай калоніі. Аднак усіх працэдураў, неабходных вязню для рэабілітацыі, яму не прапаноўваюць.

“Дзіма напісаў, што робяць уколы, даюць таблеткі. А з фізіятэрапеўтычных працэдураў ставілі толькі нейкі магніт, і больш нічога”, – распавяла “Белсату” Вольга Бандарэнка. Днямі жанчына атрымала два лісты з Магілёўскай калоніі, куды Змітра этапавалі 31 жніўня з турэмнай больніцы.

Палітвязень паведаміў жонцы, што “збірацца ў дарогу” давялося вельмі хутка: у сераду а 10-й ранку паведамілі пра этапаванне, а праз 10 хвілінаў ужо павезлі. “Этапавалі, дзякуй Богу, лежачы, перад гэтым зрабілі абязбольвальны ўкол. Аднак усё адно растрэслі, і спіна цяпер дае пра сябе ведаць. Але, як піша Дзіма, усё прайшло лепей, чым ён чакаў”, – гаворыць Вольга Бандарэнка.

Яна вельмі хвалюецца, што Дзмітрый не атрымлівае неабходнай рэабілітацыі: “Мне тут паведамілі, што я за свае грошы магу падпісаць дамову з масажыстам, і яго будуць пускаць у калонію. Калі гэтая інфармацыя спраўдзіцца, абавязкова гэтак і зраблю”, – зазначае спадарыня Вольга. Яе крыху суцяшае той факт, што адбываць каранцін Змітра накіравалі ў медсанчастку. Там у яго ёсць магчымасць прылегчы, у звычайных умовах такога няма, гаворыць Вольга Бандарэнка.

Што тычыцца ўмоўна-датэрміновага вызвалення (Дзмітрый Бандарэнка ўжо адбыў траціну вызначанага яму тэрміну пакарання), то, як сказалі вязню прадстаўнікі адміністрацыі калоніі, ім трэба спачатку вызначыцца, ці варты ён гэтага.

Дзмітрыя Бандарэнку, давераную асобу экс-кандыдата на прэзідэнцтва Андрэя Саннікава, арыштавалі пасля мітынгу 19 снежня і змясцілі ў СІЗА КДБ. Там у вязня абвастрыліся хранічныя хваробы. У красавіку суд прызнаў яго вінаватым у “арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і актыўным удзеле ў іх” ды прысудзіў да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Пакаранне Зміцер Бандарэнка адбывае ў Магілёўскай калоніі. Пісаць яму можна на адрас: 213105, г. Магілёў, Слаўгарадская шаша, п/а Вейна, ПК № 15.

belsat.eu

Стужка навінаў