Суму пазову да ўдзельнікаў пратэсту ў Брузгах зменшылі


https://youtu.be/SfZVNTqalhU
https://youtu.be/u9MJ1Bpz6ZE
https://youtu.be/ZejOaphrIBk
Памер прэтэнзіяў прадстаўнікоў абласной міліцыі зменшыўся з 11 да амаль 6 млн руб. Гэта ўжо трэцяя змена на працягу судовага разбіральніцтва.

Адзін з адказчыкаў, Валерый Аблажэвіч, выйшаў з залы суда на знак пратэсту супраць рашэнняў суддзі: “Я напісаў хадайніцтва, каб мне дазволілі азнаёміцца з матэрыяламі справы. Аднак мне ў ім адмовілі, бо я прасіў дзень або некалькі – гэта ж 495 старонак. Суддзя сказала, што ў мяне ёсць адна-дзве гадзіны. Я пачаў знаёміцца з справаю, рабіць выпіскі: лічыў літры паліва, гадзіны працы міліцыянтаў, а за маёю спінаю стаяла сакратар, якая глядзела, што я пішу”. Калі ж Валерый заўважыў нязгоднасць у дакументах, сакратар папросту забрала ў яго справу, назваўшы заробкі міліцыянтаў таямніцаю.

Паводле адказчыкаў, на іх аказваецца ціск з боку міліцыі ды падатковых службаў. “Запатрабавалі дэкларацыю аб падатках за дзесяць гадоў. Позвы атрымліваюць таксама мае сваякі. Мне зноўку прыйдзецца збіраць усе гэтыя дакументы, што ім ужо падаваў, аб куплі і продажы аўтамабіля. Начальнік падатковай мне намякнуў, з якой нагоды адбываецца праверка, але потым размовы на гэтую тэму спыніў”, – апавядае адказчык Ігар Мулярчык.

На пачатку судовага разбіральніцтва УУС Гарадзенскага аблвыканкаму выставіла ўдзельнікам пратэстаў у Брузгах пазоў на суму каля 6,5 млн руб., на наступным паседжанні сума вырасла да амаль 11 млн, сёння памер прэтэнзіяў міліцыянтаў паменшыўся.

12 чэрвеня на памежным пераходзе “Брузгі” ў Гарадзенскай вобласці некалькі соцень чалавек перакрылі дарогу, абураныя тым, што беларускія мытнікі не выпускалі за мяжу тых, хто намагаўся праехаць другі дзень запар. Мытнікі аргументавалі свае дзеянні рашэннем ураду абмежаваць і забараніць вываз з Беларусі шэрагу тавараў. У разгоне акцыі задзейнічалі спецназ. 22 чалавекі былі затрыманыя і аштрафаваныя.

Паводле юрыста руху “За свабоду” Андрэя Сушка, такі ўказ супярэчыць Канстытуцыі, якая гарантуе грамадзянам Беларусі права на свабоднае перамяшчэнне. “Нашым меркаваннем зацікавіўся Канстытуцыйны суд. Нельга, вядома, пакуль казаць пра супрацу руху “За свабоду” і Канстытуцыйнага суда, але мы будзем надалей разглядаць гэтую праблему”, – кажа спадар Сушко.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары