Вячаслаў Дзіянаў: Мы рыхтуемся да вечара


Першы этап акцыі “маўклівых” 3 ліпеня не ўдаўся з аб’ектыўных прычынаў, заяўляе адзін з ініцыятараў “Рэвалюцыі праз сацыяльную сетку”. Наступныя пройдуць а 19-й і 23-й гадзіне.

Увечары ў пятніцу, 1 ліпеня група “Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку” распаўсюдзіла стратэгію дзенянняў на 3 ліпеня. Паводле задумы арганізатараў, першы этап акцыі маўклівага пратэсту ў афіцыйны Дзень Незалежнасці меўся адбыцца падчас параду – “маўклівыя” мусілі падыйсці як мага бліжэй да трыбуны аляксандра Лукашэнкі і запляскаць ягоны выступ.

Аднак рэалізаваць гэты план не ўдалося. Апладаваць кіраўніку Беларусі пабаяліся нават пасля ягонага выступу афіцыйна запрошаныя на парад удзельнікі. Перад прамоваю Лукашэнкі затрымалі як мінімум траіх маладзёнаў, якія спрабавалі пляскаць у далоні.

Адзін з ініцыятараў “Рэвалюцыі праз сацыяльную сетку” Вячаслаў Дзіянаў звярнуў увагу на тое, што ўдзельнікам акцыі было цяжка згруртавацца. “Натоўп быў вельмі неаднародны: на парад нагналі курсантаў, сябраў БРСМ. Мы рыхтуемся да вечара”, – распавёў ён і заўважыў, што заяўлены 1 ліпеня план дзеянняў застаецца ў сіле, усе астатніі трэба разглядаць як правакацыю.

Другі этап

А 19.00 – збор на прывакзальнай плошчы ў Менску.

Трэці этап

А 23.00 удзельнікі маўклівых пратэстаў збіраюцца побач з абеліскам “Менск – горад-герой” (стэла). Акцыя распачынаецца пасля салюту.

Міліцыя ўжо пачала працу ва ўзмоцненым рэжыме. У цэнтры сталіцы на кожным скрыжаванні дзяжурыць міліцыянт. Напярэдадні намеснік старшыні ГУУС Менгарвыканкаму Ігар Яўсееў заявіў, што пляскаць у ладкі 3 ліпеня можна будзе толькі ветэранам. “Мы ўмеем адрозніць удзельнікаў несанкцыянаваных акцыяў ад звычайных мінакоў. Таму правапарушальнікаў будуць арыштоўваць адразу”, – папярэдзіў ён.

Арганізатары акцыі, у сваю чаргу, просяць грамадзянаў паводзіцца карэктна. І на выпадак, калі ўлады адключаць доступ да сацыяльных сетак ды інтэрнэту, прапаноўваюць сабрацца на гулянні на прывакзальнай плошчы ў Менску, а для людзей з рэгіёнаў – на галоўнай плошчы свайго гораду.

belsat.eu

Стужка навінаў