Пасля рэвалюцыі: 240 затрыманых


Паводле звестак праваабаронцаў, падчас акцыі “Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку”, што адбылася 15 чэрвеня ў розных гарадах Беларусі, затрымалі больш як 240 чалавек.

У прыватнасці, у Менску схапілі 18 чалавек, у Берасці – 11, у Віцебску – 20, у Горадні – 22, у Гомлі – пяць. Затрыманні былі таксама ў Барысаве (27 чалавек), Баранавічах (трое), па два чалавекі затрымалі ў Жодзіне і Маладзечне, 19 чалавек – у Салігорску, 6 – у Слуцку.

Як паведаміў праваабаронца Валянцін Стэфановіч, названая колькасць затрыманых цяпер удакладняецца, і, магчыма, яна пабольшае, бо з некаторых гарадоў дакладных звестак пакуль няма. Напрыклад, у Горадні 22 чалавекі былі дастаўленыя толькі ў Цэнтральны РУУС. “А ў цэлым, паводле нашай інфармацыі, там былі затрыманыя ад 25 да 35 чалавек”, – сказаў Стэфановіч.

Праваабаронцы таксама спрабуюць высветліць, у чым менавіта вінавацяць людзей і ці будуць іх судзіць.У некаторых гарадах затрыманых адпусцілі праз некалькі гадзінаў без складання пратаколаў.

Удзельнікамі акцыі маўклівай салідарнасці “Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку” ўвечары 15 чэрвеня сталі тысячы людзей у розных гарадах Беларусі. Самаю шматлікаю стала акцыя ў цэнтры Менску. Паводле ацэнак назіральнікаў, да яе далучыліся некалькі тысячаў чалавек, аднак ГУУС Менгарвыканкаму паведамляе пра 500 удзельнікаў.

Гэта ўжо другая акцыя, ініцыяваная групаю актывістаў сацыяльных сетак “ВКонтакте” і Facebook. Першая адбылася 8 чэрвеня. Учорашняя акцыя была значна больш шматлікаю, нягледзячы на папярэджанне Генпракуратуры і Міністэрства ўнутраных справаў.

14 чэрвеня Генеральная пракуратура заклікала грамадзянаў “не паддавацца на правакацыйныя заклікі і ўстрымацца ад удзелу ў незаконных акцыях”, папярэдзіўшы пра магчымую адказнасць.

З папярэджаннем таксама выступіла МУС. За некалькі гадзінаў да акцыі выканаўца абавязкаў начальніка ўпраўлення інфармацыі ды грамадскіх сувязяў МУС Канстанцін Шалькевіч правёў брыфінг, на якім заявіў: падчас несанкцыянаваных акцыяў, што ладзяцца праз сацыяльныя сеткі, магчымыя правакацыі з ужываннем спецсродкаў – выбуховых пакетаў, петардаў і нават агнястрэльнай зброі.

Ён таксама паведаміў, што праваахоўныя структуры вызначаюць ініцыятараў акцыі ды тых, хто размяшчае заклікі да яе ў інтэрнэце.

belsat.eu

Стужка навінаў