Пад Таганрогам упаў невядомы дрон, здарыўся пажар


Пад расейскім Таганрогам увечары 30 ліпеня ўпаў беспілотны лятальны апарат, які выклікаў пажар. Паходжанне дрона высвятляецца. Аб гэтым паведаміў у сваім тэлеграм-канале губернатар Растоўскай вобласці Васіль Голубеў.

Рэшткі невядомага БПЛА. Хутар Дараганаўка Няклінаўскага раёна Растоўскай вобласці Расеі, 30 ліпеня 2023 года.
Фота: Василий Даниленко / Telegram

Першымі пра здарэнне паведамілі мясцовыя тэлеграм-каналы, паводле звестак з якіх, у нядзелю, 30 ліпеня, пад Таганрогам невядомы беспілотны лятальны апарат упаў на зямлю на хутары Дараганаўка, на месцы падзення пачаўся пажар. Пасля падзення дрона ў мясцовых жыхароў знікла святло. Паведамляецца, што пажару папярэднічаў выбух.

Кіраўнік адмінстрацыі Няклінаўскага раёна Васіль Даніленка апублікаваў фатаграфіі, на якіх адлюстраваны наступствы падзення дрона. На іх бачны знішчаны аўтамабіль, а таксама зламаны плот і пашкоджаны дах домаўладанняў.

Рэшткі невядомага БПЛА. Хутар Дараганаўка Няклінаўскага раёна Растоўскай вобласці Расеі, 30 ліпеня 2023 года.
Фота: Василий Даниленко / Telegram

У сваю чаргу, губернатар Растоўскай вобласці Васіль Голубеў вечарам пасля інцыдэнту паведаміў, што беспілотны лятальны апарат упаў на хутары Дараганаўка Няклінаўскага раёна.

«У выніку пашкоджаны дах прыватнага домаўладання і аўтамабіль. Брыгада хуткай меддапамогі выехала на месца, але пацярпелых пакуль не зафіксавана. Прыналежнасць БПЛА ўстанаўліваецца», – напісаў ён.

Тым часам расейскі праваенны тэлеграм-канал «Военный Осведомитель» піша, што ўпасці мог расейскі разведвальна-ўдарны беспілотнік «Фарпост-РУ» або «Арыён».

«Адзначым, што гэты населены пункт знаходзіцца амаль ушчыльную да авіябазы Таганрог, з чаго можна дапусціць падзенне БПЛА ВКС Расеі з прычыны тэхнічнай няспраўнасці», – паведамляе тэлеграм-канал.

На відэа з канала бачна тушэнне пажару на месцы здарэння:

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў