Адмовіцца ад карты паляка прымусяць пад пагрозаю звальнення?


Хутка беларусам давядзецца абіраць: ці працаваць на дзяржаўных пасадах, ці мець карту паляка. У краіне распрацоўваюць законапраект “Аб забеспячэнні абароны нацыянальных інтарэсаў Рэспублікі Беларусь”.

Згодна з ім, грамадзяне Беларусі не змогуць карыстацца ільготамі, што даюць ім замежныя дзяржавы ў сувязі з нацыянальнымі, рэлігійнымі ці палітычнымі поглядамі. Бо гэтыя ільготы, на меркаванне чыноўнікаў, могуць “негатыўна паўплываць на інтарэсы краіны”.

Напрыклад, карта паляка “абцяжарвае беларуса, што атрымаў яе, забавязальніцтвам улічваць інтарэсы Польшчы ў сваёй дзейнасці”, гавораць у Міністэрстве юстыцыі, таму “ў выпадку, калі грамадзянін Беларусі – дзяржаўны службовец, які атрымаў карту паляка альбо аналагічны дакумент ад іншай замежнай краіны, не верне яго органам той краіны, гэта паслужыць падставай аб спыненні з ім працоўных пагадненняў”.

“Мы ўсё бліжэй да Паўночнай Карэі. Калі прымуць гэты законапраект, гэта дасць нам падставы казаць, што ў Беларусі дыктатура ў поўным сэнсе гэтага слова. Відаць, Андрэй Пачобут меў рацыю, калі пісаў пра тое, што ў нас дыктатура”, – іранізуе Ігар Банцар, журналіст, прадстаўнік непрызнаванага ўладамі Саюзу палякаў.

Палітолаг Аляксандр Класкоўскі гаворыць, што, несумненна, трэба глядзець дакумент, бо д’ябал, як вядома, хаваецца ў дэталях. Разам з тым ён зазначае, што трактаваць панятак “нацыянальныя інтарэсы” на строгай юрыдычнай мове немагчыма: “Таму выглядае на тое, што ў законе на першым плане ідэалагічны складнік, а не нацыянальная бяспека”.

На меркаванне палітолага, закон можа выкарыстоўвацца як рэпрэсіўны інструмент супраць актыўных элементаў грамадства, нацыянальных дыяспараў, дзейнасць якіх не падабаецца ўладам.

belsat.eu

Стужка навінаў