news
Фотарэпартаж

Шукаць, знаходзіць ды знішчаць. Аператар дрона ЗСУ пра службу пад Бахмутам

«Мы палюем на пілотаў праціўніка, яны – на нашых».
30.09.202314:50

Жорсткія баі ў раёне Бахмуту не спыняюцца ўжо некалькі месяцаў – з пачатку ўкраінскага контрнаступу гэты кірунак стаў адным з асноўных для ЗСУ. У небе над разбураным горадам раз-пораз пралятаюць беспілотнікі: іх запускаюць як расейцы, так і ўкраінцы. Фатограф Іван Гардзееў зняў працу аператараў дронаў на пазіцыях ЗСУ побач з Бахмутам і пагутарыў з адным з іх. Радавы з пазыўным Стыў распавёў пра сваю службу і пра тое, як беспілотнікі змянілі фармат баявых дзеянняў.

Аэравыведнікі праводзяць перадпалётныя выпрабаванні дрона.
Фота: Іван Гардзееў / Белсат

«Мы лётаем на беспілотніку з фіксаваным крылом. Лётаем увесь час: шукаем цэлі, выглядаем у пасадках нешта цікавае для нас», – кажа Стыў.

Падчас штурму працуюць пераважна квадракоптары, група аэравыведкі лётае да пачатку баявых дзеянняў. Іх задача – даляцець як мага далей і агледзець агнявыя пазіцыі, з якіх праціўнік можа нанесці ўдар па наступальных штурмавых групах.

«Часта, калі штурмавая група «ідзе», яе засыпае артылерыя [праціўніка. – Рэд.], што размяшчаецца звычайна далей, чым пазіцыя актыўных баявых дзеянняў. Таму наша задача – выявіць як мага болей такіх артылерыйскіх пунктаў праціўніка, – тлумачыць прынцып выведкі Стыў. – Іншая група [аэравыведнікаў. – Рэд.] у гэты час можа быць занятая атрыманнем пацверджання пунктаў для нанясення ўдару: мы выкарыстоўваем два пацверджанні ад розных крыніцаў».

Паводле яго, групы аэравыведкі часта працуюць без інфармацыі адна пра адну. І калі цэлі перасякаюцца, ёсць разуменне, што ў вызначаным месцы стаіць гармата, далучаецца артылерыйская брыгада, выбіраецца экіпаж, які можа нанесці ўдар.

Вайсковец з пазыўным Рой абмяркоўвае працу з іншымі аэравыведнікамі.
Фота: Іван Гардзееў / Белсат

«Птушка», якую выкарыстоўваюць пад Бахмутам, дазваляе весці стрым. Шараговец кажа, што гэта дапамагае артылерыстам адразу вызначыць, патрапілі ці патрэбнае дадатковае карэктаванне. Ды толькі пасля гэтага адбываецца знішчэнне цэлі.

«Пераважна працуем па цэлях, знікненне якіх наносіць штурмавым групам праціўніка максімальныя страты. Часцяком гэта цяжкая бранятэхніка. Намагаемся яшчэ да выхаду штурмавой групы прыбраць гэтыя цэлі з поля і пазбегчы артылерыйскага абстрэлу па сваіх пазіцыях, – распавядае Стыў ды дадае, што мінамёты праціўніка таксама ўваходзяць у спіс цэляў. – Яны [расейскія вайскоўцы] перасталі быць дурнямі, якія наступаюць у адкрытую. Цяпер усё стала больш прыхаваным. Нядаўна мы гармату шукалі, прыйшлося пяць разоў круціцца, каб пацвердзіць: так, гэта дакладна гармата. Праца вельмі карпатлівая: трэба быць упэўненым, што абраны пункт – гэта не псеўдацэль».

Стыў і Рой рыхтуюцца запусціць дрон.
Фота: Іван Гардзееў / Белсат

Стыў сцвярджае, што аэравыведнікі часта не ведаюць, дзе і якія штурмы адбываюцца. Іх асноўная баявая задача – штодзень шукаць, знаходзіць ды знішчаць цэлі праціўніка без прывязкі да штурмаў: «Далёкасць палёту нашых «птушак» – 35 км. Ад нашых пазіцыяў да Клішчыеўкі – 20 км і яшчэ 15 км за Клішчыеўкай. Гэта значыць, лётаем там, дзе можа стаяць варожая артылерыя».

На ўзбраенні ЗСУ ёсць яшчэ «Мавікі» [невялікія кітайскія дроны. – Рэд.]. Яны лётаюць на вышыні каля 200 м, часам ніжэй, каб мець лепшы агляд. Шараговец распавядае, што рэкорд вышыні палёту такога дрона яны ўсталявалі падчас зімовай кампаніі.

«Каб зазірнуць у трубу пад чыгункай, «Мавік» апусціўся да 60 метраў над зямлёй. Мы нават бачылі, як ваеннапалонныя з іншага боку паказвалі пальцам на дрон. Зараз лётаем на іншых «птушачках»: яны працуюць на вышыні каля кіламетра і абсталяваны камерамі з добрым зумам», – працягвае Стыў.

Украінскі дрон у паветры.
Фота: Іван Гардзееў / Белсат

Вайсковец падкрэслівае: іх праца вельмі карпатлівая. А яшчэ даводзіцца часта перажываць за тэхніку: абсталяванне дарагое, страціць яго на полі бою ніхто не жадае.

«Часта дрон бывае за 30 км ад нашага пункту, часам мы не зусім выразна разумеем, якая сапраўдная абстаноўка ў тым месцы. А калі знікае відэасігнал, зразумець, што здарылася, амаль немагчыма. Таму аэравыведнікі ўвесь час сочаць за экранам і кантралююць усе паказальнікі. А калі пачынаецца абстрэл, мы разварочваемся і ляцім: агонь на сябе спецыяльна ніхто не выклікае, каб паглядзець, адкуль страляюць», – кажа Стыў.

Нізкая воблачнасць – адна з падставаў, каб дрон не паляцеў. Пры воблачнасці ніжэйшай за 900 м «птушку» можна візуальна распазнаць і нават пачуць. У дажджлівае надвор’е дроны таксама застаюцца на зямлі.

Пасля запуску каманда кантралюе палёт і аналізуе відэа з камеры беспілотніка.
Фота: Іван Гардзееў/ Белсат

«Мы палюем за пілотамі праціўніка, яны — за нашымі. А калі знаходзяць нас, то мы робімся іхным прыярытэтам, бо менавіта мы карэктуем агонь, – тлумачыць Стыў. – На працягу дня мы знаходзім па некалькі адзінак тэхнікі і фіксуем змяненне становішча, змяненне размяшчэння ўмацаванняў. Яны [расейцы] актыўна будуюцца, узводзяць супрацьтанкавыя ўмацаванні, сцягваюць войскі. Бахмут цяпер мёртвы горад, там нічога не відаць, проста труп гораду. Яны паразумнелі і калонамі з дзясяткаў машынаў ужо не ходзяць. На жаль».

Шараговец кажа, што ў Бахмуце нічога не адбываецца: «Гэта дзіўна выглядае. Пераможца, захапіўшы населены пункт, павінен неяк ім карыстацца, але больш падобна на тое, што яны там хаваюцца. Калі ў горадзе пачне з’яўляцца тэхніка або людзі, то іх будзе лёгка заўважыць і знішчыць. Таму Бахмут стаіць пусты».

Галоўныя складанасці ў працы, паводле Стыва, – адсутнасць сну і варожыя сродкі радыёэлектроннай барацьбы. Даводзіцца працаваць штодзень па 12 гадзінаў без выходных. Часта так праходзіць тыдзень за тыднем: «У пачатку вайны мы лёталі на квадракоптарах: нас выклікалі на перадавую разам з «птушачкай», запускалі яе з акопаў. Дыстанцыя да праціўніка часам была некалькі сотняў метраў. Кідалі гранаты, спецыяльна пераробленыя, проста на праціўніка. У адказ па нас стралялі вельмі шмат. Дронаў у расейцаў тады было больш, яны іх не шкадавалі, часам запускалі ў адзін канец».

Стыў кажа, што галоўны недахоп такога квадрокоптара — маленькі рэсурс батарэі, што ўплывае на працягласць палёту. Узімку батарэя сядае хутка, палёт доўжыцца 20–25 хвілінаў, радыус палёту – 3–4 км.

«Каб захаваць дроны, мы лётаем вельмі асцярожна – як вожыкі сексам займаюцца, – смяецца шараговец. – Мы не можам сабе дазволіць страціць дрон і намагаемся зрабіць усё, каб гэтага не адбылося. Сродкі нашай радыёэлектроннай барацьбы з пачатку контрнаступу сталі больш прафесійнымі. Мы сталі лётаць вышэй і далей: калі мы зімой скідалі гранаты, то цяпер ужо шукаем цяжкую артылерыю. Праўда, страляць па нас сталі больш сурʼёзнай зброяй – «Ланцэтамі», «Ураганамі», працуе і цяжкая артылерыя. Таму мы часта мяняем пазіцыі, намагаемся не лётаць з аднога пункту».

Шараговец Стыў.
Фота: Іван Гардзееў/ Белсат

Шараговец тлумачыць, што на гэтым этапе ваенныя дзеянні перайшлі да праціскання абароны невялікімі групамі.

«Ні ў аднаго, ні ў другога боку не атрымаецца назапасіць вялікую колькасць войскаў, як у Другой сусветнай, і праламаць абарону. Цяпер так званы туман вайны вельмі моцна рассеяўся: мы бачым, што адбываецца ў праціўніка, яны бачаць нас. Адпаведна, трэба весці баявыя дзеянні, ведаючы, што праціўнік бачыць усе нашы перамяшчэнні», – кажа Стыў.

Аналітыка
Вайна Украіны і Расеі ўсё ж будзе зацяжной? Ці можна гэтага пазбегчы? Аналізуем сітуацыю
2023.09.20 18:43

Іван Гардзееў, Саша Альтэр / Авер belsat.eu