Святлана Ціханоўская сустрэлася з жонкай Алеся Бяляцкага Наталляй Пінчук


Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская сустрэлася Наталляй Пінчук, жонкай Нобэлеўскага лаўрэата, палітвязня Алеся Бяляцкага. Аб гэтым паведамляе афіцыйны Twitter лідаркі беларускіх дэмсілаў.

Святлана Ціханоўская і Наталля Пінчук.
Фота: Twitter / Tsihanouskaya

30 сакавіка адбылася сустрэча лідаркі дэмакратычных сілаў Беларусі Святланы Ціханоўскай з Наталляй Пінчук, чый муж – Нобэлеўскі лаўрэат, праваабаронца, стваральнік праваабарончага цэнтру «Вясна» – Алесь Бяляцкі зараз знаходзіцца ў лукашэнкаўскай вязніцы па несправядлівым, палітычна матываваным прысудзе.

«Сёння мела гонар паразмаўляць з Наталляй Пінчук. І пры асабістай сустрэчы яшчэ раз пераканалася, якая ж гэта мужная, смелая жанчына з добрым сэрцам. Я ведаю, што гэта такое, калі твой муж за кратамі, калі не ведаеш, як ён сябе адчувае і як яму дапамагчы. І мяне сапраўды натхняе, што нягледзячы на выпрабаванні, Наталля не ачарсцвела і не паказвае нават стомленасці. Яна выпраменьвае столькі неймавернай цеплыні, што і мне становіцца лягчэй. Захапляюся яе сілай і сілай Алеся Бяляцкага. Гэтыя людзі – сапраўдны гонар Беларусі»«, – гаворыцца ў паведамленні.

«Белсат» паведамляў, што 29 сакавіка Святлана Ціханоўская і Наталля Пінчук выступілі на Саміце за дэмакратыю, які арганізоўваў Белы дом пад патранатам Джо Байдэна. Прадстаўніцы Беларусі распавялі пра сітуацыю ў нашай краіне і барацьбу за дэмакратыю.

26 сакавіка на«Белсаце» выйшла інтэрв’ю з Наталляй Пінчук.

Інтэрв’ю
Бяляцкі ведаў, што па яго прыйдуць, а чаму не з’ехаў? Інтэрв’ю з Наталляй Пінчук – жонкай зняволенага
2023.03.26 22:00

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў