Да 19 гадоў калоніі: як рэжым пераследуе і карае сілавікоў, якія перайшлі на бок народу


Пасля пратэстаў 2020 года Аляксандр Лукашэнка зацята стварае з Беларусі паліцэйскую дзяржаву, робячы стаўку на гвалт для захавання ўлады. Асабліва жорстка караецца любое іншадумства ў сілавых ведамствах і пераход іх прадстаўнікоў на бок народу. У траўні 2021 года Лукашэнка пазбавіў званняў больш за 80 экс-супрацоўнікаў сілавых ведамстваў, якія ўступілі ў аб’яднанне сілавікоў «ByPol» або падтрымвалі акцыі пратэсту. Усе яны трапілі пад пераслед.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Sergei Gapon / AFP / East News

Сярод сілавікоў, якія перайшлі на бок беларусаў, ёсць падпалкоўнік КДБ, падпалкоўнік вайсковай выведкі, спецсувязіст Генштабу Узброеных сілаў, былыя міліцыянеры, пракуроры, следчыя. Усіх іх судзілі за ўдзел у акцыях пратэсту, распальванне сацыяльнай варожасці, здраду дзяржаве, абразу прадстаўнікоў улады і паводле іншых артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Распавядаем пра некаторых з іх.

Былыя следчыя: ад 2 да 11 гадоў калоніі

Яўген Юшкевіч. Быў затрыманы ўвечары 24 лістапада 2020 года ў Менску.

Яўген Юшкевіч у 2017 годзе звольніўся з пасады старшага следчага аддзелу расследавання эканамічных злачынстваў Упраўлення Следчага камітэту па Менску, а ў 2020-м стаў распрацоўнікам і ініцыятарам праекту bychange.me, які дапамагаў у навучанні, перападрыхтоўцы сілавікоў, дзяржаўных службоўцаў і людзей, якія сышлі з працы з меркаванняў сумлення ці якіх звольнілі.

Яўген Юшкевіч.
Фота: Наша Ніва

26 снежня 2022 года суддзя Менскага гарадскога суда Алена Ананіч прысудзіла палітвязню 11 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яго абвінавацілі паводле шасці артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 342 («Актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»); ч. 1 арт. 293 («Масавыя беспарадкі»); ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі); ч. 1 арт. 130 («Распальванне сацыяльнай варожасці»); арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады»); арт. 364 («Гвалт або пагроза яго ўжывання ў дачыненні супрацоўніка ўнутраных органаў»).

Мікіта Старажэнка. Звольніўся пасля выбараў на знак пратэсту. Пасля звальнення працаваў юрыстам.

«Звальняцца было цяжка, разумеючы, што чакае вялізны доўг за навучанне і ёсць сямʼя, але выконваць тое, што супярэчыць сумленню, яшчэ цяжэй. Я не хачу адпраўляць у архіў матэрыялы праверак, якія павінны быць крымінальнымі справамі. Сумленных супрацоўнікаў у нашых органах шмат, але яны заціснутыя рамкамі загадаў і даўгоў перад дзяржавай.

Калегі, калі чытаеце гэта, адкажыце сабе на адно пытанне: ці зможаце вы сказаць «Гонар маю». Я змог, маё сумленне чыстае», – пісаў аб сваім рашэнні 17 жніўня 2020 года ў сацсетках Мікіта Старажэнка.

Мікіта Старажэнка. Крыніца: spring96.org

Яго затрымалі 1 лютага 2022 года ў Менску ў гандлёвым цэнтры. На відэа, апублікаваным у праўладным тэлеграм-канале, ён кажа, што перадаў кантакты двух супрацоўнікаў ГУБАЗіКу і намесніка начальніка СК па Менску аднаму з «пратэсных тэлеграм-каналаў».

2 снежня 2022 года суддзя Менскага гарадскога суда Анжэла Касцюкевіч вынесла прысуд: сем гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Таксама палітвязня забавязалі выплаціць пяць тысяч рублёў маральнай кампенсацыі супрацоўнікам, інфармацыю пра якіх, паводле абвінавачвання, ён «зліў». Мікіту Старажэнку судзілі за «распальванне іншай сацыяльнай варожасці» паводле ч. 3 арт. 130 КК, а таксама за «незаконны збор і распаўсюд інфармацыі аб прыватным жыцці» (ч. 1 арт. 179 КК).

Ягор Вяршынін. Больш за шэсць гадоў адпрацаваў у Следчым камітэце, займаўся расследаваннем эканамічных злачынстваў. Звольніўся ў 2019 годзе, займаўся спартовай аналітыкай і планаваў ісці ў IT. Быў затрыманы 11 чэрвеня 2021 года.

Ягор Вяршынін. Крыніца: spring96.org

У судзе Цэнтральнага раёну Менску 8 кастрычніка яго асудзілі паводле «народнага» артыкулу – 342 КК. Суддзя Дзмітрый Карсюк за дзень разглядзеў справу супраць палітвязня і пакараў яго двума гадамі калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Вяршыніна абвінавацілі ў актыўным удзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак – ва ўдзеле ў маршах 23 і 30 жніўня ў Менску. Галоўнымі доказамі віны сталі два фотаздымкі з маршу, якія праваахоўным органам з закрытай асабістай старонкі ў «Фэйсбуку» перадаў мужчына, супраць якога Вяршынін некалі вёў справу як следчы.

Аляксей Сянькоў. Падпалкоўнік юстыцыі ў адстаўцы, з 2012 да 2021 года працаваў на розных пасадах у Следчым камітэце. Меў ордэны і медалі за бездакорную службу. 5 ліпеня 2021 года яго затрымаў ГУБАЗіК на працоўным месцы падчас нарады з высокапастаўленымі асобамі СК.

5 кастрычніка 2021 года Аляксея Сянькова асудзілі паводле арт. 342 КК і прысудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму за ўдзел у маршах 16 і 23 жніўня 2020 года.

Былыя міліцыянты: пераслед за ўдзел у акцыях і зліў звестак

Дзмітрый Кулакоўскі. Раней узначальваў крымінальны вышук у Заводскім РУУС Менску. Працаваў у міліцыі з 2006 года, мае прафесійныя ўзнагароды і падзякі ад кіраўніцтва. Пасля выбараў ён заявіў, што не згодны з дзеяннямі ўлады, і звольніўся.

Дзмітрый Кулакоўскі з жонкай. Крыніца: spring96.org​

Першы раз супрацоўнікі ўпраўлення бяспекі МУС затрымалі яго недалёка ад дому – за «непадпарадкаванне» ён атрымаў 12 содняў арышту (арт. 23.4 КаАП). На знак пратэсту Дзмітрый праглынуў чатыры металічныя прадметы. Затым на яго склалі новы пратакол, зноў за «непадпарадкаванне», і далі ўжо 15 содняў.

Пасля амаль месяца арышту, 4 снежня, Кулакоўскі спрабаваў пакінуць Беларусь, але быў затрыманы на мяжы і дастаўлены ў ізалятар ужо паводле крымінальнай справы – арт. 369 КК («Знявага прадстаўніка ўлады»).

22 студзеня 2021 г. асуджаны да двух гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову («хімія»). Палітвязень цалкам адбыў тэрмін у ПУАТ № 7 і выйшаў на волю 15 лютага 2023 г.

Андрэй Гарун. Былы супрацоўнік праваахоўных органаў, затым да затрымання працаваў у EPAM. Быў затрыманы ў кастрычніку 2021 года паводле ч. 3 арт. 130 КК («Распальванне сацыяльнай варожасці») і ч. 1 арт. 179 КК («Незаконныя збіранне або распаўсюд інфармацыі аб прыватным жыцці») за перадачу звестак  аб сілавіках у Telegram-каналы «Карнікі Беларусі» і «Чорная кніга Беларусі». Справу палітвязня пачалі разглядаць 25 жніўня 2022 г. у Магілёўскім абласным судзе ў закрытым рэжыме. Рашэнне прымаў суддзя Ігар Шведаў. Праваабаронцы высвятляюць прысуд, а таксама месца ўтрымання Андрэя Гаруна. У снежні 2022 г. КДБ уключыў палітвязня ў спіс «асобаў, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці».

Пётр Буцько. Былы падпалкоўнік міліцыі запасу з Іўя, адслужыў у міліцыі больш за 20 гадоў, завяршыўшы службу намеснікам начальніка РАУС у Карэлічах у 2017-м.

Пётр Буцько. Крыніца: spring96.org​

У канцы 2020 года ён адбыў 32 содні адміністратыўнага арышту за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях. У межах крымінальнай справы сілавікі затрымалі Пятра Буцька 20 жніўня 2021 года, правёўшы ператрус у яго ўдома і на лецішчы. Суд Лідскага раёну прысудзіў Буцька да шасці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму паводле ч. 3 арт. 426 КК («Перавышэнне ўлады»). Акрамя таго, яму прызначылі штраф памерам 500 базавых.

Былыя пракуроры: гады калоніі за распальванне варожасці

Яўген Бабак. Былы памочнік пракурора Першамайскага раёну Менску, юрыст 1-га класу, вядомы тым, што ў жніўні 2020-га ініцыяваў праверку людзей у форме ДАІ, якія збівалі байкераў уначы 11 жніўня. Праверка ні да чаго не прывяла, і Бабак звольніўся.

Яго затрымалі 11 чэрвеня 2021 года на 15 содняў за «пікетаванне праз размяшчэнне на балконе бчб-сцяга». 25 чэрвеня стала вядома, што Бабак атрымаў яшчэ 15 содняў. Але на волю ён так і не выйшаў. Вядома, што ён стаў падазраваным у крымінальнай справе аб групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК). Таксама Яўгену выставілі абвінавачанне за «распальванне варожасці» паводле ч. 1. арт. 130 КК.

Яўген Бабак. Крыніца: spring96.org

12 траўня 2022 года ў Менскім гарадскім судзе яму вынеслі прысуд: суддзя прызначыла Яўгену чатыры гады пазбаўлення волі. 28 ліпеня 2022 г. КДБ унёс палітвязня ў спіс асобаў, «датычных да тэрарыстычнай дзейнасці».

Алег Ермакоў. Юрыст 1-га класу і былы супрацоўнік пракуратуры. Быў затрыманы паводле абвінавачання ў перадачы звестак супрацоўнікаў праваахоўных органаў пратэсным інфармацыйным рэсурсам. 18 лістапада 2022 г. у Менскім гарадскім судзе палітвязня прызналі вінаватым у незаконным зборы ці распаўсюдзе інфармацыі аб прыватным жыцці (ч. 1 арт. 179, выключаны з Кодэксу 26 траўня 2021 года) і распальванні сацыяльнай варожасці (ч. 1 арт. 130 КК). Суддзя Сяргей Хрыпач пакараў мужчыну пазбаўленнем волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму тэрмінам на шэсць гадоў.

Hавiны
У Горадні былога сілавіка пакаралі 10 гадамі калоніі за «здраду дзяржаве»
2023.03.17 17:28

Вайскоўцы: да 19 гадоў калоніі за здраду дзяржаве

Мікалай Казлоў. Падпалкоўнік міліцыі запасу, палітык і лідар Абʼяднанай грамадзянскай партыі.

Мікалай Казлоў з 1991 года працаваў у крымінальным вышуку. У 2008 годзе, быўшы старэйшым оперупаўнаважаным у асабліва важных справах, падпалкоўнікам, ён заспеў старшыню выбарчай камісіі за ўкіданнем бюлетэняў. Мікалай Казлоў падаў афіцыйны рапарт аб гэтым злачынстве, але справу спусцілі на тармазах. На знак пратэсту ён сышоў з міліцыі і перадаў усю інфармацыю аб гэтым злачынстве ў СМІ.

У 2012 годзе ён далучыўся да Абʼяднанай грамадзянскай партыі. У 2018-м стаў яе лідарам.

Мікалай Казлоў.
Фота: Объединенная Гражданская Партия / Facebook

6 жніўня 2021 г. Мікалая Казлова асудзілі на тры месяцы арышту паводле ч. 1 арт. 407 КК за раскрыццё звестак следства ў «справе Каардынацыйнай рады». Ён таксама пазбаўлены звання ўказам Аляксандра Лукашэнкі.

Мікалай Казлоў цалкам адбыў тэрмін і 26 сакавіка 2022 г. выйшаў на волю з СІЗА-6. Быў зноў затрыманы 27 ліпеня 2022 года. Супраць яго распачалі крымінальную справу паводле арт. 342 КК. Паводле абвінавачвання, «у жніўні 2020 года Мікалай Казлоў не толькі браў актыўны ўдзел у масавых бясчынствах на вуліцах Менску, але і актыўна выкарыстоўваў грамадзянаў Беларусі ў нізкіх мэтах сваіх куратараў. Мікалай Казлоў кіраваў радыкальна настроеным натоўпам, даваў пратэстоўцам указанні, заклікаў блакаваць дарогі і перашкаджаць праезду тэхнікі».

3 лістапада 2022 года суддзя Анастасія Кулік прысудзіла палітзняволенаму два з паловай гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Дзяніс Урад. Да 15 сакавіка 2021 года займаў пасаду спецсувязіста Генштабу Узброеных сілаў.

Паводле інфармацыі праўладных СМІ, 14 сакавіка на дзяжурстве Урад сфатаграфаваў сакрэтны ліст ад міністра ўнутраных справаў міністру абароны аб прыцягненні вайскоўцаў Узброеных сілаў да дзейнасці для падтрымання правапарадку і адправіў тэлеграм-каналу «Nexta». У лісце міністр унутраных справаў прасіў накіраваць 50 вайскоўцаў «для аховы абʼектаў, якія падлягаюць дзяржаўнай ахове і забяспечваюць жыццядзейнасць насельніцтва і функцыянаванне транспарту, і абʼектаў, якія ўяўляюць павышаную небяспеку для жыцця і здароўя людзей» у вёсцы Бараўляны і Копішча Менскага раёну, дзе насамрэч была сканцэнтраваная мірная пратэсная актыўнасць грамадзянаў.

Дзяніс Урад на судзе.
Фота: belta.by

Вярхоўны Суд асудзіў Дзяніса Урада паводле ч. 2 арт. 356 КК («Здрада дзяржаве асобай, на якую распаўсюджваецца статус вайскоўца») да 18 гадоў зняволення ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Таксама пастановай Вярхоўнага Суда яго пазбавілі звання капітана. Суд адбываўся ў закрытым рэжыме. Прысуд набыў моц з моманту абвяшчэння. Абскарджанню, апратэставанню ў апеляцыйным парадку не падлягае.

Дзмітрый Самсонаў. Падпалкоўнік галоўнага выведнага ўпраўлення Міністэрства абароны. Быў затрыманы ў 2020 годзе.

Суддзя Таццяна Фалькоўская асудзіла мужчыну да 19 гадоў калоніі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 356 («Здрада дзяржаве»), ч. 1 арт. 375 («Мэтанакіраванае раскрыццё службовай таямніцы»), і ч. 2 арт. 235 («Адмыванне сродкаў, атрыманых злачынным шляхам»). Суд праходзіў у закрытым рэжыме.

Пра гэтую справу і самога Самсонава вядома няшмат. Да восені 2020-га Дзмітрый працаваў у Галоўным упраўленні ваеннай выведкі Мінабароны ў званні падпалкоўніка. Ён служыў у сакрэтнай частцы 15738. Гэтае ўпраўленне, апроч іншага, мае доступ да матэрыялаў, атрыманых КДБ, у тым ліку праслухоўвання.

Аляксей Храловіч. Падпалкоўнік КДБ.

Аляксей Храловіч. Скрыншот: ОНТ

На тэлеканале ОНТ паказалі фільм «Аперацыя КДБ «Манкурты», у якім паведамілі пра затрыманне падпалкоўніка КДБ Аляксея Храловіча. Паводле інфармацыі, агучанай у фільме, Храловіч меў дачыненне да перадачы стваральніку тэлеграм-каналу «Nexta» Сцяпану Пуцілу ў лістападзе 2020 аўдыя размоваў прэс-сакратара Лукашэнкі Наталлі Эйсмант з рознымі службовымі асобамі. Менавіта ў гэтых аўдыя вялася размова пра акалічнасці гібелі Рамана Бандарэнкі.

У Менскім гарадскім судзе 30 сакавіка 2022 года яго прыгаварылі да 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штрафу 500 базавых велічынь паводле ч. 2 арт. 356 КК («Здрада дзяржаве, учыненая службовай асобай, якая займае адказнае становішча»).

Hавiны
КДБ: З пачатку года затрымана больш за 10 «завербаваных» сілавікоў і дзяржслужачых
2023.02.22 16:15

Саша Гоман  belsat.eu 

Стужка навінаў