news
Агляд
Называюць Пуціна антыхрыстам і чакаюць хуткага канца свету. У Беларусі знайшлі новую секту
Яны вераць у габрэйскую змову і баяцца чыпаў ды прышчэпак.
03.12.202308:19

У Беларусі, паведамляюць медыі, з’явілася новая секта – «Расейская праваслаўная царква – Царская Імперыя» (РПЦ – ЦІ). Інфармацыя пра гэта супала са звесткамі пра зрослую актыўнасць групы ў Расеі, адкуль яна родам. Карэспандэнты «Белсату» разбіраліся ў ідэалогіі і гісторыі групы ды яе перспектывах, у тым ліку ў нашай краіне.

Вёска Кайкі (унізе злева), дзе жывуць паслядоўнікі РПЦ – ЦІ, непадалёк ад мяжы з Расеяй. Скрыншот: maps.google.com

Як паведамляе «Наша Ніва», паслядоўнікі РПЦ – ЦІ жывуць у вёсцы Кайкі і пасёлку Езярышча Гарадоцкага раёну, а таксама недзе паміж Скідзелем і Мастамі. Сталых прыхаджанаў там каля дзясятку, але неўзабаве нібы чакаецца прыезд людзей з Расеі.

Як паведамляецца, большасць з чальцоў культу раней цікавіліся эзатэрыкай, належалі да каляправаслаўных культаў ды «грамадзянаў СССР» – руху, што не прызнае распаду Савецкага Саюзу і дзяржаваў, што ўзніклі замест яго.

«Яны змушаюць людзей прадаваць маёмасць і купляць дамы, каб «выжываць у апошнія часы і выратавацца». Нерухомасць быццам хутка нельга будзе прадаць без «чыпавання» або біяметрычнага пашпарта, таму трэба спяшацца», – распавядаў выданню чытач, чыя сваячка далучылася да руху.

Паводле яго, жанчына занесла туды ўжо каля 10 тысячаў долараў і збіраецца прадаць усю маёмасць, каб ахвяраваць больш. А чальцы групы «ўладкоўваюць сваё паселішча і робяць запасы на «канец свету»: скупляюць крупы, лекі».

Паведамляецца, што ў Беларусі грашыма распараджаецца жанчына, якая называе сябе Феадосіяй. Менавіта яна купляе маёмасць, якую афармляе на свайго мужа, які адзіны з усіх яшчэ не выкінуў свае дакументы. Але ахвяраванні прымаюць толькі ад тых, хто прысягнуў лідару руху – Засіме.

Што гэта за новы рух?

Пра небяспеку новага руху пачалі паведамляць напрыканцы кастрычніка і пачатку лістапада сайты епархіяў Расейскай праваслаўнай царквы. Напрыклад, ідэнтычныя звароты ад імя ўласных місіянерскіх аддзелаў апублікавалі Разанская, Новасібірская і Валгаградская епархіі (апошняя зварот пасля выдаліла). Яны папярэдзілі пра з’яўленне групы, што называе сябе «Расейская праваслаўная царква – Царская імперыя».

«Наведваючы розныя населеныя пункты, яны займаюцца размяшчэннем на дзвярах і сценах храмаў улётак, якія правакуюць рэлігійную нянавісць і варожасць, каб увесці ў збянтэжанасць прыхаджанаў і ўнесці разлад у прыходы. Гэтыя ўлёткі могуць мець назву «Выкрывальная пропаведзь», іх змест не мае нічога агульнага з вучэннем Праваслаўнай Царквы», – гаворыцца ў зваротах.

Кіраўнік групы Леанід Усаў (Засіма). Крыніца: city.volgograd / Instagram

Паводле іх, чальцы групы спрабуюць перацягнуць да сябе прыхаджанаў праваслаўных храмаў, якіх пасля прымушаюць знішчаць свае дакументы, адмаўляцца ад пенсіяў, сацыяльных дапамог, медыцыны, а таксама ад афіцыйнай працы і навучання дзяцей у школах. Свайму лідару яны клянуцца «служыць да апошняй кроплі крыві, не прызнаюць дзейную ўладу прэзідэнта, называючы яго антыхрыстам». Таксама прымушаюць адэптаў разрываць сямейныя стасункі і пагражаюць смерцю тым, хто ганіць «памазанца – Засіму». Таксама мелі месца «выпадкі агрэсіўнага стаўлення і абразы прадстаўнікамі гэтай групы мясцовага духавенства і царкоўнага святара».

Як заяўляецца, прадстаўнікі РПЦ – ЦІ «набываюць нерухомасць у аддаленых ад цэнтру вёсках, жывуць па тыпе закрытай абшчыны, распаўсюджваюць улёткі сярод мясцовага насельніцтва з мэтай прыцягнення ў свае шэрагі». Калі ўзнікаюць канфлікты з мясцовымі, група «шукае новае месца для размяшчэння і вербавання мясцовых жыхароў». Мэтай групы называюць стварэнне ўнутры РФ незалежнай дзяржавы «Трыадзіная Русь», дзе яе кіраўнік Засіма надзелены тытулам «дзяржаўнага патрыярха і імператара ўсяе Русі».

Новыя, але не зусім

І хоць інфармацыя пра прыхільнікаў нейкага Засімы з’явілася актыўна толькі цяпер, пісалі пра іх і раней. Напрыклад, у кастрычніку 2022 года «РИА Новости» паведамляла, што ягоныя паслядоўнікі з’явіліся ў Ульянаўскай вобласці РФ яшчэ ў 2020-м. Людзі цэлымі сем’ямі разам са святарамі, «купляючы за бясцэнак участкі і дамы, размясціліся адразу ў некалькіх вёсках». Пабудавалі сабе царкву і школу. Прыехалі туды яны з Тульскай вобласці РФ, дзе дзейнічалі яшчэ з 2018 года.

Аляксандр Фёдараў, які належаў да групы ў 2019-2020 гадах, распавядаў, што тузін чальцоў групы жылі ў напаўразбураным доме, а кіраўнік Засіма – «у асобным, двухпавярховым». Раніца мусіла пачынацца з богаслужэння, але праз частыя запоі Засімы іх маглі адмяніць. Маліліся ў тым ліку і забітаму ў 1991 годзе спеваку Ігару Талькову. Пасля займаліся рознымі справамі і спрабавалі пабудаваць царкву.

Хто такі Засіма?

Як паведамляе Разанская епархія, кіраўнік групы Засіма – гэта 41-гадовы нарадзінец Казахстану Леанід Уласаў. Ён называе сябе «цар-патрыярх Засіма», «прарок Ілля», «памазанец Божы», «адкупіцель людскіх грахоў».

«Сам Леанід Уласаў можа прадстаўляцца былым клірыкам Рускай Праваслаўнай Царквы ці Рускай Замежнай Царквы, але мае дачыненне да Украінскага расколу», – заяўляюць у РПЦ, але ніякіх доказаў пра ягоныя сувязі з Украінай не прыводзяць.

Паводле самога Уласава, ён рос без бацькоў, а яго выхоўвала бабуля ды «вуліца». Ён адсядзеў пэўны час у калоніі для няпоўнагадовых, а ў 2003 годзе быў асуджаны на дзевяць гадоў за разбой з ужываннем зброі. Аднак вызваліўся ўмоўна-датэрмінова. У сеціве можна знайсці таксама згадкі, што яго маглі судзіць за педафілію.

У 2017 годзе Уласаў далучыўся да супольнасці Сергія Агеева, былога святара РПЦ, які стаў называць сябе архіепіскапам Расейскай грэка-кафалічнай праваслаўнай царквы. Але неўзабаве яго выгналі, і Уласаў далучыўся да «Кіева-Расейскай мітраполіі Ісцінна-Праваслаўнай Царквы», дзе яго высвяцілі спачатку ў манахі, а затым і ў епіскапа і схімітрапаліта. Тады ж Уласаў пачаў актыўную блогерскую дзейнасць.

Сергій Агееў з Евангеллем ля будынку Пскоўскага СІЗА. Крыніца: medium.com

У апошнія гады Засіма абвясціў сябе царом Расеі і спадкаемцам Мікалая II (гэта нібы адкрыў анёл нейкаму «дзіцяці Паўліку з Беларусі») ды прарокам Іллём.

Расейскі сектазнаўца Аляксандр Дворкін распавядаў «Известиям», што Засіма можа быць шарлатанам, які, маючы крымінальнае мінулае, зразумеў, што каляцаркоўныя палітычныя прапаведнікі – «гэта залатое дно і такім чынам можна рэалізаваць свае схільнасці і атрымаць абсалютную ўладу». Тым больш, што ў цяжкія часы, «асабліва сацыяльна неабароненыя грамадзяне ці людзі, якія перажываюць цяжкі стрэс, трапляюць пад уздзеянне такіх шарлатанаў».

Змовы, чыпы і культ Талькова

Веравучэнне групы ўключае ў сябе розныя канспіралагічныя плыні сучаснай Расеі. Новых чальцоў у групу часта набіраюць з дапамогай сацсетак, у тым ліку Youtube-каналу, дзе, напрыклад, распавядаюць пра сусветную габрэйскую змову, шкоднасць цывілізацыі, прышчэпак і чыпавання, а таксама крытыкуюць РПЦ і ўлады.

З «царабожнікамі» – яшчэ адной плынню ўнутры расейскага праваслаўя – яго збліжае вера нібыта ў збаўчую смерць Мікалая ІІ за Расею ды чаканне адраджэння манархіі ў РФ. Засіма наклаў «анафему за ерась» на патрыярха Кірыла ды заклікае пакаяцца тых, хто галасаваў за Уладзіміра Пуціна. Існаванне Расеі, Беларусі і Украіны ён адмаўляе, бо гэта, як і ў поглядах, «грамадзянаў СССР» – «карпарацыі, зарэгістраваныя на Захадзе». Таксама, услед за імі, прапагандуецца адмова ад дакументаў, выдадзеных постсавецкімі ўладамі, бо існуе толькі «Трыадзіная Русь» на чале з Уласавым.

Таксама для групы ўласцівае пакланенне хлопчыку Славіку Чэбаркульскаму, культ якога паўстаў у 1990-я гады, ды ўжо згаданыя малітвы да спевака Талькова. Ёсць у іх і «вадзічка Феадосія Каўказскага» з кропляю крыві Ісуса Хрыста. А на 2028 год абвешчаны канец свету, перад якім на зямлю вернуцца прарокі Ілля і Енох – сам Засіма і ягоны паплечнік.

Сектазнаўца Алег Нагорны адзначаў у каментары «Нашай Ніве», што суполка Засімы – тыповы ўзор царабожніцкага культу, які эксплуатуе праваслаўную і расейскую манархічную эстэтыку ды абвяшчае хуткі надыход канца свету, дзе непераможны цар нібы вядзе барацьбу з сіламі зла. У групе актыўна выкарыстоўваюць спасылкі на містычныя адкрыцці, у тым ліку свежыя, але апеляцыі да Бібліі – наадварот абмежаваныя.

Пры гэтым людзей у групу штурхае і палітыка самой РПЦ. Гэтак, паплечнік Засімы «мітрапаліт усяе Русі і прарок Енох» Аляксандр Кармішэнка распавёў журналістам, што «шмат гадоў я бачыў, як праваслаўнай царквой аддаецца праваслаўе, каноны царквы». І менавіта таму вырашыў аддзяліцца ад Маскоўскай патрыярхіі.

Што датычыць палітычных амбіцыяў, то Засіма, заяўляў Нагорны, «адмаўляе ў самаіснасці і праве на незалежнасць беларускаму і ўкраінскаму народам» ды распаўсюджвае «антыбеларускую агрэсіўную імперска-шавіністычную маскоўскую прапаганду».

Кіраўнік групы Леанід Усаў (Засіма). Скрыншот з відэа: Схимитрополит Зосима Будь верен до смерти / YouTube

«Наша Ніва» са спасылкай на Нагорнага піша пра 5-10 тысяч прамых паслядоўнікаў Засімы і яшчэ каля 200 тысяч тых, хто распаўсюджвае культавыя матэрыялы. Але на чым грунтуюцца такія падлікі, не тлумачыцца. На Youtube-канале групы ўсяго 102 падпісчыкі, а відэа на ім набіраюць ад некалькіх дзясяткаў да некалькі соцень праглядаў. Таксама і адносна паселішчаў, у якіх жывуць ягоныя паслядоўнікі, гаворыцца толькі пра пару дзясяткаў асобаў.

Ці будуць забараняць Засіму?

Прадстаўнікі РПЦ ужо неаднаразова звярталіся ў паліцыю, «але пакуль не даказана ўчыненае нейкім чалавекам правапарушэнне або злачынства, прыцягнуць яго да адказнасці немагчыма».

Аднак, расейскія юрысты мяркуюць, што Засіме-Уласаву ўсё ж могуць прысудзіць да 10 гадоў калоніі за стварэнне экстрэмісцкай арганізацыі або да 6 гадоў за стварэнне некамерцыйнай арганізацыі, якая робіць замах на асобу. Падобным чынам ужо была прызнаная экстрэмісцкай арганізацыя «Грамадзяне СССР», некаторыя ідэі якой пераняў Засіма. Ідэю ж стварыць «Трыадзіную Русь» могуць расцаніць як публічныя заклікі да парушэння тэрытарыяльнай цэласці РФ, што караецца тэрмінам да пяці гадоў.

Апошнім часам у РФ ужо актывізавалася змаганне з непадкантрольнымі ўладам культамі. Цэлая хваля арыштаў прайшла, напрыклад, у 2020 годзе. Гэтак, у снежні ў выніку штурму Сярэнеўральскага манастыра РПЦ быў затрыманы лідар яшчэ аднаго манархічнага і апакаліптычнага культу іераманах Сергій (Раманаў), якога з Засімай збліжала таксама вера ў «габрэйскую» змову і змаганне з 5G. У ліпені быў затрыманы «архіепіскап» Сергій Агееў, у якога жыў Уласаў: яго абвінавацілі «ў стварэнні рэлігійнай арганізацыі, дзейнасць якой спалучаная з гвалтам ці іншым нанясеннем шкоды здароўю». Падобнае абвінавачванне выставілі і затрыманаму ў верасні Вісарыёну (Таропу) – «новаму Хрысту», які яшчэ напачатку 1990-х збіраў тысячы паслядоўнікаў і засноўваў камуны на тэрыторыі Краснаярскага краю РФ.

У Беларусі ж заканадаўства абавязвае ўсе рэлігійныя арганізацыі праходзіць дзяржаўную рэгістрацыю. А новы законапраект, які можа набыць моц закону ўжо з 2024 года, наўпрост забараняе рэлігійную дзейнасцю без рэгістрацыі. Уявіць жа рэгістрацыю РПЦ – ЦІ ў Беларусі немагчыма, бо з аднаго боку сама група не прызнае нашую краіну, а з другога дакумент не дапускае дзейнасці ад імя рэлігійнай арганізацыі, «мэты і дзеянні якой супярэчаць закону і ідэалогіі беларускай дзяржавы». Але ці зоймуцца ўлады краінамі менавіта крымінальным пераследам невялікай групы з пары тузінаў асобаў, не зразумела. Прынамсі пакуль у іх усё яшчэ значна больш пытанняў да палітычных апанентаў.

Макар Мыш belsat.eu