Трэці раз запар на 15 сутак. Чарговы прысуд для Насты Лойкі


У Менску 28 лістапада суд прызначыў трэці запар адміністрацыйны арышт для праваабаронцы Насты Лойкі. Аб гэтым паведамляе тэлеграм-канал беларускай каманды праваабарончай арганізацыі «Human Constanta».

Наста Лойка.
Фота: humanconstanta / Telegram

Разгляд адміністрацыйнай справы праваабаронцы Насты Лойкі адбыўся ў панядзелак 28 лістапада ў судзе Першамайскага раёна Менску. Па выніках суда Лойцы прызначылі чарговыя 15 сутак адміністрацыйнага арышту па артыкуле 19.1 (Дробнае хуліганства).

На мінулым судзе Наста распавядала пра катаванні — супрацоўнік ГУБАЗіК ударыў яе электрашокерам, а адзін з супрацоўнікаў ЦІП вывеў яе ва ўнутраны двор і пакінуў без вопраткі на 8 гадзін, пасля чаго дзяўчына захварэла.

Hавiны
Праваабаронцу Насту Лойку арыштавалі на 15 содняў
2022.10.31 16:54

Нагадаем, Насту затрымалі 28 кастрычніка. У той жа дзень на праўладных тэлеграм-каналах зʼявілася «пакаяльнае відэа», на якім яна «прызнавалася» у тым, што нібыта «атрымоўвала фінансаванне ад замежных арганізацый». Пазней Лойцы двойчы  прысудзілі 15 сутак арышту за «дробнае хуліганства» (арт. 19.1 КаАП).

За апошнія тры месяцы Насту затрымлівалі і каралі адміністрацыйным арыштам некалькі разоў, але яна не збіралася з’язджаць з Беларусі.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў