Цывілізацыйны крах Лукашэнкі. Чым небяспечная паездка ў Абхазію і чаму маўчыць прапаганда?

Неафіцыйны і экстраны візіт Лукашэнкі ў Сочы, таемная размова з Пуціным, паездка ў Абхазію і сустрэча з кіраўніцтвам непрызнанай рэспублікі паказваюць, што пазіцыі Лукашэнкі цалкам аслабленыя. Ён не ў стане выбрацца з віру расейскай геапалітычнай парадыгмы і праводзіць хоць нейкую незалежную палітыку. 

Масква распараджаецца Аляксандрам Лукашэнкам і Беларуссю як сваім стратэгічным рэсурсам – па ўласным меркаванні і ва ўласных інтарэсах. Усё гэта пагаршаецца упартым маўчаннем Мінска, як па прарасейскім рэферэндумам, якія праводзяцца на акупаваных тэрыторыях Украіны, так і магчымай мабілізацыі ў самой Беларусі.

Кіраўнік самаабвешчанай Абхазіі Аслан Бжанія (трэці злева) прымае Аляксандра Лукашэнку на «дзяржаўнай дачы». 28 верасня 2022 г. фота: presidentofabkhazia.org

Пакуль што паводзіны Лукашэнкі, яго маўчанне кажуць пра тое, што краіна, цалкам страціўшы геапалітычную суб’ектнасць, залучаецца ў самы негатыўны і разбуральны для сябе сцэнар расейскай палітыкі і вайны.

Гэты сцэнар відавочны і просты:

  1. Рэжым Лукашэнкі прызнае вынікі «рэферэндумаў» і ўваходжанне захопленых РФ тэрыторый у склад Расеі;
  2. Рэжым Лукашэнкі падтрымае новую расейскую канцэпцыю вядзення вайны ва Украіне;
  3. Рэжым Лукашэнкі ў чарговы раз размесціць на тэрыторыі краіны шматлікую групоўку расейскіх войскаў;
  4. У Беларусі будзе аб’яўлена мабілізацыя і пачнецца размяшчэнне войскаў ля межаў з Украінай;
  5. Рэжым Лукашэнкі вымушаны будзе пайсці на максімальнае абвастрэнне стасункаў з Кіевам і ўцягне Беларусь у адкрытую агрэсію супраць Украіны.

У сваю чаргу, паездка Лукашэнкі ў Абхазію (што ўжо можна расцэньваць як нефармальнае прызнанне захопленай Расеяй тэрыторыі Грузіі ў 2008 годзе) – гэта рэха іншага сцэнару, які Масква мела намер рэалізаваць з дапамогай Саюзнай дзяржавы.

Глабальным праектам Уладзіміра Пуціна ў адносінах да ўсёй постсавецкай прасторы была рэанімацыя Савецкага Саюза. Маланкавая вайна супраць Украіны, яе разгром у «тры дні» прымусіў бы не толькі Украіну (яе асобныя часткі), але і іншыя рэспублікі былога СССР увайсці ў рэжым больш глыбокай інтэграцыі ў рамках абноўленага саюзу Расеі і Беларусі. Адмова ад «ўваходжання» магла азначаць правядзенне «спецыяльнай аперацыі» ў той ці іншай дзяржаве.

На чале новага саюза, па-за ўсякага сумневу, быў бы «вялікі аднаўляльнік» Пуцін. Усё гэта ўкладвалася ў сімвалічны 2022 год – стагоддзе стварэння СССР.

Ілюстрацыйны здымак. Літара V на помніку Леніну. Бурація, Расійская Федэрацыя. 24 верасня 2022 года.
Фота: А. Ш.

Аднак гэты праект цалкам абанкруціўся дзякуючы правалу плана «маланкавай вайны». Увесну 2022 года Масква ўжо стала разглядаць альтэрнатыўны сцэнар «пашырэння Саюзу» за кошт асобных тэрытарыяльных абрубкаў: Прыднястроўя, Абхазіі, Паўднёвай Асеціі, «ЛНР», «ДНР», магчыма «ХНР», Запарожскай і іншых «рэспублік». Нездарма ў Беларусь прыехаў верхавод «ДНР» Пушылін, а так званы прэзідэнт Абхазіі Аслан Бжанія ў жніўні заявіў аб жаданні Абхазіі хутчэй увайсці ў саюз Расеі і Беларусі.

Магчыма, што гэты сцэнар мог быць рэалізаваны, калі б Расеі ўдалося стабілізаваць фронт і замарозіць вайну. Але Украіна нанесла забойчы ўдар па Харкаўскай групоўцы войска РФ, што стала для Пуціна шокам і вымусіла цалкам змяніць геапалітычную канцэпцыю Масквы.

З аднаго боку, у Крамлі ўсвядомілі, што без поўнай мабілізацыі ўнутраных рэсурсаў змяніць ход вайны не атрымаецца, як і захаваць стабільнасць унутры самой Расеі. А мабілізацыя магчымая толькі ў тым выпадку, калі прамой агрэсіі зведала сама Расея. Гэтым можна растлумачыць такую хуткасць у правядзенні «рэферэндумаў» па ўключэнні захопленых тэрыторый Украіны ў Расійскую Федэрацыю. Курс на стварэнне і ўтрыманне асобных «народных рэспублік» праваліўся.

Рэзервісты, прызваныя падчас мабілізацыі, на цырымоніі ад’езду ў Севастопалі. 27 верасня 2022 года.
Фота: STRINGER / AFP

З іншага боку, для выжывання рэжыму Пуціна неабходны геапалітычны і ідэалагічны поспех, хоць бы бачнасць поспеху, які быў бы звязаны з пашырэннем «імперыі», а таксама максімальная кансалідацыя геапалітычных актываў. Гэта важна зрабіць асабліва на фоне геапалітычных страт і бачнай слабасці Расеі ў пытанні армяна-азербайджанскага канфлікту, дыстанцыявання Казахстана і іншых дзяржаў ад Масквы. Пуціну патрэбныя сімвалы перамогі, каб падсілкоўваць свой электарат.

Адзіная магчымасць стварыць ілюзію поспеху – актывізацыя інтэграцыі ў рамках Саюзу Расіі і Беларусі, уключэнне ў яе пакінутых сатэлітаў: Абхазіі, Паўднёвай Асеціі, Прыднястроўя. Аднак жадаючыя ўступіць у саюз павінны разумець, што яны аўтаматычна робяцца мабілізацыйным рэсурсам у пуцінскай вайне, бо адным з пунктаў саюзнага пагаднення з’яўляецца абарона Саюза ад агрэсіі.

Для Рэспублікі Беларусь такі фармат інтэграцыі таксама азначае дэканструкцыю незалежнай нацыянальнай дзяржавы. Яна цалкам становіцца уключанай у прастору Расеі, фактычна яе часткай, зраўнянай у правах і магчымасцях з Абхазіяй або Мардовіяй.

Так ці інакш, падзеі, якія цяпер развіваюцца вакол Беларусі, кажуць пра тое, што наша дзяржава трывае цывілізацыйны крах, а рэжым Лукашэнкі цалкам ператварыўся ў інструмент разбурэння нашай дзяржавы і грамадства.

Павел Усаў / Авер belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў