news
Агляд
«Дармаедскія» навінкі і абмежаванні на ўвоз. Што зменіцца для беларусаў у красавіку
Жыхароў Беларусі чакаюць шэраг падаражанняў, новых абмежаванняў і санкцыяў.
30.03.202407:22

У красавіку жыхароў Беларусі чакаюць шэраг падаражэнняў, новых абмежаванняў і санкцыяў, уведзеных уладамі ў Менску. Таксама зменяцца некаторыя законы, пастановы і правілы ды адкрыюцца новыя авіярэйсы, праўда, толькі ва ўсходнім напрамку. Пра гэта і не толькі – у новым аглядзе «Белсату».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Што падаражэе

З 1 красавіка вырастуць у цане некаторыя маркі цыгарэт Pall Mall і Rothmans. У асноўным падаражэнне складзе 20 – 30 капеек за пачак.

«Malanka» з 1 красавіка павысіць тарыфы на зараджанне электратранспарту. Кошт маруднай зарадкі за 1 кВт.гадз складзе 43 капейкі (цяпер – 40), хуткай – 56 капеек (цяпер – 49).

Базавая арэндная велічыня з 1 красавіка складзе 17,76 рубля (цяпер – 16,9). Ад яе залежыць памер платы за арэнду нерухомасці, якая знаходзіцца ў дзяржуласнасці і ўласнасці гаспадарчых таварыстваў.

Абмежаванні на ўвоз

З 1 красавіка скароцяцца нормы бясмытнага ўвозу ў Беларусь тавараў для асабістага карыстання. Яны складуць 500 еўраў і 25 кг для тавараў, што ўвозяцца наземным транспартам, і 200 еўраў і 31 кг для да тавараў, што ўвозяць у міжнародных паштовых адпраўленнях і перавозчыкам у адрас фізічных асобаў. Цяпер можна ўвозіць тавараў на 1 тыс. еўра і вагой 31 кг.

Польская мяжа

З 1 красавіка можа высветліцца сітуацыя з пропускам праз мяжу з Польшчай у Беларусь аўтамабіляў з аб’ёмам рухавіка больш за 1,9 літра і коштам больш за 50 тысяч еўра. Абмежаванні на іх увоз увялі з 23 сакавіка.

Змены ў «дармаедаў»

З 1 красавіка спісы грамадзян, не занятых у эканоміцы, будуць абнаўляць штомесяц. Да таго спісы абнаўлялі штоквартал. Уласнікі жылля, уключаныя ў базу не занятых у эканоміцы, аплачваюць камуналку паводле большых тарыфаў.

Санкцыі рэжыму

З 1 красавіка стаўка падатку на даходы замежных арганізацыяў з «недружалюбных» краінаў, якія не ажыццяўляюць дзейнасць у Беларусі праз пастаяннае прадстаўніцтва, па дывідэндах і прыраўнаваных да іх даходах складзе 25 %. Цяпер стаўка гэтага падатку – 15 %.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Ганна Русінава / Белсат

З 1 красавіка забаронены імпарт з Літвы шэраг тавараў літоўскага паходжання (малако і вяршкі згушчаныя, садавіна і арэхі, кава, сокі, воды, воцат, калготкі, панчохі, гольфы, шкарпэткі, асобныя будаўнічыя вырабы, лядоўні, маразільнікі і іншае). Таксама забараняецца ўвоз праз беларуска-літоўскую мяжу вады, піва, віна, вінаграднага сусла, вермутаў, іншых зброджаных напояў, этылавага спірту, воцату, шынаў, пакрышак, ужываных аўтазапчастак і вопраткі.

Таксама Дзяржстандарт забараніў прадаваць у Беларусі з 1 красавіка вадкі сродак для мыцця ў растваральных капсулах «Tide Альпійская Свежасць» і парашкападобны «Ariel Automat Водар Вербены».

Візы ў Балгарыю і Румынію

Балгарыя і Румынія з 1 красавіка пачнуць выдаваць шэнгенскія візы. У Беларусі для гэтага заключаныя пагадненні з фірмай «VFS Global». Дакументы на балгарскія візы будуць прымаць у Менску, Берасці, Баранавічах, Віцебску, Гомлі, Горадні, Лідзе, Магілёве і Пінску.

Рэгістрацыя на ЦТ

Рэгістрацыя на цэнтралізаванае тэставанне сёлета пройдзе з 9 па 22 красавіка. На гэты раз ЦТ, якое плануюць здаваць выпускнікі каледжаў або мінулых гадоў, і ЦЭ пройдуць у адны дні.

Дапамога да 9 траўня

Ветэранам з 25 красавіка пачнуць выплачваць матэрыяльную дапамогу да Дня Перамогі. Сёлета выплаты складуць ад 1000 да 4000 рублёў.

Паспець падаць дэкларацыю

Да 1 красавіка фізічным асобам трэба падаць падатковую дэкларацыю, а да 3 чэрвеня – заплаціць падатак. Зрабіць гэта трэба тым, хто летась прадаў другую за апошнія пяць гадоў кватэру, другое аўто за год, атрымаў даходы з-за мяжы або за мяжой, атрымліваў падарункі не ад блізкіх сваякоў даражэй за 9338 рублёў у суме. Калі не падаць дэкларацыю, давядзецца плаціць штраф, які будзе павялічвацца за кожны поўны месяц пратэрміноўкі.

Выбары ў Беларусі і за мяжой

На 4 красавіка прызначаныя выбары чальцоў Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу. А з 1 да 10 красавіка пройдуць выбары дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу. Першае паседжанне ВНС адбудзецца 24-25 красавіка.

Каментар
Як пройдуць выбары ў Каардынацыйную раду і як удзельнічаць у іх беларусам, якія ў Беларусі
2024.03.26 18:59

За мяжой мусяць стартаваць выбары ў Каардынацыйную раду. А да 15 красавіка павінны адбыцца фармаванне спісаў выбарчых суб’ектаў і падача дакументаў на рэгістрацыю ў выбарчую камісію. Запланаваны дэдлайн рэгістрацыі кандыдатаў – 22 красавіка. Агітацыя зойме адзін месяц і пройдзе з 25 красавіка да 25 траўня.

Змяненні ў аплаце

З 6 красавіка змяняюцца парадак і памеры кампенсацыі расходаў пры службовых камандзіроўках. Так, павышаецца памер сутачных у межах Беларусі з 9 да 12 рублёў за содняў. Таксама змяняецца шэраг нормаў, якія ўплываюць на кампенсацыю затрат падчас камандзіроўкі.

Мінбудархітэктуры ўвяло новы памер адной чалавека-гадзіны будаўнікоў 4-га разраду. Ён будзе ўжывацца для абʼектаў, каштарысны кошт будаўніцтва якіх вызначаецца ў цэнах пачынаючы з 1 красавіка, і складзе 12,46 рубля (рост – на 2,66 рубля).

Абмежаванні наяўных грошай

Па 8 красавіка на Прававым форуме Беларусі ідзе грамадскае абмеркаванне праекту ўказа, які прадугледжвае паэтапнае цягам 2024-2025 гадоў зніжэнне гранічнага памеру плацяжу гатоўкай юрасобам і ІП з боку фізічных асобаў з 500 да 100 базавых велічынь. Пры гэтым павышаецца магчымы памер «кэшбэку» для фізічных асобаў з 2 % да 10 %.

Новаўвядзенні ў Telegram

З 1 красавіка карыстальнікі Telegram у Беларусі, Украіны і Расеі змогуць абмяжоўваць кола асобаў, якія дасылаюць ім асабістыя паведамленні. Як паведамляецца, гэта стала адказам на заклікі да тэрактаў, якія атрымлівалі карыстальнікі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Экалогія і законы

З 1 красавіка пачне дзейнічаць новая рэдакцыя Палажэння аб парадку і ўмовах правядзення дзяржаўнай санітарна-гігіенічнай экспертызы.

З 22 красавіка юрасобаў і ІП, якія ажыццяўляюць аптовы гандаль сродкамі аховы раслін, мусяць цягам трох месяцаў пісьмова паведаміць пра гэта Галоўнай дзяржаўнай інспекцыі насенняводства, каранціну і абароны раслінаў.

З 26 красавіка набывае моц новая рэдакцыя закону «Аб ахове навакольнага асяроддзя». Адначасова пачынае дзейнічаць шэраг звязаных з ім пастановаў Саўміну і Мінпрыроды.

Рэгістрацыя правапарушэнняў

З 27 красавіка набываюць моц змяненні ў Закон «Аб адзінай дзяржаўнай сістэме рэгістрацыі і ўліку правапарушэнняў». Дапоўнены пералік выпадкаў, у якіх наданне звестак аб правапарушэннях дапускаецца без згоды фізічных асобаў. Таксама змененыя тэрміны захоўвання асобных звестак у адзіным дзяржаўным банку даных аб правапарушэннях.

Праца з кадрамі

З 1 красавіка мяняюцца прафесійныя стандарты ў сферах адукацыйных паслуг, землеўпарадкавання, рэгістрацыі нерухомасці і інвентарызацыі, а таксама будаўніцтва, архітэктуры і аказання інжынерных паслуг.

З 1 красавіка па 30 чэрвеня кожны працадаўца зможа пратэставаць новы механізм узаемадзеяння з Фондам сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН) у прызначэнні і выплаце бальнічных. Гэта мусіць дапамагчы падрыхтавацца да пераходу з 1 ліпеня да новага парадку прызначэння выплаты дапамог па часовай непрацаздольнасці.

З 13 красавіка змяняюцца гранічныя памеры ўзнагароджання страхавому агенту – фізічнай асобе, якая знаходзіцца ў штаце страхавой арганізацыі. А 5 красавіка – парадак атэстацыі работніка грамадскага абʼяднання спажыўцоў.

Змяненні ў перавозках і правах

З 1 красавіка пачнуць ужываць новыя структуры і фармат інфармацыі аб выкананых аўтамабільных перавозках пасажыраў у нерэгулярных зносінах і аўтамабілямі-таксі. Таксама змяняюцца правілы аўтамабільных перавозак грузаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Апроч таго, у рамках інтэграцыі з Расеяй грамадзяне Беларусі і РФ змогуць замяніць замежныя правы кіроўцы на нацыянальныя без праходжання навучання, здачы тэорыі і практычнага іспыту.

Фінансавыя змены

Да 24 красавіка банкі абавязаныя прывесці свае правілы ўнутранага кантролю ў адпаведнасць з патрабаваннямі ў сферы перадухілення легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам, фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці і фінансавання распаўсюджвання зброі масавага паражэння пры ажыццяўленні аперацый з электроннымі грашыма.

З 6 красавіка набывае моц Палажэнне аб парадку ажыццяўлення фінансава-эканамічнай ацэнкі, вызначэння структуры фінансавання, маніторынгу і суправаджэння рэалізацыі інвестыцыйных праектаў. Таксама змяняецца парадак разгляду бізнес-планаў інвестпраектаў, правядзення конкурснага адбору праектаў, якія фінансуюцца за кошт сродкаў рэспубліканскага інавацыйнага фонду.

З 1 красавіка ў інфакіёсках і банкаматах «Прыёрбанку» не будуць прымаць купюры наміналам 5 рублёў. Усе астатнія наміналы беларускіх рублёў будуць прымацца ў звычайным рэжыме. Таксама купюра наміналам 5 рублёў застаецца даступнай для зняцця ў банкаматах «Прыёрбанку».

Змены ў будаўніцтве

Да 22 красавіка ўключна дамовы стварэння абʼектаў долевага будаўніцтва, заключаныя да 23 сакавіка, неабходна прывесці ў адпаведнасць з пастановай Саўміна ад 19 сакавіка № 187. А з 28 красавіка змяняюцца ўмовы прыёмкі ў эксплуатацыю жылых памяшканняў у шматкватэрных жылых дамах, якія будуюцца з прыцягненнем дзяржпадтрымання: такое жыллё змогуць прымаць без усталявання ўбудаванай мэблі і электраплітаў пасля адпаведных змяненняў у праектнай дакументацыі.

Новыя авіярэйсы

«Белавія» адкрывае рэгулярныя рэйсы ў Маскву (Шарамеццева): з 1 красавіка – з Гомля і 3 красавіка – з Берасця. З 26 красавіка авіякампанія запускае прамыя рэйсы з Менску ў сталіцу Дагестана – Махачкалу. Таксама акрамя таго, авіякампанія з 16 красавіка арганізуе дадатковы рэйс у Індыю, а з 19 красавіка па 15 лістапада будзе рэалізоўваць палётную праграму ў Турцыю (Анталля, Ізмір і Бодрум).

Расейская авіякампанія «Red Wings» з 21 красавіка запускае прамыя рэгулярныя рэйсы з Архангельску ў Менск. А «Uzbekistan Airways» з 6 красавіка павялічвае колькасць рэгулярных рэйсаў па маршруце Ташкент – Менск – Ташкент.

Змяненні ў рабоце транспарту

Прыгарадныя аўтобусныя маршруты ў Менску з 6 красавіка пераходзяць на вясновы графік. А Беларуская чыгунка праз рамонт зменіць расклад і маршруты некаторых цягнікоў з-за рамонту. Так, на перагонах Менск-Паўднёвы – Калядзічы з 1 па 30 красавіка і Менск-Сартавальны – Памыслішча з 8 па 25 красавіка, а таксама з 1 красавіка на ўчастку Магілёў – Жлобін – Гомель пасажырскія цягнікі будуць рухацца змененым маршрутам і раскладам.

Макар Мыш belsat.eu