Фітнес сыдзе ў падполле? Сферу спартовых паслуг чакае акрэдытацыя


Апошнія паўгады ў беларускіх трэнажорных залах, цэнтрах па фітнесу, танцах і ёзе неспакойна: да канца гэтага года ўсе трэнеры і інструктары мусяць прайсці акрэдытацыю, каб атрымаць дазвол для далейшай працы. З 1 студзеня, калі трэнер не мае фізкультурнай адукацыі, яму забараняецца працаваць.  Спецыялізаванага дыплома няма ў шмат якіх адмыслоўцаў, – распавялі яны «Белсату».  Што цяпер адбываецца ў сферы фітнесу і якія варыянты ёсць у трэнераў высвятляем разам з нашымі суразмоўцамі. 

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Freepik

Што за акрэдытацыя і навошта яна ўводзіцца

Патрабаванне аб тым, каб у спецыялістаў спартыўнай галіны дзяржаўных і прыватных формаў уласнасці была адпаведная профільная адукацыя, было ўведзенае ў 2014 годзе. У 2018 годзе гэтую норму пашырылі і на індывідуальных прадпрымальнікаў. Фітнес-цэнтры тады знайшлі выйсце: згодна з палажэннем Адзінага кваліфікацыйнага даведніка пасад Мінпрацы, на працу ў некаторых выпадках наймальнік можа ўзяць супрацоўніка і без вышэйшай адукацыі, калі той мае неабходныя для дадзенай пасады веды і вопыт. Так і працавалі пяць гадоў. Зараз такіх адмыслоўцаў будуць змушаныя звольніць.

Летам 2022 года на заканадаўчым узроўні была ўведзеная абавязковая дзяржаўная акрэдытацыя. Праз год уступілі ў сілу адпаведныя пастановы Савету Міністраў і Мінспорту, якія ўстанавілі крытэрыі праходжання працэдуры.

Міністэрства спорту і турызму ў асобнай пастанове вызначыла пералік відаў дзейнасці, якія адносяцца да фізічнай культуры і для ажыццяўлення якіх трэба прайсці акрэдытацыю. Сюды ўвайшлі не толькі ўсім вядомыя віды спорту, фізічнай актыўнасці, але нават гульні: боўлінг, дартс і лапта. Спіс плануюць пашырыць яшчэ больш. Трэнеры і інструктары мусяць да 1 студзеня 2024 года атрымаць неабходны дазвол на працу, іначай яны апынуцца па-за законам.

Але праблема не толькі ў профільнай адукацыі. Сярод патрабаванняў да акрэдытацыі ў сферы фізічнай культуры і спорту знаходзім і абавязковы цяпер ідэалагічны складнік. Каб прайсці акрэдытацыю, у асобы не мусіць быць «праблем з законам». Сюды падпадае крымінальны пераслед, дыскваліфікацыя за допінг у спорце, факты прыцягнення да адказнасці за непавагу да дзяржаўных інстытутаў і сімвалаў, канстытуцыйнага ладу, супрацьпраўныя дзеянні супраць парадку кіравання, грамадскага парадку і грамадскай маральнасці. То бок калі спецыяліст, напрыклад, затрымліваўся раней за падпіску на «няправільныя» тэлеграм-каналы, то ён не зможа застацца ў прафесіі.

Агляд
Перарэгістрацыя як спосаб барацьбы з няўгоднымі
2023.10.26 08:27

Чыноўнікі кажуць, што такім чынам хочуць навесці парадак у сферы. Насамрэч жа выглядае, што гэта чарговы этап закручвання гаек і спроба ўзяць пад поўны кантроль і гэту вобласць. Нагадаем, раней абавязковую акрэдытацыю мусілі прайсці ўсе прадстаўнікі сферы культуры, арганізатары мерапрыемстваў, экскурсаводы, юрысты. Шэрагі гэтых адмыслоўцаў вельмі значна парадзелі.

На ўсіх жадаючых па ўсёй краіне – толькі 6 ВНУ

Каб застацца ў прафесіі, многія інструктары і трэнеры вырашылі паступіць на перападрыхтоўку ва ўніверсітэты. Аднак жадаючых апынулася вельмі шмат. Напрыклад, на курс у Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі БДУФК утварылася чарга ажно ў 200 чалавек. Ёсць і іншыя ВНУ, дзе можна прайсці перападрыхтоўку – іх шэсць, у тым ліку і ў рэгіёнах. Аднак трапіць туды таксама праблематычна – занадта вялікі попыт.

Яраслаў (імя змененая) працуе інструктарам па фітнесу ў трэнажорнай залі каля 10 гадоў. Мае вышэйшую медычную адукацыю, якая, па яго словах, дапамагае яму ў прафесійнай дзейнасці. Аднак цяпер ён вымушаны атрымліваць другую вышэйшую адукацыю – ужо ў сферы спорту.

«Мне пашанцавала – я паступіў на завочнае аддзяленне. Адна мая калега, інструктар па пілатасу, спрабавала падавацца ў ВНУ ў розных гарадах, бо паўсюль вялікі конкурс. Частка маіх калег сыходзіць з працы і шукае сабе штосьці іншае. Па маіх назіраннях, палова калег не мае спартовай адукацыі. А калі ўзяць у маштабах краіны – гэта вялізная колькасць людзей. Многія гатовыя працаваць па новых правілах, аднак пры ўсім жаданні не паспяваюць прайсці перападрыхтоўку, якая доўжыцца каля паўтара-двух гадоў. Будзем працаваць на свой страх і рызыку», – кажа наш суразмоўца.

«Мы знойдзем выйсце і падыходзячы фармат»

Святлана (імя змененае) з-за немагчымасці працаваць у ранейшай сферы па адукацыі вырашыла зрабіць справай жыцця сваё хобі – пачала праводзіць заняткі па жаночай ёзе. Каля двух гадоў яна арандавала памяшканне, удасканальвалася як спецыяліст, напрацоўвала кліентаў. Зараз жа яна вымушаная прыпыніць сваю дзейнасць.

«Тут справа, канешне, не толькі ў спартовай адукацыі. Мяне наўрад ці акрэдытуюць па ідэалагічных прычынах, таму нават не буду спрабаваць. Афіцыйна я сваю дзейнасць не магу праводзіць. Але думаю, з маімі дзяўчатамі-кліенткамі мы знойдзем выйсце і падыходзячы фармат», – адзначыла нашая суразмоўца.

Алена (імя змененае) працуе ў дзяржаўнай установе культуры танцоркай, паралельна мае сваю справу як педагог па харэаграфіі і інструктар па расцяжцы. Цяпер яна сыходзіць з дзяржаўнай працы, а таксама вымушаная адмовіцца ад шэрагу напрамкаў у сваёй прадпрымальніцкай дзейнасці.

«У мяне раней была дзіцячая група, але новы набор у гэтым годзе я нават не пачынала – будзе проста шкада кідаць дзяцей праз некалькі месяцаў.

З новага году не будзе маіх груп па расцяжцы, хоць гэта і быў вельмі папулярны напрамак. Застаюцца мае групы па харэаграфіі і тым, што я называю «танцавальным фітнесам». Але цяпер, думаю, назву трэба памяняць. Разглядаю ўсю гэту сітуацыю як штуршок да развіцця. Думаю над новымі фарматамі працы», – пракаментавала нашая суразмоўца.

Што далей?

На думку нашых суразмоўцаў, сферу ў хуткім часе можа паралізаваць. Ёсць трэнеры і інструктары, якія працуюць без афармлення ІП, такім чынам будуць працаваць і далей. Шмат жа з тых трэнераў, якія працуюць легальна і плацяць падаткі, будуць вымушаныя сысці з працы ці таксама «сысці ў цень».

Hавiны
Міністр спорту Кавальчук загадаў «зачысціць» усіх, хто падпісваўся не за Лукашэнку
2022.01.07 17:28

Саша Гоман, belsat.eu

Стужка навінаў