Лукашэнка выступіць з пасланнем да беларускага народу і парламенту


У апошні дзень сакавіка Аляксандр Лукашэнка звернецца з пасланнем да беларускага народу і дэпутатаў «парламенту». Аб гэтым паведамляе БелТА са спасылкай на кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Ігара Сергеенку.

Лукашэнка выйшаў да некаторых гасцей. Пасланне да беларускага народу і Нацыянальнага сходу, 2020 год. Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: president.gov.by

На 31 сакавіка запланаванае штогадовае пасланне, з якім Аляксандр Лукашэнка выступіць перад 2,5 тыс. сваіх паплечнікаў і гасцей у Палацы Рэспублікі. Кіраўнік ягонай адміністрацыі Ігар Сергеенка расказаў, што для рыхтавання паслання былі задзейнічаныя розныя дзяржаўныя, грамадскія структуры, навуковая супольнасць, арганізаванае вывучэнне тэндэнцыяў развіцця сітуацыі ў рэгіёнах і грамадскай думкі.

Паводле Сергеенкі, сабраныя матэрыялы дазваляюць «прааналізаваць тую сітуацыю, якая складваецца ў краіне, і вызначыць комплексна тое пасланне, тыя думкі», якія трэба данесці падчас выступу. Аднак, паводле чыноўніка, Лукашэнка дапрацоўвае пасланне самастойна: «Сітуацыя дынамічна мяняецца, практычна штодня, і гэты дакумент патрабуе актуалізацыі».

Падчас выступу ў зале Палацу Рэспублікі ў Менску збяруцца дэпутаты абедзвюх палатаў лукашэнкаўскага парламенту, кіраўнікі міністэрстваў, дзяржаўных камітэтаў, мясцовых органаў улады, прадстаўнікі працоўных калектываў, прамысловых прадпрыемстваў, сельскай гаспадаркі, навукі, адукацыі, аховы здароўя, сродкаў масавай інфармацыі, дыпламатычнага корпусу, акрэдытаванага ў Менску, дэлегацыі ўсіх рэгіёнаў і сталіцы.

Паводле Сергеенкі, Лукашэнка разлічвае, што гэта будзе не проста зварот да беларускага народу, «аўдыторыя будзе значна шырэйшая».

Тым часам стала вядома, што на пачатак красавіка запланаваныя перамовы Лукашэнкі з Пуціным у Сочы.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў