У Іране ў выніку атакі на шыіцкую святыню загінулі 15 чалавек


Не менш за 15 чалавек загінулі падчас страляніны ў маўзалеі Шах Чэрах у іранскім горадзе Шыраз. Пра гэта паведамляе Reuters.

Адказнасць за тэракт узялі на сябе баевікі «Ісламскай дзяржавы».

Як паведамляе Бі-Бі-Сі, сярод загінулых была мінімум адна жанчына і двое дзяцей. Дакладнай інфармацыі пра колькасць параненых няма: спачатку заяўлялася пра 40 пацярпелых, потым іранскае тэлебачанне паведаміла пра 19.

Мясцовыя медыі сцвярджаюць, што нападнікаў было трое, яны пачалі страляць па паломніках ля ўваходу ў маўзалей. Але афіцыйныя асобы кажуць, што стралок быў адзін, ён атрымаў раненне і цяпер затрыманы.

Маўзалей Шах Чэрах з’яўляецца адной з галоўных славутасцяў Шыразу і важнай рэлігійнай святыняй шыітаў.

Разбор
Душаць пратэсты і пастаўляюць дроны Расеі. Што адбываецца ў Іране, і што з гэтым можна зрабіць
2022.10.24 16:03

Тэракт у Шыразе адбыўся на фоне масавых пратэстаў, якія пачаліся ў верасні і ахапілі дзясяткі гарадоў Іран. Пратэсты былі выкліканыя смерцю ў пастарунку 22-гадовай Магсы Аміні, затрыманай за «непрыстойнае» нашэнне хіджабу. Але пратэстоўцы патрабуюць не толькі эмансіпацыі ды раўнапраўя жанчын, але і змены рэжыму ў краіне.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў