Дзе і якія расейскія падраздзяленні заўважаныя ў Беларусі


З пачатку мінулага тыдня ў Беларусь амаль штодзень прыбываюць эшалоны з расейскімі жаўнерамі і тэхнікаю. Belsat.eu распавядае, дзе былі заўважаныя расейскія вайскоўцы, і пра якія падраздзяленні ідзецца.

Дзе бачылі расейскія войскі 20–27 студзеня 2022 года. Выява: Белсат. Іконкі: OpenMoji, CC BY-SA 4.0

У Берасці 25 студзеня прыбылі расейскія дэсантнікі. «Conflict Intelligence Team» высветліла, што гаворка пра байцоў 98-й гвардзейскай паветрана-дэсантнай дывізіі (так званыя іванаўскія дэсантнікі). Разам з асабістым складам перадыслакуецца браняваная тэхніка – БМД і БТРы.

На здымках Міністэрства абароны Беларусі эксперты заўважылі падпалкоўніка Віктара Драздова – камандзіра 217-га гвардзейскага парашутна-дэсантнага палка. Такім чынам, можна казаць, што як мінімум адзін з палкоў гэтай дывізіі перакінуты ў Берасце.

Іванаўскія дэсантнікі раней бралі ўдзел у вайне з Грузіяй у 2008 годзе і з Украінай у 2014-м (тады група жаўнераў нават трапіла ў палон да ўкраінцаў). Эксперты «CIT» падкрэсліваюць: зʼяўленне расейскіх дэсантнікаў у Беларусі выглядае пагрозліва, бо такія падраздзяленні будуць адыгрываць вызначальную ролю ў выпадку маштабнага наступу на тэрыторыю Украіны.

Раней, 21 студзеня, на станцыю Берасце-Паўднёвае ўжо прыбылі расейскія жаўнеры, але невядома, з якой вайсковай часткі.

Расейскія САУ на станцыі Берасце-Паўднёвае, 21 студзеня.
Фота: modmilby / Telegram

На станцыю Палонка ў Баранавіцкім раёне цяпер рэгулярна прыбываюць цягнікі з расейскімі вайскоўцамі і тэхнікаю. Толькі паводле афіцыйных звестак Мінабароны Беларусі, эшалоны там сустракалі 20,22, 23, 24 і 25 студзеня.

Расейская тэхніка на станцыі Палонка, 24 студзеня.
Фота: modmilby / Telegram

Беларускі бок не называў падраздзяленняў, а вось Мінабароны РФ 25 студзеня паведаміла, што гаворка пра марскую пяхоту Ціхаакіянскага флоту і артылерыю Усходняй вайсковай акругі. Варта адзначыць, што падраздзяленні марской пяхоты Расея выкарыстоўвала ў вайне на Данбасе ў 2014–2015 годзе – праўда, там былі заўважаныя марпехі Паўночнага флоту, а не Ціхаакіянскага.

Расейская марскія пяхотнікі на станцыі Палонка, 25 студзеня.
Фота: modmilby / Telegram

У паведамленні Міністэрства абароны РФ не тлумачыцца, колькі артылерыі ды жаўнераў перакінутыя ў Беларусь. Вядома, што марская пяхота Ціхаакіянскага флоту складаецца з дзвюх брыгадаў – 155-й (Уладзівасток) і 40-й (Петрапаўлаўск-Камчацкі). На відэа ВоенТВ за 24 студзеня можна пачуць, што на станцыю Палонка прыбылі байцы 155-й брыгады. Яе колькасць у «Вікіпедыі» ацэньваецца на 1,5 тысячы чалавек. Але няясна, ці прыбыла брыгада ў поўным складзе.

Расейскія вайскоўцы прыбылі 21 студзеня таксама на станцыю Лясная ў Баранавіцкім раёне, але назвы падраздзялення не агучвалі.

Расейскія вайскоўцы на станцыі Лясная, 21 студзеня.
Фота: modmilby / Telegram

У той жа дзень, 21 студзеня, расейскіх вайскоўцаў сустракалі і ў Лідзе (Гарадзенская вобласць). Варта адзначыць, што ў цэлым вайсковая актыўнасць на Гарадзеншчыне пакуль ніжэйшая, чымся на Гомельшчыне ці Берасцейшчыне. Між тым і ў самой Горадні мясцовыя жыхары 26 студзеня заўважылі вялікую калону тэхнікі, паведамляе Telegram-канал «Беларусь за МКАД». Паралельна 26 студзеня калона тэхнікі была заўважаная на трасе М6 у кірунку Горадні – не выключаюць, што гэта былі якраз тыя падраздзяленні, што прыбылі раней у Ліду.

Паводле блогера Антона Матолькі, 26 студзеня на трасе М10 заўважылі вялікую калону расейскай вайсковай тэхнікі, якая рухалася ад Мікашэвічаў у бок Лунінца. Сярод іншага ў калоне быў браняваны аўтамабіль «Тыгр» і комплекс радыёвыведкі РБ-531Б «Інфаўна». Дарэчы, паводле інфармацыі Мікалая Халезіна, у раёне Лунінца плануецца размесціць расейскую авіяцыю і пабудаваць казармы для вайскоўцаў.

Цікава, што калі перакідванне расейскіх войскаў на Берасцейшчыну даволі актыўна асвятляецца афіцыйнымі крыніцамі, то па Гомельшчыне інфармацыі значна менш. Telegram-канал Міністэрства абароны паведаміў публічна толькі аб прыбыцці расейскіх вайскоўцаў на станцыю Казенкі ў Мазырскім раёне 22 студзеня. Але невядома, якія падраздзяленні туды перакінулі.

Разам з тым неафіцыйнай інфармацыі расейскіх вайскоўцаў на Гомельшчыне даволі шмат. Яны былі заўважаныя ў Рэчыцы, Калінкавічах, Ельску і Гомлі. Яшчэ 20 студзеня эксперты «CIT» звярнулі ўвагу, што ў раёне Рэчыцы з’явіліся расейскія сістэмы залпавага агню «Ураган», хаця там няма палігонаў, заяўленых для расейска-беларускіх вучэнняў. Затое адтуль крыху больш за 40 кіламетраў да мяжы з Чарнігаўскаю вобласцю. Яшчэ бліжэй да ўкраінская мяжы ад Ельску – там відавочцы 23 студзеня заўважылі «ЗІЛы» са схаванаю задняю часткай (ёсць меркаванне, што зноў можа весціся пра рэактыўную артылерыю).

У Рэчыцкім раёне 21 студзеня таксама заўважылі перасоўванне транспарцёра МТ-ЛБ, радыёстанцыі Р-166, машыну спадарожнікавай сувязі Р-439-МД2, «ЗІЛы» і «КамАЗы», паведамляе Антон Матолька. 22 і 24 студзеня там заўважылі танкі – імаверна, гаворка пра Т-80. А 25 студзеня ў бок Рэчыцы па трасе М10 рухалася тэхніка з Гомля.

Радыё «Свабода» паведамляе, што ў Гомельскім раёне расейскіх вайскоўцаў размясцілі ў вайсковым мястэчку Зяброўка. Акрамя таго, мясцовыя жыхары заўважылі ажыўленне ў закінутых летніках.

Антон Матолька паведамляе, што ў Асіповічах Магілёўскай вобласці 20 студзеня заўважылі расейскія ракетныя комплексы «Іскандэр». Яны могуць несці ядравы зарад, а іх максімальная дальнасць – да 500 кіламетраў.

22 студзеня ў раёне чыгуначнага вакзалу Воршы з’явіліся эшалоны з расейскімі «Ураганамі». 26 студзеня каля Воршы ў напрамку Менску рухалася калона тэхнікі.

Сістэмы «Ураган» у Воршы.
Фота: motolko.help

У Калодзішчах (Менскі раён) яшчэ 18 студзеня з’явіліся вайскоўцы з 16-й брыгады радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны, якая базуецца ў Прыморскім краі РФ. 24 студзеня ў сеціва трапілі кадры выгрузкі расейскіх войскаў у Мар’інай Горцы. У той жа дзень у бок Мар’інай Горкі па трасе М4 рухалася калона расейскай вайсковай тэхнікі, разам з бронетранспарцёрамі БТР-82А.

23–24 студзеня на станцыі Менск-Усходні заўважылі цягнікі з расейскаю тэхнікаю. Тады ж відавочцы казалі пра калону тэхнікі з Заходняй вайсковай акругі РФ, якая рухалася з Менску ў бок Гомля. Таксама калону тэхнікі бачылі каля вёскі Абчак – 25 студзеня яна накіроўвалася ў боку Берасця. У той жа дзень у Барысаўскім раёне заўважылі цягнікі з прыблізна 50 вайсковых машынаў – паводле інфармацыі Антона Матолькі, эшалон рухаўся на Баранавічы.

У Баранавічы 26 студзеня прыбылі расейскія знішчальнікі Су-35С, перадыслакаваныя з Хабараўскага краю. Пры гэтым не паведамляюць, колькі знішчальнікаў перакінутыя ў Беларусь. Але першапачаткова заяўлялі, што ў вучэннях будуцб задзеяныя 12 знішчальнікаў з Расеі.

Расейскі Су-35С у Баранавічах.
Фота: modmilby / Telegram

Таксама чакаюцца ў Беларусі двы дывізіёны зенітна-ракетных комплексаў С-400 «Трыумф» і зенітны ракетна-гарматны дывізіён «Панцыр-С».

Паводле «CIT», адною з першых у Беларусь прыбыла 54-я брыгада кіравання, яе байцоў можна пабачыць на здымках Мінабароны, але лакалізаваць гэтую частку на беларускай тэрыторыі пакуль не ўдалося.

Эксперты «CIT», спасылаючыся на паведамленні сваякоў вайскоўцаў у сацсетках, таксама кажуць, што ў Беларусь могуць перакідваць байцоў 104-й брыгады кіравання, 165-й артылерыйскай брыгады, 38-й мотастралковай брыгады, 14-й брыгады спецназу і вайсковай паліцыі з Хабараўску.

Hавiны
Што трэба ведаць пра вучэнні «Саюзная рашучасць» і звязаныя з імі пагрозы
2022.01.20 10:40

***

Колькасць расейскіх жаўнераў і тэхнікі, якія будуць перакінутыя ў Беларусь, дасюль не агучаная. Ёсць розныя ацэнкі магчымых маштабаў расейскай прысутнасці. Міністр абароны Літвы Арвідас Анушаўскас мяркуе, што Расея перакідвае ў Беларусь у 3-4 разы больш сваіх вайскоўцаў, чым падчас вучэнняў «Захад-2021». Улічваючы, што ў «Захадзе-2021» бралі ўдзел каля 2,5 тысячы расейцаў, то цяпер можа ісціся пра 7,5–10 тысячаў.

Telegram-каналу беларускіх чыгуначнікаў belzhd_live паведамляў, у Беларусь плануецца накіраваць 200 вайсковых эшалонаў з расейскаю тэхнікай і жаўнерамі – гэта амаль у 7 разоў больш, чымся падчас вучэнняў «Захад-2021». То бок тэарэтычна можа ісціся пра больш як 17 тысяч расейцаў (хаця гэта вельмі ўмоўны падлік, бо насамрэч колькасць вайскоўцаў у эшалонах можа быць розная).

Вайсковы эксперт Ягор Лебядок дапускае, што расейскіх вайскоўцаў можа быць да 13 тысячаў.

Hавiны
Новая дата нападу, расейскія марпехі ў Беларусі і ўзмацненне сілаў NATO. Хронікі вайсковай эскалацыі
2022.01.26 01:13

РР belsat.eu

Стужка навінаў