Ціханоўская: «Нашыя дзеці павінны вучыцца ў школе, свабоднай ад прапаганды»


Напрыканцы навучальнага года абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская звярнулася да настаўнікаў, вучняў і бацькоў. Яна звярнула ўвагу на тое, што ў школах робіцца ўсё больш прапаганды і ідэалагічнага выхавання.

Вучні старэйшых класаў у піянерскіх гальштуках.
Фота: Белсат

У сваім звароце Святлана Ціханоўская звярнула ўвагу на рэспубліканскую кантрольную працу па гісторыі Беларусі, якую павінны здаваць выпускнікі, але ў якой, паводле Ціханоўскай, няма ні слова пра сталінскія рэпрэсіі і масавыя расстрэлы, але хапае «ідэалагічна вывераных» апавяданняў.

Ціханоўская распавяла гісторыю, калі ёй напісаў бацька ліцэіста: «Ён распавёў, што дзяцей з фізмату зазываюць у «патрыятычныя» класы. Іх завабліваюць туды вялікай колькасцю фізкультуры, бясплатным басейнам, абяцаюць дапамогу пры паступленні і распавядаюць, як гэта выдатна – быць патрыётам. Вось толькі ў іхным патрыятызме паняцце «Радзіма» падмяняюць на «Лукашэнку». І калі бацькі своечасова не ўмяшаюцца, з дзяцей зробяць будучых прапагандыстаў і сілавікоў».

Замест гэтага лідарка беларускіх дэмакратычных сілаў заклікае абапірацца на «здаровы і ўсвядомлены выбар».

«Ніхто, апроч нас, не зможа абараніць нашых дзяцей. Бацькі могуць не пускаць дзяцей на ідэалагічныя ўрокі, экскурсіі і мерапрыемствы, асабліва ў выходныя дні. А настаўнікі могуць адмаўляцца праводзіць такія мерапрыемствы ці негалосна сабатаваць іх. Нашыя дзеці павінны вучыцца ў школе, свабоднай ад прапаганды. Мы хочам, каб нашыя дзеці вучыліся ў найлепшых ВНУ Беларусі і Еўропы, а не ішлі ў вайсковую вучэльню. У нашых сілах супрацьстаяць гэтаму, таму што толькі ад нас залежыць лёс нашых дзяцей», – заявіла Ціханоўская.

Нагадаем, апошні званок для выпускнікоў 9-х і 11-х класаў установаў агульнай сярэдняй адукацыі Беларусі прайшоў 25 траўня.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў