Пратэсты фермераў хутка не скончацца

Урад у Варшаве знаходзіцца ў складанай сітуацыі. Бо надыходзяць мясцовыя выбары.

Чарговы дзень агульнанацыянальнай забастоўкі фермераў супраць імпарту збожжа з Украіны. На здымку спрэчны банэр з лозунгам: «Пуцін, разбярыся з Украінай, Бруселем і нашымі ўладамі». Гажычкі, Польшча. 20 лютага 2024 года.
Фота: Dawid Machecki / nowiny.pl / East News

Здараюцца сітуацыі, калі адзін плакат можа скампраметаваць пратэст тысячаў асобаў. Менавіта гэта адбылося з фермерамі, якія ўжо некалькі месяцаў запар пратэстуюць на памежных пераходах з Украінай. Нядаўна на адным з трактароў у мясцовасці Гожычкі (Gorzyczki) з’явіўся вялікі банер з надпісам «Пуцін, разбярыся з Украінай, Бруселем і нашымі ўладамі».

Мала таго, фермер прычапіў да трактара савецкі сцяг. Паліцыя завяла справу, мужчына будзе адказваць за «заклік да агрэсіі супраць Польшчы, падтрымку агрэсіі Расеі супраць Украіны і прапаганду камуністычнай ідэалогіі». Плакат абурыў палякаў, што было бачна са шматлікіх публікацыяў у польскіх СМІ. Моцна абурыліся і ў Кіеве. Арганізатары пратэсту хутка адмежаваліся ад «скандальнага» фермера і паехалі далей. Праблема, якая з кожным днём усё больш абвастрае стасункі Польшчы з Украінаю, дагэтуль не вырашаная. Чарговыя 160 тонаў украінскага зерня (гэтым разам кукурузы) нехта высыпаў з вагонаў транспартнага цягніка ноччу з суботы на нядзелю каля мясцовасці Катомеж (каля Быдгашчы). Паліцыя завяла крымінальную справу. Украінскія медыі пішуць, што зерне ішло транзітам у трэція краіны праз порт у Гданьску.

Агляд
Еўрапейскія фермеры пратэстуюць амаль месяц. Чаго яны хочуць?
2024.02.22 09:59

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі прапаноўваў нядаўна сустрэцца ўрадам на мяжы, але кіраўнік польскага ўраду Дональд Туск запрапанаваў украінцам сустрэцца ў Варшаве 28 сакавіка. Да таго часу на ўзроўні міністэрстваў і падчас сустрэчаў у Бруселі будзе разглядвацца пытанне польскіх фермераў. Пратэстаў яны не спыняюць. Наадварот, ужо на гэтым тыдні (у аўторак) дзясяткі тысячаў фермераў прыедуць у Варшаву, каб заблакаваць цэнтр сталіцы. Арганізатары пратэсту кажуць, што, калі ўрад іх не пачуе,  наступным крокам будзе блакада дарог вакол галоўных польскіх гарадоў.

Чаго дамагаюцца фермеры ў Польшчы? Па-першае, чакаюць фінансавай падтрымкі ў выглядзе даплатаў у памеры 1500 злотых да гектара зямлі. Гэта, на іх думку, павінна кампенсаваць страты, выкліканыя крызісам, які сёння перажывае аграрны сектар у Польшчы. Акрамя таго, фермеры дамагаюцца не толькі падтрымання эмбарга на ўвоз у Польшчу з Украіны збожжавай прадукцыі, але і іншых аграрных вырабаў. Дамагаюцца таксама, каб Брусель наклаў на Кіеў фітасанітарныя і бюракратычныя нормы, якія існуюць у ЕЗ. Да Еўразвязу ў польскіх (і не толькі польскіх) фермераў асобны спіс прэтэнзіяў. Галоўная праблема – Еўрапейскі зялёны курс (Europejski Zielony Ład), які праводзіць Еўропа да 2050 года, паступова пераводзячы фермераў на «экалагічна чыстую прадукцыю».

Восем вагонаў грузавога цягніку з кукурузай, які ішоў з Украіны, быў ускрыты на чыгуначным шляху ў вёсцы Катомеж, Польшча. 25 лютага 2024 года.
Фота: Mateusz Slodkowski / AFP / East News

Пратэсты фермераў у розных краінах прымусілі Еўрапейскую камісію прыпыніць на год абавязак пакідаць незасеянай 4 % сваёй зямлі на так званы «адпачынак». На думку еўрачыноўнікаў, зямля ў гэты час зарастае травой і аднаўляецца. Фермеры не прымаюць і плану памяншэння ажно на 50 % (да 2030 года) ужывання пестыцыдаў, бо гэта істотна абмяжоўвае іх здольнасць канкураваць на еўрапейскім рынку (з той жа Украінай), а на польскім рынку ўжо сёння выдаткі на прадукцыю таго ж зерня (збожжа, кукурузы і г. д.) перавышаюць даходы ад іх продажаў.

Выглядае на тое, што хуткага развязання, на якое спадзяюцца ўлады ў Кіеве, у польскага кіраўніцтва няма. Кааліцыйны ўрад у Варшаве ствараецца з некалькіх партыяў і рухаў. Сярод іх – «Агроўнія» («Agrounia»), якая прыйшла ў палітыку, баронячы фермераў у часы «Закону і справядлівасці» (PiS). Фермеры ў Польшчы складаюць амаль 10 % выбарнікаў, а гэта немалаважна, асабліва падчас мясцовых выбараў (адбудуцца 7 красавіка). Больш за тое, пратэст фермераў падтрымлівала пераважная большасць палякаў (77 %), прынамсі, так было да правакацыйнага плаката і савецкага сцяга на адным з трактароў.

Меркаванні
Чаму польскія фермеры блакуюць мяжу з Украінаю?
2024.02.19 08:20

Калі правакацыі не паўторацца, то на настроях палякаў гэта асабліва не адабʼецца і кожнай партыі давядзецца лічыцца з тым, што абвастрэнне канфлікту з фермерамі можа мець уплыў на вынік важных для Польшчы выбараў. Бо польскі ўрад кіруе краінаю, але ў кожным горадзе, мястэчку і вёсцы ёсць свае прэзідэнт, бурмістр і войт. А таксама яны маюць мясцовыя бюджэты, праводзяць уласную, незалежную ад Варшавы палітыку.

Акрамя таго, польскіх фермераў падтрымалі паляўнічыя, а гэта вельмі ўплывовая група асобаў у Польшчы. У многіх гарадах чальцамі «паляўнічых колаў» часта зʼяўляюцца палітыкі, высокага ўзроўню чыноўнікі, кіраўнікі паліцыі, пракуроры ці нават суддзі.

 

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў