Павел Латушка: Рэжым Лукашэнкі перадае інтэрнэт пад кантроль Расеі


Рэжым Лукашэнкі пачаў працэс па стварэнню цэнтру кібербяспекі сумесна з расейскай кампаніяй, звязанай з расейскімі спецслужбамі. Для нашай краіны ўзнікае новая пагроза ў выглядзе паступовай перадачы нацыянальнага сегмента сеткі Інтэрнэт пад кантроль суседняй дзяржавы. Пра гэта ў відэа на сваім youtube-канале распавядае кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка. 

Фота: Белсат

Паводле яго слоў, яшчэ 14 лютага 2023 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў так званы Указ №40 «Аб кібербяспецы», якім прадугледжана стварэнне Нацыянальнага цэнтру кібербяспекі і падобных цэнтраў па ўсёй Беларусі.

Загадам Аператыўна-аналітычнага цэнтру пры Лукашэнку ад 11 лістапада 2023 года Цэнтр кібербяспекі, створаны пры РУП «Нацыянальны цэнтр абмену трафікам», стаў першай атэставанай структурай такога кшталту ў краіне.

Літаральна за месяц да гэтага РУП «Нацыянальны цэнтр абмену трафікам», або скарочана НЦАТ, і расейская IT-кампанія Positive Technologies падпісалі мемарандум аб супрацы ў галіне развіцця кібербяспекі ў Беларусі.

У рамках гэтай супрацы сумесныя намаганні павінны быць накіраваны на «павелічэнне колькасці высокакваліфікаваных экспертаў па інфармацыйнай бяспецы і павышэнне дасведчанасці беларускіх кампаній аб абароне ад кіберпагрозаў».

Што гэта за кампанія Positive Technologies, з якой НЦАТ пачаў такую цесную супрацу?

«Яшчэ ў 2021 годзе, да поўнамаштабнага ўварвання расейскіх войскаў ва Украіну, кампанія Positive Technologies патрапіла пад амерыканскія санкцыі. За што? Усё проста – кампанія аказвала падтрымку расейскім дзяржарганізацыям і праводзіла форумы па практычнай бяспецы, дзе супрацоўнікі расейскіх спецслужбаў маглі вербаваць хакераў. Пра гэта некалькі гадоў таму свету паведаміла амерыканская рэдакцыя Forbes. Таксама расейская IT-кампанія адзначылася ў гандлі тэхналогіямі, якія маглі быць выкарыстаны для ўзлому арганізацый і асобных асоб па ўсім свеце», – гаворыцца ў відэа.

Ужо пасля пачатку вайны Расеі супраць Украіны Positive Technologies трапіла пад дзеянне 11-га пакета санкцый Еўразвяза, які быў апублікаваны 23 чэрвеня 2023 года. А ў лістападзе 2023 года Positive Technologies таксама аказалася ў санкцыйным спісе Украіны.

Hавiны
Беларускія ўлады збіраюцца змагацца з VPN
2024.01.22 19:31

«І вось зараз гэтая кампанія прыйшла на беларускі рынак. І не проста прыйшла, а атрымала доступ у той самы НЦАТ – адзін з двух правайдараў-манапалістаў у Беларусі, у якіх усе астатнія правайдары купляюць трафік для выхаду ў інтэрнэт за межы Беларусі. Гэта значыць доступ да арганізацыі, якая па сутнасці займаецца кіраваннем беларускім інтэрнэтам», – падкрэслівае Павел Латушка.

Нагадаем, што НЦАТ была створаная спецслужбай – ААЦ. І з’яўляецца той структурай, якая непасрэдна займалася блакіроўкай інтэрнэта ў жніўні 2020 года. І вось зараз да гэтага «рубільніка», да гэтай чырвонай кнопкі беларускага інтэрнэту, Аляксандр Лукашэнка дапускае Расею.

«Мэты рэжыму Лукашэнкі ў межах ягонага разумення «кібербяспекі» зразумелыя – максімальна адсачыць і пракантраляваць кожны крок і кожнае дзеянне беларускіх грамадзян. І, вядома ж, арганізоўваць кібератакі, як гэта было зроблена ім зусім нядаўна ў адносінах да рэсурсаў дэмакратычных сіл. Дарэчы, гэтая атака адбывалася паралельна з кібератакай Расеі ў дачыненні да Украіны», – гаворыцца ў відэа.

Якія ж мэты Расеі ў дачыненні да беларускай кібербяспекі? На думку Паўла Латушкі – узяць яе пад кантроль. І гэты працэс ужо пачаўся – з лёгкай рукі Аляксандра Лукашэнкі.

«Якому, дарэчы, варта было б добра падумаць. Бо аднойчы «рубільнік» інтэрнэту ў Беларусі зноў можа выключыцца. Але кантроль над гэтым працэсам будзе ўжо не ў ягоных руках. А мэтай гэтага выключэння цалкам можа стаць сам Лукашэнка», – рэзюмаваў Павел Латушка.

Разбор
Што рабіць, калі ў Беларусі заблакуюць YouTube, Facebook ці Telegram – і як паставіць VPN
2024.01.12 10:36

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў