Бацькам тыктокера, які пераехаў з Варшавы ў Маскву, аказаўся стары знаёмы «Белсату»


Гісторыя гарадзенскага хлопца, якія жыў у Варшаве, вёў блог у TikTok, сабраў больш за 20 тысяч падпісаннікаў, а пасля пераехаў у Маскву, каб «неяк маштабавацца і развівацца», атрымала нечаканы працяг.

Уладзіслаў Кузняцоў. Крыніца: Reform.by

Выданню Reform.by і праекту «Дзікае паляванне» ўдалося высветліць, што поўнае імя маладзёна – Уладзіслаў Кузняцоў, а ягоны бацька – стары знаёмы «Белсату» Максім Кузняцоў, або Злы Дальнабой, які сыпаў пагрозамі на адрас нашых журналістаў за праведзенае імі расследаванне.

Максім Кузняцоў з 2019 года жыве ў Польшчы, тут ён стаў стваральнікам Лічбавага прафсаюзу кіроўцаў, а таксама спецыяльнай аплікацыі для дальнабойшчыкаў «AntiBAG Тахограф».

Фота Максіма Кузняцова, апублікаванае ў выданні «Мост» (злева), і фота з «Чорнай мапы» (справа). Калаж: Белсат

Пасля навіны пра тое, што створаная Кузняцовым праграма выйшла па-беларуску, у рэдакцыю звярнуўся чытач, які паведаміў, што Кузняцоў вельмі падобны да чалавека, адзначанага на «Чорнай мапе акупантаў». І пасля гэтага закруцілася…

Журналістам удалося высветліць, што Кузняцоў супрацоўнічаў з кампаніяй «Ларыскор», фэйкавай арганізацыі, пад прыкрыццём якой працаўладкаваная абсалютна ўся платная агентура органаў унутраных справаў дыктатара. У базе пашпартоў былі знойдзеныя шэсць варыянтаў дакументу з фотаздымкамі Кузняцова, але рознымі прозвішчамі.

У праграме «Тыдзень» на «Белсаце» выйшла адмысловае расследаванне, прысвечанае Максіму Кузняцову, у якім мы расказвалі, што сам Злы Дальнабой звяртаўся да «Кіберпартызанаў» і ў «ByPol» з патрабаваннем выдаліць яго са спісу карнікаў Беларусі. У выніку ягонае прозвішча сапраўды было выдаленае, і прасіў гэта зрабіць не хто іншы як Аляксандр Азараў (ягонае тлумачэнне сітуацыі было ў расследаванні).

Пасля публікацыі расследавання, адзначаюць журналісты Reform.by, сын Кузняцова расказаў сваім падпісаннікам, што нядрэнна было б з’ездзіць дадому «хоць ненадоўга». Што маладзён і ажыццявіў – і, калі меркаваць з ягонага блогу, у Горадні ён з’явіўся 17 снежня 2023 года.

«Чатыры дні таму Уладзіслаў паведаміў сваім падпісаннікам, што пераехаў у Маскву, і расказаў пафасную гісторыю пра кантэнт на расейскай мове і вялікія магчымасці ў сталіцы Расеі», – піша Reform.by.

Ці звязаная публікацыя інфармацыі аб працы ягонага бацькі на беларускія спецслужбы і тэрміновы ад’езд тыктокера з Варшавы ў Маскву, журналістам выдання высветліць не ўдалося.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў