Наталля Пінчук заклікала «зрабіць немагчымым лёгкае існаванне» рэжыму Лукашэнкі


Наталля Пінчук, жонка палітзняволенага кіраўніка праваабарончага цэнтру «Вясна» і лаўрэата Нобэлеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага, 23 траўня выступіла на Сусветным форуме за свабоду выказвання, што праходзіў у нарвежскім Лілегамэры.

Наталля Пінчук падчас інтэрв’ю «Белсату» ў Варшаве, Польшча. 24 сакавіка 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Наталля Пінчук заявіла, што яе муж Алесь Бяляцкі, усе зняволеныя праваабаронцы і ўсе палітвязні ў Беларусі павінны быць вызваленыя без усялякіх умоваў, піша радыё «Свабода».

«Любы кантакт з уладамі ў Менску магчымы толькі пасля гэтага (і пры ўмове спынення дапамогі Расеі ў яе агрэсіі супраць Украіны). Вызваленне зняволеных – не прадмет для бясконцых перамоваў, не тавар для гандлю, а адзінае выйсце з тупіку, у які дыктатар завёў краіну і народ», – сказала Пінчук.

Паводле яе, «перамовы з Лукашэнкам, за якім стаіць цень Пуціна, безвыніковыя». Пінчук выказала павагу тым краінам і палітыкам, «якія праяўляюць прынцыповасць і не маюць ілюзіяў», ды заявіла, што міжнародныя арганізацыі «павінны стаяць на варце дэмакратычных каштоўнасцяў і міру».

Каментар
Павел Латушка: Злачынец павінны сядзець у турме, а не выступаць на трыбуне ААН
2023.05.12 23:18

Пракаментавала яна і запрашэнне генеральным сакратаром ААН Лукашэнкі на Саміт аб мэтах устойлівага развіцця:

«Значыць, устойлівае развіццё – гэта суўдзел у злачыннай агрэсіі супраць Украіны і масавыя рэпрэсіі, ад якіх ужо ўцяклі сотні тысяч беларусаў?»

Пінчук заклікала «зрабіць немагчымым лёгкае існаванне рэжыму, паказаць, што адказнасць панясе і сам Лукашэнка, і яго хаўруснікі, у тым ліку прапагандысты дзяржаўных медыяў, а самае галоўнае – даць беларускаму грамадству сігнал, што ахвяры былі не марныя, і быць гатовым да вяртання свабоды».

Аналітыка
Гаворка пра мільярды долараў? Хто ў Еўразвязе хоча зняць санкцыі з беларускага калію
2023.05.22 19:18

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў