Былога прэзідэнта Малдовы Ігара Дадона затрымалі на 72 гадзіны. Яго падазраюць у дзяржаўнай здрадзе. Пра гэта распавяла журналістам прэс-сакратарка Генпракуратуры Малдовы Мар’яна Керпэк.
Сёння з раніцы ў доме Ігара Дадона ды ў іншых 11 памяшканнях, звязаных з палітыкам, адбываюцца ператрусы.
Усяго былому прэзідэнту Малдовы інкрымінуюць чатыры артыкулы Крымінальнага кодэксу.
«Ператрусы праходзяць у рамках справы, адкрытай на падставе абгрунтаванага падазрэння ў здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных артыкулам 324 (пасіўная карупцыя), артыкулам 181, пункт 2 (фінансаванне палітычнай партыі з боку крымінальнай арганізацыі), артыкулам 337 (дзяржаўная здрада) і артыкулам 330, пункт 2 (незаконнае абагачэнне) Крымінальнага кодэксу Малдовы», – распавяла Керпэк.
Справу супраць Дадона распачала Генпракуратура Малдовы 18 траўня, яго западозрылі ў атрыманні хабару ад малдаўскага бізнесмена Уладзіміра Плахатнюка. Падставай паслужылі відэазапісы 2019 года, на якіх відаць, як Плахатнюк спрабаваў перадаць Ігару Дадону, у той час – дзейнаму прэзідэнту, чорны пакет. Палітык пакету не браў, але сказаў: «Ізноў вы з кулькамі. Аддайце Косцю».
Пасля публікацыі відэа пачалося расследаванне, але пракуратура не знайшла складу злачынства.
Дадон называў здымку з пакетам правакацыяй з боку Плахатнюка і адмаўляе ўсе абвінавачванні.
Алена Рувіна, belsat.eu