Расейска-ўкраінская вайна як сродак праверкі рэчаіснасці

Год вайны ва Украіне зрабіў відавочнымі для заходніх элітаў і грамадства пэўныя высновы, якія раней амаль не пранікалі ў мэйнстрым. Распачатая Расеяй вайна аказалася выдатным сродкам праверкі поглядаў, палітычнай эфектыўнасці, і развеяла многія міфы, якім паддаліся заходнія палітыкі і лідары грамадскай думкі.

Мітынг каля расейскай амбасады з нагоды поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну. Варшава, Польшча. 24 лютага 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Сапраўдны твар Пуціна

Расейскае ўварванне ва Украіну стала кропкай над «i», якая агаліла прыроду пуцінскага рэжыму і сучаснай Расеі. У яго аснове ляжыць аўтарытарызм, своеасаблівы імперскі нацыяналізм і мілітарызм.

Трэба прызнаць, што на пачатку 1990-х у Расеі адбыўся кароткі дэмакратычны карнавал, вельмі яскравы для інтэлектуалаў, якія ўзгадваюць яго добрым словам, бо ў адносна плюралістычных СМІ можна было публікаваць што заўгодна. Аднак адначасова з-за эканамічнага абвалу і, як вынік, вялізнай галечы, гэта быў карнавал «посны», «без мяса», і расейскі «просты народ» узгадвае яго зусім з іншымі эмоцыямі. Тым больш, што фінал яго выглядаў безнадзейна. Прыходу да ўлады Уладзіміра Пуціна папярэднічаў поўны распад крамлёўскай сістэмы і бессаромная карупцыя гіганцкіх памераў.

З самага пачатку і амаль да цяперашняга часу Захад быў схільны ставіцца да Пуціна, як да несімпатычнага, але партнёра. За апошнія 20 гадоў расейскі прэзідэнт апранаў розныя касцюмы. У свой час ён нават быў амаль празаходнім эканамічным лібералам і мадэрнізатарам. Аднак падчас яго праўлення з’явілася некалькі прыкмет, якія паказалі, да чаго ён насамрэч імкнецца. А таксама тое, пра што думае расейская эліта.

Мітынг каля расейскай амбасады з нагоды поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну. Варшава, Польшча. 24 лютага 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Матыў забраць ва Украіны «нашае» прысутнічае ў расейскіх палітыкаў даўно. Напрыклад, падчас аранжавай рэвалюцыі 2004 года я памятаю тэлемост Масква-Крым – своеасаблівую дэманстрацыю нянавісці да ўкраінцаў. У той час мэр Масквы Юрый Лужкоў, палітычны канкурэнт Пуціна, грымеў аб вяртанні паўвострава. Прызнаюся, што, як і многім іншым, гэта таксама здалося мне тады толькі палітычным фальклорам, хай і зробленым за вялікія грошы. Але ўжо праз 10 гадоў гэты фальклор стаў рэальнасцю, і Расея акупавала Крым. Пасля масіраванай атакі на Украіну 24 лютага 2022 года здаецца, што ўсе, хто разглядаў адносіны з Расеяй як частку нармальнага парадку глабалізаванага свету, страцілі большасць аргументаў.

Пуцін не зразумеў прынцыпаў функцыянавання сучаснага Захаду, і меркаваў, што гэты калектыўны Захад (і асабліва ЗША, якія дрэнна выглядаюць пасля сыходу з Афганістана) дазволіць яму змяніць глабальны баланс сіл – вось так, мімаходам. Відаць, паверыў уласнай прапагандзе.

Гэтая вайна паслужыла нам урокам, каб мы не верылі ў паражэнскае трызненне. Мы столькі разоў чулі, што Украіна – дзяржава «на паперы», працятая карупцыяй і практычна няздольная да жыцця. У гэта верыў і Пуцін. Між тым аказалася, што гэтая краіна не толькі здольная існаваць, але і здольная выжыць у надзвычай цяжкіх умовах вайны.

Без духу няма перамогі

Таксама высветлілася, якую ролю адыгрывае маральны дух у войнах. Нярэдка т.зв рэалісты кажуць, што мае значэнне толькі голая сіла. У нашай культуры на гэта адказвалі іроніяй «а колькі дывізій у папы рымскага?». І хоць падтрымка Захаду, грошы і зброя надзвычай важныя, нават неабходныя, Украіна б не выжыла, калі б не дух яе народа. І за апошні год ён быў падвергнуты велізарным выпрабаванням. Больш за тое, Расея дасягае наўпрост супрацьлеглага сваім вызначаным мэтам.

Украіна ў значнай сваёй частцы на працягу некалькіх стагоддзяў падвяргалася моцнаму ўплыву Расіі – як культурнаму – (як на ўзроўні высокай, так і масавай культуры), а таксама ўплыву міжасабовых, эканамічных і ўсялякіх іншых адносін. Мяжа паміж Украінай і Расеяй на працягу стагоддзяў была даволі размытай. Этнічную Польшчу ад Расеі аддзялялі каталіцызм, даўняя дзяржаўная традыцыя і спецыфічная сацыяльная структура (вялікая роля і колькасць рознага ўзроўню шляхты). Яна не ўвабрала ў сябе ні расейскай культуры, ні ладу жыцця.

Украіна, з іншага боку, здавалася, набывала адчуванне асобнасці вельмі павольна. Вайна, аднак, нечакана выявіла пэўны забыты парадокс украінскай ідэнтыфікацыі: яна паказала, што жыхары нібыта зрусіфікаванага Усходу – гэта нязломныя абаронцы Украіны. Таму што фармаванне пэўных супольнасцей, у тым ліку нацый, адбываецца нашмат больш складана і таямніча, чым гэта можа здацца ахвотнікам усё спрасціць.

Мітынг прысвечаны гадавіне пачатку вайны ва Ўкраіне. 24 лютага 2022 года. Вільня, Літва.
Фота: Белсат

Феномен расейскамоўных украінскіх вайскоўцаў шырока распаўсюджаны. На большасці запісаў, зробленых на фронце, гучыць расейская мова. Расея атакавала менавіта паўднёвую і ўсходнюю расейскамоўную Украіну, якая была найбліжэйшай да яе. І тым самым атрымала на сваіх межах самую антырасейскую краіну Еўропы.

Гэта «дасягненне» можна параўнаць з «натаізацыяй» Фінляндыі, як справядліва адзначыў Джо Байдэн. Як бачым, нават расейскамоўныя жыхары ўсходняй Украіны не аказаліся расейцамі. І гэты факт гэтак жа важны, як і тое, што ў рукі ім далі заходнюю зброю.

Немагчыма пазбегнуць параўнання расейска-ўкраінскай вайны з польска-бальшавіцкай вайной. Польшча, ледзьве ўзʼяднаная пасля падзелаў на тры часткі, якія адрозніваліся валютай, афіцыйнай мовай і дзеючым заканадаўствам, спустошаная сусветнай вайной, выстаяла і перамагла, таму што ў яе былі жаўнеры, якія хацелі ваяваць і ведалі, за што змагаюцца. Украінцы, як і палякі ў той час, зразумелі, што змагаюцца за сваё жыццё, і будуць або жыць у сваім доме, або навечна стануць расейскай калоніяй. І вось з гэтым мы маем справу ва Украіне. Думаю, што сённяшняя вайна там будзе ўспамінацца прыкладна гэтак жа.

Канец часу гультайства ў польскай усходняй палітыцы

У польскім палітычным класе была распаўсюджаная вера ў своеасаблівы «канец гісторыі ў нашай частцы Еўропы» (асабліва пасля таго, як Польшча ўступіла ў НАТА і Еўрасаюз) і звязаную з гэтым магчымасць ці нават неабходнасць цалкам пераарыентаваць сваю палітыку на Захад. Раптам мы адчулі сябе так, нібыта Польшча геаграфічна знаходзіцца там, дзе Партугалія. Краіны, якія ляжаць за больш чым 1000-кіламетровай усходняй мяжой, перасталі быць важным субʼектам польскай палітыкі. Засталіся толькі асобныя жэсты і фразеалогія. Вайна паказала, што нельга – і немагчыма – паварочвацца да гэтай мяжы спінай. Я спадзяюся, што гэты досвед прывёў да сапраўднай і трывалай пераарыентацыі польскай палітыкі.

Аднак вайна калі-небудзь скончыцца, і ёсць шанец, што мы будзем суседзямі з сапраўды сястрынскай краінай (каб не ўжываць дыскрэдытаванае слова «братэрская»). Узаемныя польска-ўкраінскія адносіны могуць прынесці шмат карысці абодвум бакам і ўмацаваць пазіцыі ўсходняй часткі Еўропы. Але яны павінны быць раўнапраўнымі, справядлівымі і грунтавацца на канкрэтных праектах. Людзі, якія разам працуюць на агульную карысць, заўсёды ладзяць лепш.

Мітынг прысвечаны гадавіне пачатку вайны ва Ўкраіне. 24 лютага 2022 года. Вільня, Літва.
Фота: Белсат

Пасляваенная Украіна будзе страшэнна разбуранай краінай, але таксама, імаверна, найбуйнейшай будаўнічай пляцоўкай і найвялікшай ваеннай моцай у Еўропе. Нельга таксама забываць, што наступнае дзесяцігоддзе яна ўсё яшчэ будзе постсавецкай краінай, і заканчэнне вайны не здыме ўсіх праблем, якія яна мае. Да гэтага трэба рыхтавацца, але ўсё гэта не мяняе глыбіннага сэнсу ўзаемнага супрацоўніцтва.

Неабходнасць умацавання палітыкі бяспекі, альянсаў і ваеннай моцы Польшчы выглядае відавочнай, і гэта ўжо адбываецца, але мы таксама павінны задацца пытаннем, якую палітыку мы будзем мець у дачыненні да Расеі ў залежнасці ад варыянтаў заканчэння вайны. Амаль усе палякі спадзяюцца, што Расея пацерпіць няўдачу, але трэба ўлічваць розныя магчымасці, у тым ліку і менш аптымістычныя для нас.

Расея не знікне, нейкая форма расейскай дзяржаўнасці захаваецца. І мы ўжо сёння вымушаныя разважаць пра розныя канцэпцыі палітыкі ў дачыненні да гэтай краіны. Пасляваенная Расея можа стаць краінай хаосу або незадавальнення, вядомага па Веймарскай рэспубліцы. Не варта пакідаць назіранне за тым, што там адбываецца, і кантакты з мясцовай апазіцыяй толькі элітам Захаду.

Варта памятаць, што вялікая ваенная катастрофа, якую Еўропа перажывае ўпершыню пасля Другой сусветнай вайны, з’яўляецца таксама магчымасцю для краін нашага рэгіёна Еўропы адкрыцца наноў.

Агнешка Рамашэўская-Гузы, дырэктарка тэлеканалу «Белсат»

Стужка навінаў