«Ад страху не магла крычаць». Відавочцы распавялі пра смяротны ўраган на Менскім моры


Менчукі, якіх ураган заспеў на Заслаўскім вадасховішчы, распавялі газеце «Прысталліча», як ратаваліся ад непагадзі. Кажуць, што вецер наляцеў раптоўна і што было жудасна.

Інцыдэнт на беразе Менскага мора адбыўся ўвечары 22 ліпеня. У выніку загінула 19-гадовая дзяўчына. Дзве асобы, 24-гадовая дзяўчына і 25-гадовы хлопец, шпіталізаваныя, паведамляе Следчы камітэт.

Ірына Корык з Менску, якая адпачывала ў той момант на Заслаўскім вадасховішчы, распавяла журналістам, што бяды ніхто не чакаў:

«Нечакана пачало цямнець. Разумелі, што пойдзе дождж, пастанавілі перачакаць на месцы. Знайшлі альтанку, куды перанеслі ўсе рэчы. Не мінула і дзвюх хвілінаў, як усё пачалося. Усё пачало ўзлятаць праз моцны вецер. Ад страху мы зажмурыліся і прыкрывалі адно аднаго. Было вельмі страшна за жыццё».

Гэтая альтанка павалілася і прыціснула спадарыню Ірыну і ейную сяброўку. Жанчынам дапамаглі, калі ўсё сцішылася.

«Нашыя мужчыны выратавалі мяне і маю сяброўку. Яны сваімі спінамі прытрымлівалі рэшткі даху. Іншыя заўважылі нас і прыбеглі на дапамогу. Яны паднялі дах, і мы змаглі выбрацца адтуль. Мы ледзь ацалелі і засталіся жывыя».

Усё здарылася надзвычай хутка, кажа іншая дзяўчына, Яна Каледа. Загінулая жыхарка Менску – ейная сяброўка:

«Уладу проста заваліла дрэвам. Выратаваць не ўдалося. Пацярпела яшчэ адна з нас, на яе таксама ўпала дрэва. Цяпер яна ў шпіталі».

«Мы нічога не паспелі зрабіць, адно схавацца ў альтанках. Мы спачатку падумалі, што гэта звычайная залева, але роўна да таго моманту, як вецер пачаў валіць адно дрэва за другім», – распавяла спадарыня Яна.

Следчы камітэт зладзіў правяранне. Эксперты ўсю ноч працавалі на месцы здарэння, паведамілі ў СК:

«Вызначаюцца ўсе абставіны здарэння. Адмысловая ўвага надаецца высвятленню чыннікаў і ўмоваў, што пацягнулі за сабою трагічныя наступствы».

Hавiны
Над Менскім морам пранёсся смерч. Загінула дзяўчына
2023.07.23 00:16

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў