«Нягледзячы на ўсю блізкасць, мы кепска ведаем адзін аднаго». Беларуска-ўкраінскі дыялог падчас вайны


Саўдзел Беларусі ў поўнамаштабным уварванні Расеі ва Украіну фактычна перарваў палітычныя зносіны паміж Кіевам і Менскам, але таксама спрычыніўся ўзмацненню супярэчнасцяў і канфліктаў на ўзроўні звычайных людзей і супольнасцяў. З мэтай аднаўлення паразумення паміж беларусамі і ўкраінцамі Беларуская экспертная сетка «Нашае меркаванне» у партнёрстве з Радай па вонкавай палітыцы «Украінская прызма» арганізавалі экспертны дыялог. 22 чэрвеня 2023 года ўдзельнікі дыялогу прэзентавалі яго вынікі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Света Фар / Белсат

«Беларусы і ўкраінцы ў пастцы відавочнасці»

Экспертны семінар «Беларуска-ўкраінскі экспертны дыялог: будучыня двухбаковых дачыненняў» праходзіў пры падтрымцы Фонду імя Фрыдрыха Эберта і складаўся з чатырох тэматычных панэляў, на якіх абмяркоўваліся правы чалавека, грамадскае меркаванне, адносіны Беларусі і Украіны ў галіне гандлю і энергетыкі, саўдзел Беларусі ў вайне Расеі супраць Украіны.

«Беларуска-ўкраінскі дыялог цяпер весці няпроста, але ён надзвычай важны. Нягледзячы на тое, што мы разумеем мовы адзін аднаго, з пачаткам вайны паразумення стала нашмат менш, таму важна наноў выбудоўваць яго на ўсіх пляцоўках, дзе гэта магчыма», – перакананы саўдзельнік экспертнага дыялогу, каардынатар экспертнай сеткі «Наша меркаванне«, палітычны аналітык Вадзім Мажэйка.

Праца экспертаў падчас розных панэляў выкрыла шэраг праблемаў у дачыненнях беларусаў і ўкраінцаў, якія з’явіліся ці абвастрыліся падчас вайны.

Аналітыка
«Людзям, якія размаўляюць адно з адным, цяжэй адно ў аднаго страляць». Эксперт – пра тое, як ратаваць адносіны ўкраінцаў і беларусаў
2023.06.17 14:09

Панэль, прысвечаная грамадскаму меркаванню беларусаў і ўкраінцаў адзін пра аднаго паказала, што, нягледзячы на ўсю блізкасць паміж намі, нам вельмі бракуе паразумення паміж грамадствамі. Стала зразумела, што сучасны палітычны дыскурс ва Украіне адносна Беларусі не адзначаецца глыбокім разуменнем беларускай сітуацыі, ёсць неабходнасць у фундаментальных экспертных ацэнках адносна сацыяльных і палітычных працэсаў у Беларусі, яе вонкавай палітыкі, ролі і месца ў рэгіёне.

Беларусы і ўкраінцы так кепска ведаюць адзін аднаго праз пастку відавочнасці: здаецца, што мы жывем побач, бачым адзін аднаго, у нас агульны савецкі бэкграўнд, з якога вырастае ўяўная аднолькавасць, бо мы вучыліся ў адных школах, служылі ў адной арміі. Асаблівая такое бачанне характэрнае для старэйшага пакалення.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. 26 сакавіка 2022 года.
Фота: Света Фар / Белсат

Украіна хоча ведаць, што будзе з беларусамі, якія ваююць на баку Расеі

Яшчэ адна прычына такога стану рэчаў – дамінаванне расейскага інфармацыйнага прадукту, інтэрпрэтацыя падзеяў праз прызму расейскага наратыву, прычым не толькі навінавага, але і мастацкага: у расейскіх серыялах сфармаваны даволі негатыўны вобраз украінца, а вобраза беларуса і зусім няма, што прыраўноўвае яго да расейца, зазначаюць эксперты. У выніку такога змешвання чужых наратываў мы адзін аднаго не ведаем і думаем, што ўсе мы аднолькавыя. А між тым нават за апошнія 30 гадоў розныя сацыяльныя і эканамічныя ўмовы сфармавалі некалькі розных пакаленняў, падкрэсліваюць удзельнікі семінару. Як вынік – процьма міфаў адзін пра аднаго, рознае ўспрыманне гістарычных падзеяў, у тым ліку, Майдану 2014 года, цяперашняй вайны.

«Зразумела, што найлепшы варыянт для паразумення – гэта спыненне вайны. Але адначасова важна, каб ужо цяпер пачынаўся і развіваўся дыялог паміж афіцыйным Кіевам і тымі актарамі, якія сёння прадстаўляюць беларускае грамадства, – кажа Вадзім Мажэйка. – Хоць гэта дагэтуль нялёгкі працэс, але мы спадзяемся, што дыялог будзе інтэнтыфікавацца. Тут важная актыўнасць і беларускага боку. Нам трэба падымаць пытанні, важныя для ўкраінскага боку, напрыклад, што будзе з тымі беларусамі, якія сёння ваююць у складзе расейскіх фармаванняў супраць Украіны? Украінскія калегі казалі, што ім было б важна, каб Ціханоўская зрабіла заяву, што для такіх людзей не будзе амністыі».

Асновай панэлі, прысвечанай тэме правоў чалавека, стала ідэя, што менавіта падчас вайны важны падыход, заснаваны на правах чалавека, зазначае Вадзім Мажэйка. Эксперты вывучылі сітуацыю з правамі ўкраінцаў у Беларусі і беларусаў ва Украіне, і прыйшлі да высновы, што ў абодвух бакоў узнікаюць праблемы з дакументамі і легалізацыяй.

«З аднаго боку мы бачым, як беларусы ва Украіне сутыкаюцца з цяжкасцямі ці немагчымасцю аформіць дакументы – тыя ж віды на жыхарства, дазволы на працу, бо не працуюць ці вельмі ўскладняюцца прапісаныя ў законах нормы, – распавядае Мажэйка. – Адначасова ўкраінцы ў Беларусі сутыкаюцца з аналагічнымі праблемамі. Калі яны з’язджаюць з акупаваных тэрыторыяў праз Расею ў Беларусь, ім зусім няпроста аформіць неабходныя дакументы ў амбасадзе Украіны ў Менску. Украіна кажа, што не разумее, хто гэтыя людзі, і баіцца, каб яны не аказаліся засланымі дыверсантамі, якія потым вернуцца ва Украіну».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Света Фар / Белсат

На думку экспертаў, важна выпрацаваць зразумелыя механізмы, каб у падобных сітуацыях рашэнне не залежала ад меркавання ці настрою пэўнага бюракрата ці памежніка.

«Варта звяртаць на гэтыя праблемы ўвагу спецдакладчыкаў ААН па пытаннях нацыянальных меншасцяў, бо важна памятаць пра міжнародныя абавязацельствы ў галіне правоў чалавека, якія неабходна выконваць», – зазначае палітычны аналітык.

Ці акупаваная Беларусь і наколькі Лукашэнка – самастойная фігура

У панэлі, прысвечанай саўдзелу Беларусі ў вайне Расеі ва Украіне, разглядалася, чаму Беларусь стала плацдармам для ўварвання Расеі ва Украіну, і ці была Украіна ў поўнай меры да гэтага гатовая, ці мае РФ дастатковы ўплыў, каб прыцягнуць войскі АДКБ для вайны ва Украіне і ці гатовыя краіны АДКБ спрыяць Крамлю ў дасягненні ягоных мэтаў, якія дзеянні трэба прымаць ваенна-палітычнаму кіраўніцтву Украіны, каб мінімізаваць рызыку выкарыстання войскаў Беларусі.

Украінскі бок лічыць, што для РФ было скрайне важна «звязаць беларускае кіраўніцтва крывёй», бо Лукашэнка агучваў супрацьлеглыя заявы. Беларускія ж эксперты зазначаюць, што залежнасць Беларусі ад Расеі ў такіх стратэгічных пытаннях як вайна і мір стала ўзмацняцца з 2020 года.

Па АДКБ пазіцыя ўдзельнікаў дыялогу была адназначнай, што краіны гэтага аб’яднання не будуць у поўнай меры ўдзельнічаць у вайне Расеі супраць Украіны.

«Дыскусіі ў нас узніклі падчас абмеркаванні таго, ці Беларусь – акупаваная краіна, і ці з’яўляецца Лукашэнка самастойнай фігурай, і наколькі, – распавядае даследніца праграмы DAAD універсітэту Юстуса-Лібіха Роза Турарбекава. – Частка ўкраінцаў выказвалася, што Беларусь – акупаваная, і Лукашэнку адводзіцца роля намесніка, а кантроль над тэрыторыяй ажыццяўляецца не беларускімі, а расейскімі ўладамі. Іншая частка казала, што Беларусь дэ-юрэ – неакупаваная краіна».

У выніку пазіцыю Украіны ў дачыненні Беларусі апісалі наступным чынам: ёсць стаўленне да Беларусі, як да пагрозы, якая сыходзіць з яе тэрыторыі. Сфармавалася разуменне, што не ўсё так проста з працэсам прыняцца рашэнняў у кантэксце зносінаў паміж Крамлём і Менскам. Пры гэтым ва Украіны няма пэўнай пазіцыі як у дачыненні Лукашэнкі, так і ў дачыненні Ціханоўскай.

Украінцы выказалі свае чаканні ад Святланы Ціханоўскай і беларускіх дэмакратычных сіл. Так, Аб’яднанаму пераходнаму кабінету рэкамендуецца стварыць нацыянальную гвардыю дэмакратычнай Беларусі з мэтай запаўнення вакууму на выпадак абрынання рэжыму.

«Ніякага гандлю не павінна было быць, але ён быў»

Цікавай стала панэль, прысвечаная гандлю і энергетыкай падчас вайны – яна адкрыла, што гандаль усё ж існуе, хоць здавалася, што ўсе зносіны перарваныя цалкам, зазначае спадарыня Турарбекава.

Эксперты звяртаюць увагу, што гандлёвыя зносіны паміж Беларуссю і Украінай напярэдадні ўварвання Расеі былі ўзаемавыгаднымі і ўзаемазалежнымі. Страта ўкраінскага рынку стала для Беларусі эканамічным шокам. Украінскі рынак быў прэміяльным рынкам збыту нафтапрадуктаў і электраэнергіі. Для Украіны гэтыя групы тавараў насілі стратэгічны характар. Страта такой крыніцы паліва і энергарэсурсаў была адчувальнай.

Ацэнка маштабаў стратаў для беларускага боку ўскладняецца праз адсутнасць адкрытай статыстыкі па гандлі нафтапрадуктамі. Аднак сыходзячы з дадзеных украінскай мытні, эксперты даведаліся, што з лютага па кастрычнік 2022 года гандаль упаў у дзясяткі разоў. Амаль цалкам спыніўся паток украінскіх тавараў у Беларусь, значна ўпаў беларускіх таварны паток. Гандаль электраэнергіяй спыніўся цалкам і яго аднаўленне фактычна немагчымае па тэхнічных прычынах. Пры гэтым назіраюцца невялікія плыні ў гандлі нафтапрадуктамі – тут зносіны не спыніліся цалкам.

«Аб’ём гандлю нафтапрадуктамі паміж Беларуссю і Украінай складаў 320-330 мільёнаў долараў па стане на лістапад 2022 года, – распавядае Роза Турарбекава. – Маецца на ўвазе, што беларускія нафтапрадукты паступалі на ўкраінскі рынак. Было няпроста ўсё гэта высветліць, бо афіцыйна ніякага гандлю не павінна было быць. Але ён быў, і ўкраінская мытня яго фіксавала».

Якой будзе будучыня зносінаў Беларусі ў Украіны ў галіне гандлю?

Будучыня двухбаковых зносінаў у галіне гандлю, паводле беларускіх экспертаў, у вялікай ступені залежыць ад палітычнага фактару.

Калі ў Беларусі адбудуцца палітычныя перамены, пасля сканчэння вайны ўсе эксперты прагназуюць даволі поўнае хуткае аднаўленне зносінаў. Аднак, улічваючы тое, што дэмакратычныя перамены ў Беларусі пацягнуць за сабой страту выгаднай схемы закупкі таннай расейскай нафты, гандаль нафтапрадуктамі ўжо не будзе такім высокамаржынальным. Аднак украінскімі экспертамі быў прапанаваны сцэнар закупкі ўкраінскай нафты для беларускіх НПЗ і магчымасць транзіту нафты з трэціх краінаў. Такім чынам, магчымая частковая кампенсацыя страты расейскай крыніцы таннай нафты.

Што будзе, калі ў Беларусі не зменіцца рэжым? Тут меркаванні экспертаў падзяліліся. Беларускія эксперты лічаць, што для Лукашэнкі не мае значэння, з кім гандляваць. Таму тут палітычных перашкодаў няма. Але тут усё будзе залежыць ад палітычнай волі Кіева.

Украінскія эксперты адмаўляюць магчымасць аднаўлення эканамічнага супрацоўніцтва з рэжымам Лукашэнкі, лічаць гэта палітычна, эканамічна і тэхнічна немагчымым.

Што зменіць прызнанне Беларусі краінай-агрэсарам?

Яраслаў Чарнагор, кандыдат гістарычных навук, дырэктар праграмы расейскіх і беларускіх студыяў «Украінскай Прызмы» лічыць, што сітуацыя ў дачыненнях Беларусі і Украіны можа змяніцца пасля прызнання Беларусі краінай-агрэсарам. Праект адпаведнай пастановы цяпер знаходзіцца на разглядзе ў Вярхоўнай Радзе.

«Ва ўмовах ваеннага часу абмежаванні грамадзянаў Беларусі будуць мець яшчэ больш жорсткі характар, калі Вярхоўная рада прызнае Беларусь краінай-агрэсарам», – зазначае Чарнагор.

Адну з праяваў больш жорсткіх праяваў мы ўбачылі ўжо цяпер – гэта падпісанне Зяленскім указу пра забарону імпарту і распаўсюду выдавецкай прадукцыі з Расеі і Беларусі.

«Такім чынам мы бачым, што ва ўкраінскім палітычным дыскурсе Беларусь максімальна наблізілася да тоеснасці з Расеяй, і ўвесь негатыў, які ёсць да Расеі, пераносіцца і на Беларусь, – зазначае эксперт. – Мы разумеем, што не ўсе ўкраінцы аднолькава ўспрымаюць беларусаў, але нашыя даследаванні паказалі, што гэта цяжкае пытанне – шараговаму грамадзяніну цяжка зразумець розніцу паміж проста беларусам і прыхільнікам рэжыму Лукашэнкі. Хоць нашая і іншыя ініцыятывы працуюць над тым, каб раздзяліць рэжым і грамадзянаў і асабліва палітычны актыў Беларусі ў выглядзе дэмакратычнай апазіцыі».

«Украінская прызма» працуе над тым, каб спрыяць дыялогу ўкраінскіх уладаў і беларускіх дэмакратычных сілаў. Эксперт выказаў спадзяванне, што цягам бліжэйшых месяцаў атрымаецца арганізаваць сустрэчы прадстаўнікоў Аб’яднанага пераходнага кабінету з украінскім бокам на палітычным узроўні.

Дыялог па палітвязнях

Паліна Бродзік, каардынатарка Free Belarus Center, зазначае, што назіраецца пазітыўная дынаміка ў дачыненнях паміж беларускімі і ўкраінскімі экспертамі, палітыкамі.

«І нават ва ўкраінскай міграцыйнай палітыцы датычна беларусаў, якія знаходзяцца ва Украіне. Нягледзячы на тое, што праблем вялізная колькасць, і што стаўленне да беларусаў застаецца не вельмі пазітыўным, мы бачым, што прагрэс ёсць», – кажа Паліна.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Krzysztof Zatycki / Zuma Press / Forum

Актывістка прапаноўвае шукаць і іншыя кропкі перасячэння, вакол якіх можна было б будаваць дыялог. Адна з іх – палітвязні.

«Каардынацыйная Рада надоечы праводзіла слуханні па палітвязнях, у якіх прымаў удзел украінскі Цэнтр грамадзянскіх свабодаў, – зазначае Паліна Бродзік. – І хоць ва Украіны тут іншы досвед, але ён таксама можа быць карысным. Тым больш, што з боку ўкраінскіх калег заўсёды ёсць жаданне ўдзельнічаць, уплываць, дапамагаць, яны адкрытыя да кааперацыі. Пра гэта амаль нідзе не казалася, але сярод беларускіх палітвязняў ёсць пэўная колькасць украінскіх грамадзянаў, ці людзей з украінскімі сваякамі ці людзей, якія ўдзельнічалі ў партызанскім руху ў падтрымку Украіны. Дыскусія па палітвязнях вядзецца ўжо і з народнымі дэпутатамі Украіны, і я спадзяюся, што цягам бліжэйшага году з яе будзе пэўны плён».

Удзельнікі экспертнага дыялогу перакананыя, што камунікацыю і пошук таго, што аб’ядноўвае, трэба працягваць. На думку Розы Турарбекавай важна выпрацаваць сумесную стратэгію супрацьстаяння прапагандзе рускага міру. Экспертка прапаноўвае правесці дыялог беларускіх і ўкраінскіх медыяў, а таксама зрабіць асобныя семінары па правах чалавека, мове і культуры, гісторыі. Хоць, гістарычны дыялог, паводле спадарыні Турарбекавай, лепш праводзіць у мірны час у спакойнай абстаноўцы.

З тым, што дыялог трэба пашыраць на розных узроўнях, пагаджаецца Вадзім Мажэйка.

«Для мяне ідэя дыялогу была на пачатку выклікам – паглядзець, наколькі ўвогуле магчымы дыялог падчас вайны? Я думаў, што будзе файна, калі ў нас увогуле атрымаецца пагутарыць. Аднак у працэсе я зразумеў, што камунікацыя складваецца. І цяпер я перакананы, што трэба пашыраць тэмы, і склад удзельнікаў, і фарматы», – зазначае эксперт.

Прачытаць поўны тэкст policy breef па выніках экспертнага семінару «Беларуска-ўкраінскі экспертны дыялог: будучыня двухбаковых дачыненняў» можна па спасылцы.

Ганна Ганчар belsat.eu

 

Стужка навінаў