Супраць вайсковага эксперта Ягора Лебядка распачалі новую крымінальную справу


На палітзняволенага вайсковага эксперта Ягора Лебядка завялі новую крымінальную справу. Згодна з паведамленнямі праўладных тэлеграм-каналаў, новая справа заведзеная па прыкмеце паўторнасці па частцы 2 артыкула 364-1 КК («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»). Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал «Lebiadok», які раней вёў сам Ягор Лебядок.

Ягор Лебядок. Крыніца: belvpo.com

У паведамленні адзначаецца, што кожнае «інтэрв’ю экстрэмістам утварае асобны склад злачынства».

Ягора Лебядка затрымалі 12 ліпеня ў Смалявічах і арыштавалі на 15 содняў паводле арт. 24.3 КаАП за «непадпарадкаванне». Тады ў праўладных тэлеграм-каналах з’явілася«пакаяннае» відэа: затрыманы «прызнаваўся» ў тым, што дае інтэрв’ю каналам, «якія прызнаныя ў нас экстрэмісцкімі, на тэму вайны ва Украіне і на іншыя пытанні». Таксама на відэа ён кажа, што ў жніўні 2020 года наведваў «недазволеныя заканадаўствам масавыя мерапрыемствы».

Пазней стала вядома, што Лебядок затрыманы па крымінальнай справе аб садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці за каментары для «Еўрарадыё» (арт. 361-4 КК). Цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА-1.

Hавiны
Сілавікі характарызуюць Лебядка як «блогера», але менавіта ягоныя прагнозы былі дакладныя
2022.07.14 16:03

Ягор Лебядок – вайскова-палітычны аглядальнік, неаднойчы каментаваў у СМІ вайну ва Украіне і сітуацыю ў Беларусі, вядзе свой тэлеграм-канал. Фізік паводле адукацыі, скончыў БДУ. У 2005–2007 гадах служыў у 120-й гвардзейскай асобнай механізаванай брыгадзе Узброеных сілаў Рэспублікі Беларусь на пасадзе камандзіра ўзводу. Потым працаваў у Інстытуце фізікі АН РБ, адкуль быў звольнены ў студзені бягучага года.

З 2010 да 2014 года быў дэпутатам Смалявіцкага раённага савету дэпутатаў 26-га склікання ад Жодзінскай выбарчай акругі № 1.

Лебядок заставаўся ў Беларусі і жыў у Смалявічах пад Менскам.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў