Аляксей Данілаў: Крым – частка тэрыторыі Украіны, і мы будзем яе вызваляць


Сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксей Данілаў заявіў пра тое, што вызваленне Крыма – пытанне часу. І, хутчэй за ўсё, гэтае вызваленне будзе адбывацца ваенным шляхам.

Аляксей Данілаў.
Фота: president.gov.ua

Крым з’яўляецца часткаю тэрыторыі Украіны, і «мы павінны яе вызваліць, больш за тое, мы яго будзем вызваляць», – адзначыў Аляксей Данілаў напярэдадні Трэцяга саміту Крымскай платформы.

«Хутчэй за ўсё, гэта будзе адбывацца ваенным шляхам – калі краіна-агрэсар да таго часу не ўцяміць, што ёй трэба сысці з нашай тэрыторыі. Іншага варыянту ў нас няма. Які-небудзь іншы выпадак адносна Крыму – гэта значыць кансервацыя сітуацыі, перадача вайны нашым нашчадкам, дзецям, унукам», – прыводзіць словы сакратара РНБА «Укрінформ».

Паводле Данілава, Расея, маючы Крым у сваім падпарадкаванні, ніколі не супакоіцца і не будзе жыць спакойна. Ён лічыць, што толькі выгнаўшы Расею з Крыму і пасунуўшы яе ў Азоўскім моры, украінцы будуць разумець, што Украіна будзе мець пэўныя гарантыі бяспекі на пэўны прамежак часу. «Іншага варыянту быць не можа», – адзначыў Данілаў.

Таксама сакратар РНБА падкрэсліў, што вызваленне Крыму – гэта пытанне часу, але вырашэнне яго будзе вельмі цяжкім.

На думку Данілава, трэба імкнуцца дасягнуць межаў 1991 года. Калі гэтага не адбудзецца, то існаванне Украіны будзе знаходзіцца пад пастаяннай пагрозай. «Нам лішняга не трэба, але сваё мы нікому аддаваць не збіраемся», – адзначыў Данілаў.

Акрамя таго, сакратар РНБА лічыць, што існуе некалькі варыянтаў развіцця падзеяў: або Украіна разам з партнёрамі ставіць на месца Расейскую Федэрацыю, або свет пяройдзе ў зусім іншае вымярэнне, і яно будзе вельмі крывавым.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў