«Ryanair» можа аднавіць палёты ва Украіну да канца 2023 года


Лоўкостэр «Ryanair» да канца гэтага года можа аднавіць некаторыя рэйсы ва Украіну, паведаміў выканаўчы дырэктар авіякампаніі Майкл О’Ліры ў інтэрв’ю выданню «Інтерфакс-Україна».

Самалёт «Ryanair».
Фота: Shutterstock / Rebius

«Разглядаем два планы: адзін, калі вайна скончыцца і ўсё адкрыецца за адзін ці два дні. І другі, найбольш верагодны, згодна з якім мы можам запланаваць невялікую колькасць рэйсаў ужо ў канцы гэтага года», – зазначыў выканаўчы дырэктар «Ryanair».

Майкл О’Ліры прыгадаў Ізраіль, які ўвесь час застаецца пад пагрозаю ракетных абстрэлаў, аднак авіяцыя там працуе:

«Самалёты штодня сядаюць у Тэль-Авіве, што ўсяго за 10 хвілінаў ад Заходняга берагу, адкуль запускаюць ракеты. Было вызначана, што лётаць бяспечна і яны [улады. – Заўвага рэд.] змогуць абараніць самалёт. Таму я не бачу прычынаў, чаму мы не можам вярнуць рэйсы ва Украіну».

Цяпер Міністэрства аднаўлення Украіны працуе над тым, каб ужо ў канцы 2023 года вярнуць некаторыя рэйсы ў Кіеў і Львоў, але Украіна павінна даказаць, што гэта бяспечна. Калі Украіна не пераканае Еўрапейскага агенцтва бяспекі палётаў і страхавых кампаніяў у бяспецы палётаў, рэйсы не будуць адноўленыя, зазначыў О’Ліры.

20 ліпеня кіраўнікі «Ryanair» – галоўны выканаўчы дырэктар «Ryanair Group» Майкл О’Ліры, галоўны выканаўчы дырэктар «Ryanair DAC» Эдзі Ўілсан і камерцыйны дырэктар «Ryanair DAC» Джэйсан МакГінэснаведалі Кіеў з працоўным візітам.

Прадстаўнікі лоўкостэра запэўнілі, што калі Украіна пераможа, а EASA пацвердзіць бяспеку палётаў ва ўкраінскім небе, «Ryanair» ўвядзе ва Украіну значныя сродкі з мэтаю аднаўлення ўкраінскага рынку авіяперавозаў. У прыватнасці, плануюць інвеставаць прыблізна $ 3 мільярды і размесціць да 30 новых самалётаў «Boeing MAX» у трох асноўных аэрапортах Украіны – Кіеве, Львове і Адэсе.

«Ryanair» – першая міжнародная авіякампанія, кіраўнікі якой прыбылі ва Украіну з пачатку поўнамаштабнай вайны 24 лютага 2022 года.

Еўрапейская арганізацыя бяспекі паветранай навігацыі выказвала меркаванне, што абмежаванні на палёты над Украінаю будуць дзеяць да 2029 года. «Украерорух» заяўляў, што паветраную прастору адкрыюць адразу пасля заканчэння вайны.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў