У пацярпелыя ад прарыву трубаправоду раёны Менску былі накіраваныя аўтацыстэрны з вадою. Частка машынаў развозіць ваду па школах і дзіцячых садках. На месцы аварыі, каля гіпермаркету «Green» у сталічнай Чыжоўцы, вядуцца працы. Водазабеспячэнне ў дамах аднавілі, аднак Санэпідэмслужба пакуль не рэкамендуе піць гэтай вады, а скарыстацца аўтацыстэрнамі.
Паводле TUT.by, работнікі распавялі, што два гады таму прыблізна ў гэтым месцы была вялікая аварыя на водаправодзе разам з вялікім падтапленнем.
Таксама ў выніку аварыі на вуліцы Убарэвіча быў пашкоджаны газаправод. Паводле «Менгазу», цяпер газазабеспячэнне ў раёне цалкам адноўленае.
Аляксандр Дараховіч, намеснік старшыні Менгарвыканкаму назваў уступныя версіі прычынаў аварыі:
– Папярэдніх версіяў – дзве. Гэта пашкоджанне трубаправоду падчас будаўніча-мантажных работ. На будаўнічай пляцоўцы, дзе адбылася аварыя, былі праведзены земляныя работы. Мяркуецца, што працу маглі выканаць без адпаведных правілаў. Другі варыянт – нізкія эксплуатацыйныя характарыстыкі металу (чыгуну), што прывяло да паскоранага зносу трубаправоду. Рабіць высновы заўчасна, зараз мы вывучаем сітуацыю. Мы забралі відэа з камер гандлёвага цэнтру, размешчанага побач з месцам аварыі, і выкарыстоўваем яго для ўстанаўлення прычын здарэння.
Дараховіч таксама ўдакладніў, што лабараторныя даследаванні вады з пацярпелых раёнаў паказалі ў вадзе высокую мутнасць і высокія паказнікі жалеза.
21 красавіка а 21:15 у Міністэрства надзвычайных сітуацыяў паступіла паведамленне пра пашкоджанне водаправоду дыяметрам 1000 мм. Некаторыя жыхары сталіцы засталіся без пітной вады.
АА belsat.eu