Генерал-лейтэнант арміі ЗША: Лукашэнка заўсёды мае выбар


«Вайскоўцы ў Беларусі не хочуць увязвацца ў вайну на баку пераможаных», – заявіў Бэн Годжэз, генерал-лейтэнант Арміі ЗША, у інтэрв’ю Сяргею Пелясе. Былы амерыканскі вайсковец каментуе патэнцыйны сцэнар нападу Расеі на NATO з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі, што адпрацоўвае нямецкае войска. Ці здольны Лукашэнка пазбегчы ўцягвання нашай дзяржавы ў вайну Крамля супраць Альянсу? Падрабязнасці ў размове з былым камандуючым войскамі ЗША ў Іраку і Еўропе.

СП: Расея магла б атакаваць NATO ўжо ў наступным годзе з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі. Гэты шакавальны сцэнар вучэнняў апісаны ў нямецкай публікацыі ў «Більд» на падставе сакрэтных дакументаў бундэсвэру. Гэта значыць, што нямецкае войска да гэтага рыхтуецца, прынамсі як да аднаго са сцэнароў. Наколькі рэальна, каб цягам наступных года-паўтара Масква распачала агрэсіўныя дзеянні супраць краінаў Балтыі і Польшчы?

БГ: Вядома, я лічу, што гэта надзвычай малаімаверна. Перадусім таму, што я не думаю, каб у Расеі былі магчымасці для здзяйснення гэтага ў найбліжэйшы час. І я б спадзяваўся на тое, што Беларусь не дазволіць уцягнуць сябе ў падобнае, што стала б катастрофай для беларускага народу. Я думаю, што на гэта не трэба занадта звяртаць увагу. Вы ж ведаеце, што гэта цалкам звычайная практыка, што нашыя вайскоўцы закладваюць гіпатэтычныя сцэнары і адпрацоўваюць варыянты рэагавання на такія сцэнары. Іх выкарыстоўваюць для вучэнняў, штабных гульняў, пабудовы абарончага патэнцыялу. Таму я думаю, што гэтая навіна, чаму б яна цяпер ні з’явілася, не ёсць рэалістычнай. Што тычыцца бундэсвэру, я лічу, што яны слушна робяць, разважаючы ўсур’ёз пра розныя магчымасці і робячы крокі, каб перадухіліць або не дапусціць такога развіцця падзеяў. Я думаю, што калі ЗША ды іншыя краіны Захаду не здолеюць дапамагчы Украіне і калі мы ўсе разам не будзем да гэтага падрыхтаваныя, то тады рызыка прыняцця Расеяй жахлівых рашэнняў павысіцца. Але калі NАТО будзе выглядаць моцным, падрыхтаваным і згуртаваным, асабліва калі мы працягнем дапамагаць Украіне, гэта будзе нашмат менш верагодна.

Каментар
Напад Расеі на краіны NATO – гэта «страшылка нейкага таблоіда» ці сапраўдная пагроза?
2024.01.15 17:54

СП: Сцэнар, пра які мы гаворым, прадугледжвае новую магутную хвалю расейскай мабілізацыі – калі Расея не распачне яе цягам наступных месяцаў, тады яна не будзе мець магчымасці ажыццявіць гэткі сцэнар, ці не так?

БГ: Так, я так думаю. Перадусім я вельмі скептычны да любых звестак пра новую вялікую хвалю мабілізацыі. Я не думаю, што можна знайсці дзясятак расейцаў, якія сапраўды хочуць паехаць цяпер ва Украіну. І я думаю, што Крэмль будзе пазбягаць размоваў пра яшчэ адну мабілізацыю, асабліва да выбараў 17 сакавіка. Але я таксама думаю, што яны ведаюць, што ў Расейскай Федэрацыі шмат неўладкаваных людзей, і рэкрутацыя на вайну ідзе перадусім у бедных частках Расеі, а не ў ваколіцах Масквы ці Пецярбургу. Каб яны рэкрутавалі ў гэтых вялікіх мегаполісах, там было б відаць нашмат больш пахаванняў – што яшчэ больш ускладніла б для Крамля задачу ўтрымання гэтага фасаду.

Я ўвогуле думаю, што Расея ў хуткім часе зробіцца нежыццяздольнай дзяржавай – у іх жахлівая дэмаграфія, эканоміка слабне, войску нанесеныя страшэнныя страты, прамысловасць слабая да такой ступені, што даводзіцца імпартаваць боепрыпасы з Паўночнай Карэі, а дроны – з Ірану. Я думаю, што ідэя, што яны могуць стварыць вялікае войска, падрыхтаваць і забяспечыць яго належным чынам, і зрабіць з ім штосьці такое, што будзе эфектыўным супраць краінаў NАТО… мне гэта цяжка ўявіць.

Аднак бундэсвэр ды іншыя робяць слушна, рыхтуючыся супраць такога варыянту, бо яго немагчыма цалкам выключыць. Менавіта таму мы цяпер і маем праблему, бо мы заявілі пасля халоднай вайны: паколькі мы ўжо ніколі не будзем ваяваць з Расеяй, нам непатрэбны ўвесь гэты вайсковы рыштунак. І, вядома, мы памыліліся.

СП: У адпаведнасці з гэтым сцэнаром, увесну Крэмль распачне поўнамаштабны наступ ва Украіне і праз недастатковае падтрыманне Кіева Захадам Расея разаб’е ўкраінскае войска да чэрвеня 2024 года. Як вы лічыце, гэта праўдападобна?

БГ: Ізноў, гэта такі сцэнар. Ён не грунтуецца на фактах, а быў згенераваны, каб даць штабам і аналітыкам «рухомую мадэль», каб задумацца пра адказ на пытанне: «Калі яны так, то што?» Цяпер, на маю думку, Расея не можа накаўтаваць Украіны. Я маю на ўвазе, што яны губляюць тысячу людзей штодня ў хвалях мясных штурмаў супраць абаронцаў Украіны, напрыклад, у ваколіцах Аўдзееўкі. Я не бачу ніякіх новых магчымасцяў – новыя вышкаленыя адзінкі, здатныя на гэта, не возьмуцца з ніадкуль. Найлепшыя расейскія часткі, Паветрана-дэсантныя войскі, страшэнна абяскроўленыя і праходзяць ужо трэцяе перафармаванне. Самага баяздольнага ядра ПДВ ужо даўно не існуе, з таго часу ўсё толькі пагаршаецца. Ідэя, што знянацку яны ўчыняць істотны прарыў… мне гэта надзвычай складана сабе ўявіць. І, верагодна, гэта ўсведамляюць кіраўніцтва, Генштаб і вайскоўцы ў Беларусі і не хочуць увязвацца ў гэта на баку пераможаных.

Агляд
Што адбываецца з мабілізацыяй ва Украіне: калі і колькі прызавуць, ці прызавуць жанчын?
2024.01.19 18:08

СП: Сцэнар расейскай патэнцыйнай, гіпатэтычнай вайны супраць NАТО зноў закладае прарыў праз сувалкаўскі калідор ударамі ў двух кірунках – з Караляўца і з Беларусі. NАТО доўгі час рыхтавалася да пагрозы здзяйснення гэтага сцэнару – вельмі шмат гадоў. Як вы ацэньваеце магчымасць выкарыстання тэрыторыі Беларусі, патэнцыялу беларускага войска і рэжыму Лукашэнкі пры гэтым патэнцыйным сцэнары?

БГ: Перадусім – каб гэта здарылася, для Беларусі быў бы нулявы станоўчы вынік. Тут не будзе добрага выніку для Беларусі, калі дазволіць выкарыстаць Беларусь як плацдарм, даць уцягнуць яе ў гэты жахлівы канфлікт, гэта па-першае. Па-другое, калі Расея наважыцца атакаваць NАТО, гэта будзе аўтаматычна азначаць прыняцце рашэння аб запуску соцень ракет у цывільныя аб’екты ў краінах NАТО – як гэта было зроблена ва Украіне. Аэрапорты, марскія парты, энергетычная інфраструктура і г. д. Таму можна быць упэўненым, што будуць нанесеныя контрудары. Калі ў Беларусі будуць расейскія войскі, калі расейскія ракеты паляцяць з тэрыторыі Беларусі супраць краінаў NАТО, тады паследуюць контрудары. То бок для Беларусі не будзе ніякай карысці з дазволу, дадзенага Расеі на такія дзеянні.

СП: На вашую думку, для Аляксандра Лукашэнкі яшчэ магчыма пазбегчы гэтай канфрантацыі? Я маю на ўвазе, давання расейцам тэрыторыі Беларусі як плацдарму для канцэнтрацыі і нападу, як гэта было ў выпадку Украіны. Ці здатны ён унікнуць непасрэднага ўдзелу ў рэалізацыі гэтага – усё яшчэ гіпатэтычнага – сцэнару (але мы мусім абмеркаваць гэткія рашэнні)?

БГ: Вядома, я не ведаю, але дагэтуль жа ў яго выходзіла пазбягаць істотнага ўдзелу. Ізноў, я здагадваюся, што яны не бачаць аніякай вартасці ў дапамозе Расеі. Яны будуць толькі імкнуцца пазбегчы анексіі Расеяй, як мне падаецца. Я не зусім адпаведны спецыяліст тут, але разважаючы стратэгічна – што Беларусь атрымала б ад уваходу Расеі, выкарыстання тэрыторыі для запуску ракетаў па NАТО? Я не бачу ніякай карысці.

СП: Так, безумоўна, ніякай карысці тут няма, але цалкам верагодна, што ён не мецьме іншага выбару.

БГ: Ён заўсёды мае выбар. Мы ведаем з гісторыі, што Крэмль шануе толькі сілу. Калі яны заўважаць слабасць ці ваганне, тады, я думаю, яны зробяць што хочуць. 

СП: Сэр, апошняе пытанне. Гэты сцэнар мае нейкі сэнс пасля далучэння Фінляндыі да Паўночнаатлантычнага альянсу дэ-юрэ, а фактычна і Швецыі? Балтыка цяпер ёсць фактычна ўнутраным морам NАТО, а расейскі анклаў у Караляўцы і расейскі Балтыйскі флот аточаныя сіламі NАТО.

БГ: Так, дзякуючы жахлівай стратэгічнай памылцы Крамля. У іх была фальшывая нагода, каб напасці на Украіну, яны распавядалі ўласнаму народу пра пашырэнне NАТО, як вы ведаеце. У выніку нападу на Украіну NАТО ў рэчаіснасці пашырылася, а Расея перакінула жаўнераў ад межаў з Фінляндыяй ды Эстоніяй, бо яны патрэбныя ва Украіне. Гэта гаворыць усім навокал, што ён ведае, што NАТО ніколі не збіралася атакаваць Расею. Я думаю, што прыйдзе момант, калі расейцы будуць вымушаныя прызнаць, што падставай правальнага нападу Пуціна на Украіну была брахня.

СП: Сэр, вялікі дзякуй за размову, было вельмі прыемна пагутарыць і прадставіць вашыя думкі нашай аўдыторыі.

БГ: Дзякуй, Сяргей, і дзякуй за гэтую магчымасць. Спадзяюся зноў пабачыць вас неўзабаве.

Інтэрв’ю выйшла ў праграме «ПраСвет» 19.01.2024.

belsat.eu

Стужка навінаў