Аўтакраты і дыктатары прыводзяць краіны, якія трапілі ў іх лапы, да вельмі сумных вынікаў з пункту гледжання ўзроўню жыцця шараговых грамадзян. Гэта цалкам заканамерны вынік іх праўлення.
Выбіваюцца з дадзенага правіла толькі нафтаносныя манархіі ды Сінгапур. Пры некаторым напружанні памяці можна ўзгадаць яшчэ Паўднёвую Карэю эпохі праўлення генералаў і ўсё. Астатнія прыклады, ад Гітлера і Мусаліні да Пуціна з Лукашэнкам укладваюцца ў адну і тую ж нескладаную парадыгму: кароткі перыяд мабілізацыйнага эканамічнага росту (парадак павінен быць у краіне!), а далей – доўгае таптанне на адным месцы, калі, вядома, усенародны лідар дажывае да гэтага самага «далей». І ў гэты момант вельмі патрэбны вораг.
Не, малапрафесійныя прапагандысты будуць актыўна ўкараняць у свядомасць даверлівых грамадзян псіхалогію «асаджанай крэпасці» і запэўніваць, што ворагаў у нас не адзін і не два, а цэлая арда, што ўсе яны нам гадзяць, таму што зайздросцяць нашай эканамічнай мадэлі і самай справядлівай сацыяльнай сістэме. А так бы мы, вядома, паказалі ўсяму свету.
Але ўнушаць нянавісць да вялікай групы разнастайных краін вельмі цяжка, і таму патрэбна персаніфікацыя, узроўню «Усе, усе супраць нас, але асабліва – вось гэтыя!» Так у Расеі з’яўляецца галоўны вораг – Амерыка, «піндосы». Ну, немагчыма ж сурʼёзна распавядаць тамтэйшаму гледачу, што расейскае войска абламала зубы аб украінскае, не зразумеюць. Не зразумеюць і параўнання з Партугаліяй, узроўню жыцця ў якой Пуцін абяцаў дасягнуць гадоў так 10 таму… (не склалася). Не прымуць нават Германію ці Японію, «замала будзе». Галоўны Вораг у Расеі можа быць толькі адзін – ЗША, не менш.
Аб’ектыўнае параўнанне параметраў ўзроўню развіцця эканомікі, адукацыі або медыцыны не грае ніякай ролі, не мае дачынення да рэчаіснасці. У гэтым, вядома, выяўляецца яшчэ і настальгія па СССР, «імперыя баліць». Менавіта СССР прыкладна ў 1960-х збіраўся «дагнаць і перагнаць Амерыку!». 60 гадоў прайшло. Суадносіны насельніцтва дзвюх краін 2,3 да 1 на карысць ЗША, памер эканомік 13 да 1, але каго гэта хвалюе?
У Лукашэнкі таксама павінен быў знайсціся свой галоўны вораг, яго не магло не быць. І ЗША на гэтую ролю не падыходзіць. І памер не той, і «піндосы» ужо занятыя расейскай прапагандай. Затое ёсць Польшча.
І параметры тут вельмі падобныя: суадносіны насельніцтва 4,1 да 1, эканомікі – 10 да 1. Так што для Галоўнага Ворагу – у самы раз!
За што ж Лукашэнка ненавідзіць Польшчу (афіцыйная версія):
І, здавалася б, ну чаго прасцей – ствары для нацыянальных меншасцяў камфортнае асяроддзе, і нікому ў галаву не прыйдзе атрымліваць нейкія дадатковыя дакументы іншай краіны. Але гэта дорага і доўга, ды і жадання няма.
Быў і другі варыянт, таксама адэкватны. Прапаноўвалася ў адпомсту стварыць уласны праект – «карта беларуса», запрашаць суайчыннікаў, якія раз’ехаліся па ўсім свеце, жыць і працаваць у нашай самай сацыяльна справядлівай краіне на свеце. Але нешта ён хутка заглух. Не праявілі замежныя беларусы энтузіязму да гэтай нагоды, не сталі ў чарзе ў беларускія консульствы і амбасады за гэтымі самымі картамі.
Вось такія поінты, такія афіцыйныя тэзісы.
Калі ж мы адыдзем ад радкоў газет і тэлеграм-каналаў і зірнем на гэтую нянавісць крыху больш агульна, то адкрыецца нам вялікая таямніца. Ды такая таямніца, разгадка якой ляжыць проста на паверхні.
Польшча з усімі сваімі асаблівасцямі, з нацыяналізмам і цалкам папулісцкім урадам, з інфляцыяй і пастаяннымі спрэчкамі з Еўразвязам, дае сваім грамадзянам зусім недасяжны сёння Беларуссю ўзровень жыцця, сацыяльнага камфорту і свабоды. І гэта сапраўды нясе непасрэдную пагрозу рэжыму Лукашэнкі.
Калі б беларускіх грамадзянаў, усе 9 мільёнаў, сёння проста азнаёмілі з рэальным становішчам справаў, з розніцай у існаванні, і прапанавалі выбраць, у якой з сістэм (а гаворка ідзе менавіта аб сістэмных рашэннях у эканоміцы, адукацыі, медыцыне) яны хацелі б жыць, то шанцаў у «беларускай мадэлі» не было б ніякіх.
Таму і выюць па начах прапагандысты на чале з Лукашэнкам менавіта ў гэты бок, на Захад, услед адыходзячаму сонцу. Яны правільна ўсё разумеюць, правільна выюць.
Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.