У Падмаскоўі ўзарваўся аўтамабіль дачкі расейскага філосафа, «мазгоў Пуціна» Дугіна. Дзяўчына загінула


Расейскія тэлеграм-каналы паведамляюць, што аўтамабіль дачкі расейскага філосафа і палітолага Аляксандр Дугіна ўзарваўся падчас руху на Мажайскай шашы ў Падмаскоўі каля паселішча Бальшыя Вязёмы.

Дачка Аляксандра Дугіна Дар’я.
Фота: РИА Новости

Магчымыя прычыны здарэння называюцца розныя – ад выбуху газавага балона да падрыву аўтамабіля самаробнай выбуховай прыладай.

Ёсць інфармацыя, што ў гэтым аўтамабілі мусіў ехаць сам Аляксандр Дугін, але ён сеў у іншую машыну. Разам з дачкой Дугін вяртаўся з літаратурна-музычнага фестывалю «Традыцыя», у якім браў удзел.

Аляксандру Дугіну 60 гадоў, ён мае ступені кандыдата філасофскіх навук, доктара палітычных навук, доктара сацыялагічных навук. Дугін – аўтар «чацвёртай палітычнай тэорыі», якая мелася быць наступным крокам у развіцці палітыкі пасля першых трох: лібералізму, сацыялізму і фашызму. Філосаф прытрымліваецца палітычнай канцэпцыі стварэння еўразійскай звышдзяржавы праз інтэграцыю Расеі з былымі савецкімі рэспублікамі ў новы Еўразійскі Саюз.

Амерыканскія СМІ называлі Аляксандра Дугіна «мазгамі Пуціна» і ягоным настаўнікам – маўляў, Пуцін дзейнічае згодна з ідэямі дугінскага неаеўразійства, і менавіта гэтыя ідэі сталі ідэалагічным фундаментам для ўварвання ва Украіну.

Дугін называў разню ў Бучы правакацыяй Захаду, а Украіну ён не лічыць палітычным суб’ектам і прадказвае ёй хуткі распад.

У 1990-х гадах Дугін разам з пісьменнікам Эдуардам Лімонавым заснаваў радыкальную Нацыянал-бальшавісцкую партыю. У 2007 годзе яна была прызнаная экстрэмісцкай арганізацыяй, яе дзейнасць забаранілі ў Расеі. Згодна з праграмай партыі 1994 года, глабальная мэта нацыянал-бальшавізму – стварэнне «Імперыі ад Уладзівастока да Гібралтару на базе расейскай цывілізацыі». У 2010 годзе сябры НБП стварылі новую партыю – «Іншая Расея».

30-гадовая дачка Аляксандра Дугіна Дар’я Платонава займалася журналістыкай, філасофіяй і паліталогіяй і ў ліпені 2022 года была ўключаная ў санкцыйныя спісы Вялікай Брытаніі.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў