Беларусам будуць выдаваць больш амерыканскіх візаў


Фота generation.byФота generation.byАмбасада ЗША ў Менску пашырыць візавыя паслугі для беларускіх грамадзянаў.

Пра гэта ў эксклюзіўным інтэрвю БелаПАН паведаміў часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Ітан Гоўлдрыч (Ethan A. Goldrich), які завяршае сваю працу ў Менску.

«Штат амбасады павялічыцца з пяці чалавек да шасці, што дазволіць нам мець у складзе яшчэ аднаго амерыканскага супрацоўніка, які будзе займацца консульскімі пытаннямі. Урад Беларусі пайшло нам у гэтым насустрач», – сказаў Гоўлдрыч. Паводле яго слоў, новы супрацоўнік амбасады павінен прыбыць у Менск ужо летам.

«Мы будзем у стане прымаць больш візавых заявак. Пасля прыезду шостага супрацоўніка стануць вядомыя дэталі таго, якія дадатковыя катэгорыі заявак гэта будуць», – дадаў Гоўлдрыч.

Колькасць супрацоўнікаў амбасады ЗША ў Менску была скарочана паводле патрабавання беларускага боку з 35 чалавек да пяці ў сакавіку 2008 года з прычыны ўвядзення Злучанымі Штатамі санкцыяў у дачыненні дзяржаўнага канцэрна «Белнафтахім». Неўзабаве пасля гэтага амбасадар Беларусі ў ЗША Міхаіл Хвастоў быў адкліканы з Вашынгтона для кансультацыяў, а Менск паводле патрабавання беларускага боку пакінула пасол Кэрэн Ст’юарт. Санкцыі ў дачыненні да «Белнафтахіма» былі ўведзены ЗША ў сувязі з парушэннямі правоў чалавека ў Беларусі.

АК, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў