news
Гісторыі
Перанос Раства: як украінцы ставяцца да зменаў у святочным календары
Украіна першы год афіцыйна адзначае Раство 25 снежня.
25.12.202307:04

Праваслаўныя і ўніяты ва Украіне з гэтага года афіцыйна святкуюць Раство «па-новаму» – 25 снежня. Рашэнне прынялі і зацвердзілі на царкоўным і дзяржаўным узроўнях: з 1 верасня Праваслаўная царква Украіны і Украінская грэка-каталіцкая царква адзначаюць царкоўныя святы паводле новаюліянскага календара. Але як самыя ўкраінцы ставяцца да такога пераходу? Ці прайшоў ён спакойна і ці застанецца ў «памяці народнай» ва Украіне 7 студзеня як «старое Раство»? Спыталі ўкраінцаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: glavcom.ua

Вайна як каталізатар

Пытанне пра перанос святкавання Раства з 7 студзеня на 25 снежня, а яшчэ шырэй – пра пераход з юліянскага на новаюліянскі ці нават грыгарыянскі каляндар ва Украіне не новае, і абмяркоўвалася яно цягам гадоў.

Адразу зробім заўвагу, што новаюліянскім календаром называюць кампрамісны варыянт, у якім даты нерухомых святаў (як Раство) супадаюць з грыгарыянскім календаром (прыняты Папам Рыгорам XIII у 1582 годзе – той каляндар, якім карыстаемся мы сёння), а рухомых (як Вялікдзень) – з юліянскім (ад рымскага імператара Юлія Цэзара).

Як так сталася, што розныя хрысціянскія канфесіі адзначаюць галоўныя царкоўныя святы ў розныя даты, і як гэтае пытанне развязвалі ва Украіне, мы пісалі ў пачатку года.

Першыя крокі на шляху да пераходу Украіны на новы каляндар былі зробленыя ў 2017-м, калі Вярхоўная Рада зацвердзіла на 25 снежня дадатковы святочны дзень, каб украінцы, якія адзначаюць Раство паводле грыгарыянскага і новаюліянскага календароў, маглі зрабіць гэта паўнавартасна. Пасля ж таго, як Праваслаўная царква Украіны атрымала Томас аб аўтакефаліі (6 студзеня 2019 года), гэты працэс яшчэ больш паскорыўся.

У некаторых святынях (як, напрыклад, на Валыні) нават наўмысна праводзілі па два набажэнствы – 25 снежня і 7 студзеня. Гэта было зроблена ў адказ на публічныя просьбы вернікаў, у самой жа  Валынскай епархіі ПЦУ святкаванне Раства перад Новым годам назвалі працэсам дэкамунізацыі. Адзначэнне свята Божага Нараджэння адначасова паводле двух календароў пашыралася і ў іншых рэгіёнах краіны.

У лістападзе 2022-га ПЦУ афіцыйна дазволіла сваім вернікам адзначаць Раство ў адзін дзень з каталікамі і пратэстантамі.

Стаўленне ўкраінцаў да таго, у які дзень адзначаць адно з галоўных хрысціянскіх святаў, з года ў год мянялася, і ўсё больш рабілася відавочным, што жыхары краіны паступова прымаюць ідэю пераносу Раства.

Дынаміка змянення стаўлення ўкраінцаў да змены даты святкавання Раства. Апытанні праводзіла ўкраінская сацыялагічная служба «Рейтинг».
Фота: hromadske.ua

Калі ў студзені 2021 года 77 % украінцаў заяўлялі, што святкуюць Раство 7 студзеня, а колькасць тых, хто адзначае яго выключна 25 снежня, была роўная 3 %, то ў канцы 2023-га вынікі змяніліся карэнным чынам: толькі 17 % пацвердзілі, што будуць адзначаць гэтае свята 7 студзеня, а 45 % сказалі, што будуць сядаць за святочны стол 25 снежня.

Сапраўдным жа каталізатарам у зменах настрояў грамадства ў пытанні святкавання Раства сталася вайна. Згодна са звесткамі сацыялагічнай групы «Рейтинг», толькі цягам 2022 года колькасць прыхільнікаў пераносу святкавання Раства з 7 студзеня на 25 снежня вырасла з 26 % да 44 %, а доля асобаў, якія не жадалі пераносу, зменшылася з 58 % да 31 %.

Важныя рашэнні

У канцы 2022 года Украінская грэка-каталіцкая царква (УГКЦ, уніяты) і Праваслаўная царква Украіны (аўтакефальная царква) стварылі адмысловую групу, каб вывучыць пытанне пераходу на новы каляндар. Вынікам сталася тое, што УГКЦ пастанавіла з 1 верасня 2023 года перайсці на новаюліянскі каляндар.

А ўжо 24 траўня 2023 года рашэнне пра пераход на новы каляндар прыняла і Праваслаўная царква Украіны. Гэта адбылося на Архірэйскім саборы ПЦУ, канчаткова ж рашэнне ўхвалілі на Памесным саборы ПЦУ 27 ліпеня 2023-га. Датаю пераходу абвесцілі 1 верасня 2023 года, ад якой адлічваецца пачатак новага царкоўнага года.

Рашэнне на дзяржаўным узроўні не прымусіла сябе доўга чакаць: спачатку Вярхоўная Рада, а за ёй і прэзідэнт Уладзімір Зяленскі прынялі закон, згодна з якім Раство афіцыйна пераносілася на 25 снежня. Дата 7 студзеня была выключаная са спісу святочных і выходных дзён.

На гэтую падзею адрэагавала Украінская праваслаўная царква (падпарадкоўваецца Маскоўскаму патрыярхату Расейскай праваслаўнай царквы). Старшыня Сінадальнага інфармацыйна-асветніцкага аддзелу УПЦ мітрапаліт Клімент заявіў, што «пераважная большасць украінцаў розных канфесіяў будуць сустракаць так, як гэта рабілі і раней», то бок 7 студзеня.

На змены ў календары адрэагавалі афіцыйныя ўлады Расеі, там пераход ПЦУ на новаюліянскі каляндар назвалі «шаленствам і вакханаліяй».

Такім чынам, гэтае пытанне набыло выразную палітычную афарбоўку, пра гэта заяўлялася як з палітычных, гэтак і з царкоўных трыбунаў. І з пачаткам поўнамаштабнай украінска-расейскай вайны асабліва абвастрылася.

«Раней казалі польскія (каталіцкія) і ўкраінскія (праваслаўныя) святы, а сёння кажуць – украінскія і маскоўскія святы. Новы каляндар будзе ўкраінскім, а тыя, хто застанецца на старым, – трошкі на маскоўскім», – так апісаў сітуацыю мітрапаліт Вінніцкі Сімяон у пачатку Архірэйскага сабору ПЦУ ў Кіеве.

Што думаюць украінцы

Мы паразмаўлялі са звычайнымі жыхарамі з розных частак Украіны, каб высветліць, што яны думаюць пра перанос святкавання Раства і чым гэта сабе вытлумачваюць.

«Я атэіст, але Кіеўскага патрыярхату, – з такога жарту пачынае размову з намі Мікола (38 гадоў, Кіеў). – Разглядаць пытанне ўкраінскай царквы ў адрыве ад усяго астатняга немагчыма. У маім атачэнні хіба людзі старэйшага пакалення кажуць: я Раство як святкавала сёмага, так і буду святкаваць. Гэта людзі 70–80 гадоў, пакаленне маіх бабуль. Пакаленне ж бацькоў успрымаюць станоўча. Цесць з цешчаю дык ужо даўно святкуюць 25 снежня».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: glavcom.ua

Нашая суразмоўніца Дар’я з Харкава (33 гады) адзначыла, што першапачаткова ў ейным атачэнні навіну пра пераход на іншую дату святкавання некаторыя памылкова ўспрынялі як пераход з праваслаўя ў каталіцтва, але хутка ўсё высветлілася…

«Пяць гадоў таму мая сям’я, маё атачэнне, знаёмыя – мы ўсе думалі, што 25 снежня – гэта каталіцкае Раство, – кажа Дар’я. – Але для нас гэта было як заходняе Раство, мы ўсе ж нібыта праваслаўныя… І калі было афіцыйна вызначана, што Раство будзем адзначаць 25-га, то ў нас вельмі шмат людзей не разумелі, чаму, бо мы ж не каталікі. І тыя, хто зацікавіўся пытаннем, палезлі ў інтэрнэт, пачалі чытаць. І выявілася, што не, мы не каталікі, і вераспавядання гэта не мяняе, а змяняецца насамрэч толькі каляндар: быў юліянскі, а стаў новаюліянскі».

«У нас не было ніякіх сумненняў у тым, што час пераходзіць на новы каляндар, – адзначае Дмытро (Ковель, Валынская вобласць, 44 гады). – Прызнаюся, заўсёды адчуваў, што мы нібыта нейкія лузеры: у Еўропе ўжо ўва ўсю адзначаюць Раство, а мы яшчэ чакаем два тыдні. Цяпер усё стала на свае месцы».

Логіка святаў і еўрапейскі кантэкст

Наталля з Кіева (64 гады) кажа, што цяпер у святах з’явілася логіка, якой раней не было: перад Раством трэба было трымаць пост, а тут Новы год, на які ўсе «ядзім, п’ямо, гуляем, грашым».

«І тут гэтая логіка не спрацоўвала. Я даўно казала, што тут нешта не тое. Таму цяпер усё прыходзіць да лагічнага завяршэння, гэтак павінна быць: спачатку Раство, людзі трымаюць пост, а пасля пачынаюцца святы, і да Новага года можна сабе гуляць», – адзначае Наталля.

Кацярына з Адэсы (40 гадоў) дапаўняе: «На маю думку, раней царкоўныя святы прыходзілі ў супярэчанне з нецаркоўнымі. У нас, праваслаўных, нібыта ідзе строгі пост, а з другога боку – у яго разгар адно з найбольш папулярных свецкіх святаў, Новы год. Як быць? Ну, грашылі ж, вядома [смяецца]».

Мікола, пералічваючы перавагі пераходу на новую дату адзначэння Раства, разважае: «Мне гэта здаецца лепшым, бо гэта сусветны кантэкст, па-першае. Па-другое, гэта не проста так Раство, гэта зімовае сонцастаянне, класна, што мы яго будзем святкаваць з усім заходнім светам, для мяне як для агностыка вось у гэтым адклікаецца. Таму я падтрымліваю, жонка мая падтрымлівае».

Парваць з Масквою

Адною з неабходных прычынаў пераходу да новага календара бадай усе нашыя суразмоўцы назвалі неабходнасць разарваць сувязі з Расеяй.

«Сярод сяброў і знаёмых няма непрыняцця гэтага [пераносу даты. – Заўвага «Белсату»], – адзначае Наталля. А тым больш, калі ідзе вайна, бо шмат хто гаворыць, што даўно час ужо парваць і гэтую нітачку, якая звязвае з Расеяй. Гэта такі чыннік, паводле якога трэба аддзяліцца і ў гэтым пытанні… Каб нам ніхто не ўказваў, калі і якія святы адзначаць і каму пакланяцца».

На перадавой рыхтуюцца святкаваць Раство. Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: konkurent.ua

«У нас пануе такая парадыгма ва ўкраінскім грамадстве – «прэч з Масквы», – гаворыць Мікола. – І вайна, поўнамаштабнае ўварванне гэтую парадыгму ўзмацніла. Цяпер усё ўспрымаецца праз прызму вайны, таму, калі б не было вайны, гэта [пераход на новы царкоўны каляндар. – Заўвага «Белсат»] заняло б больш часу і было б больш супрацьдзеяння. А так тыя, хто яшчэ не вызначыўся, прынялі гэтае рашэнне. А тыя, хто супраць, разумеюць, што калі яны будуць моцна выступаць, то прыедзе СБУ і далей ужо можа быць артыкул. Таму, безумоўна, вайна стала каталізатарам гэтага пытання».

Нашая суразмоўніца Дар’я з Харкава адзначыла, што трыманне за стары юліянскі каляндар, які з самога пачатку не ідэальны, ёсць «маніпуляцыяй свядомасцю людзей, якія не хочуць даведацца чагосьці новага». Яна пагадзілася з тым, што вернікаў ва Украіне ўмоўна можна падзяліць на дзве катэгорыі: хто адносіцца да УПЦ (падпарадкоўваецца маскоўскай РПЦ), падтрымліваюць стары каляндар, тыя ж, хто прыняў пераход на новаюліянскі каляндар, належаць да ПЦУ.

Ці застанецца «старое Раство»

Тут меркаванні нашых суразмоўцаў раздзяліліся. Адныя адназначна сказалі, што будуць паводле старой памяці адзначаць Раство і 7 студзеня, але ўжо менш пышна. Другія ж, наадварот, катэгарычна адказалі, што гэты дзень стане для іх звычайным.

«Сёмага студзеня ўсё адно адназначна застанецца нейкаю датай – як «старое Раство», – кажа Мікола. – Бо не ўсе ж пераключыліся, якая-небудзь бабуля будзе святкаваць. Гэта будзе яшчэ некалькі дзясяткаў гадоў, 20–30, а пасля, я думаю, пагасне зусім».

«Ну, не ведаю. Так, напэўна, яшчэ неяк будзем адзначаць 7 студзеня, – гаворыць Кацярына. – За стол, можа, не будзем сядаць. Але так, на словах, мабыць, і павіншуем адно аднаго».

«Дык Раство ж цяпер 25 снежня. А 7 студзеня – што будзе? Звычайны дзень. І паводле закону, здаецца, звычайны цяпер. На працу пайду… Ці што ў нас там, нядзеля ў наступным годзе? Ну то тэлевізар буду глядзець», – гаворыць Дмытро.

На думку кіяўлянкі Наталлі, не будзе свята 7 студзеня, дый і ўсё. Яна думае, гэта было таксама накінута зверху. Пры гэтым Наталля ўпэўненая, што з пераходам святкавання Раства з 7 студзеня на 25 снежня «не будзе такога адчування, нібыта нешта разарвалі па жывым, усе хіба ўсведамляюць, што ўсё гэта натуральна».

Аналітыка
Уніяты і праваслаўныя Украіны пераходзяць на новы каляндар. Што за ён і чаму гэта трэба
2023.02.12 10:26

Раман Шавель belsat.eu