Міністры абароны Беларусі і Расеі Віктар Хрэнін і Сяргей Шайгу 20 кастрычніка на супольнай калегіі ў Маскве зацвердзілі шэраг агульных дакументаў у вайсковай галіне.
Кіраўнікі вайсковых ведамстваў падпісалі дакументы аб падаўжэнні тэрмінаў дзеяння пагадненняў аб размяшчэнні ў Беларусі двух вайсковых аб’ектаў Расеі – вузла сістэмы папярэджання аб ракетным нападзе ў Баранавічах і радыёстанцыі вайскова-марскога флоту ў Вялейцы, перадае ТАСС.
Шайгу таксама заявіў, што ў адказ на супрацьстаянне з Захадам Беларусь і Расея распрацавалі новую вайсковую дактрыну Саюзнай дзяржавы. Паводле яго, дакумент плануецца зацвердзіць у бліжэйшы час на чарговым пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савету.
Міністэрствы абароны перайшлі да планавання двухбаковай вайсковай супрацы на падставе праграмы стратэгічнага партнёрства, распрацаванай на пяцігадовы перыяд. Пашыраюцца маштабы падрыхтоўкі войскаў і органаў кіравання, сказаў Шайгу.
На ягоную думку, дасягнуты ўзровень узаемадзеяння вайсковых ведамстваў РФ і Беларусі дазваляе «своечасова адаптаваць задачы ў сферы бяспекі да таго, што адбываецца ў свеце зменаў, і эфектыўна вырашаць іх».
Таксама расейскі міністр паведаміў, што план расейска-беларускай вайсковай супрацы на 2022 год ўключае 139 падзеяў. А супольныя вучэнні «Шчыт Саюзу» стануць вызначальнай падзеяй 2023 года, сказаў ён.
МГ belsat.eu