ЗША і іншыя краіны «Вялікай сямёркі» разглядаюць магчымасць поўнай забароны экспарту ў Расею


Пад забарону можа патрапіць большая частка экспартуемых тавараў у Расейскую Федэрацыю з боку Злучаных Штатаў і іншых ключавых саюзнікаў Украіны. Аб гэтым са спасылкай на свае крыніцы напісала выданне Bloomberg.

Такое рашэнне можа прывесці да значнага больш жорсткага эканамічнага ціску на Расею і прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна ў сувязі з распачатай ім вайной.

Гэтая тэма абмяркоўваецца прадстаўнікамі краін «Вялікай сямёркі» напярэдадні саміту яе лідараў, які мае адбыцца ў траўні ў Японіі.

Лідары «Вялікай сямёркі». Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: dw.com

Паводле крыніц Bloomberg, гаворка вядзецца аб змене падыходу да санкцыяў. Так, будзе забаронены любы экспарт у Расею, за выключэннем тых тавараў, якія экспартаваць дазволена, яны складуць асобны спіс. На сённяшні ж дзень дзейнічае іншы парадак: любы экспарт дазволены, калі ён не падпадае пад санкцыі.

Калі такі крок будзе ўхвалены на саміце, то трэба будзе выпрацаваць, якія канкрэтна тавары будуць выключаны з агульнага спісу забароны. Так, напрыклад, лекі і сельскагаспадарчая прадукцыя, у тым ліку прадукты харчавання, хутчэй за ўсё, патрапяць пад спіс выключэнняў.

Але ўзгадніць такі падыход будзе даволі цяжка, сцвярджае выданне, бо яго павінны ўхваліць усе сябры «Вялікай сямёркі», а гэта можа выклікаць вострыя дыскусіі, а таксама негатыўную рэакцыю кампаній, якія дасюль экспартуюць тавары ў Расею.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў