Крызіс у БХД: частка прадстаўнікоў партыі публічна заявіла, што больш не давярае калегам


Некалькі структураў партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» заявілі, што больш не маюць даверу да выканаўчага сакратара Дзяніса Садоўскага і двух сустаршыняў: Віталя Рымашэўскага і Вольгі Кавальковай. Свае подпісы пад заявай паставілі сустаршыня БХД і кіраўнік офісу БХД у Беластоку Георгій Дзмітрук, а таксама Яўген Дудкін і Сяргей Верамеенка. Акрамя таго, са словаў Дзмітрука, рашэнне падтрымалі структуры БХД у Берасцейскай, Віцебскай і Гарадзенскай вобласцях.

Паседжанне сябраў партыі БХД у Беластоку. Сустаршыня БХД Георгій Дзмітрук у цэнтры. Беласток, Польшча. 20 сакавіка 2023 г.
Фота: Белсат

Заява была прынятая 20 сакавіка ў Беластоку падчас сходу арганізацыі. Кіраўніцтва БХД вінавацяць у няздольнасці арганізаваць працу арганізацыі цягам апошняга года, у перавышэнні службовых паўнамоцтваў, спробах блакавання дзейнасці структураў партыі і ўдзеле Садоўскага, Рымашэўскага і Кавальковай у іншых праектах, што выклікае канфлікт інтарэсаў. Канчатковае рашэнне мусіць быць прынятае на бліжэйшым зʼедзе партыі. У заяве таксама сказана, што сябры арганізацыі давяраюць Дзмітруку і Севярынцу.

Нагадаем, што на апошнім устаноўчым з’езде 23 снежня 2017 года была павялічаная (да чатырох чалавек) колькасць сустаршыняў партыі. Раней аргкамітэт Беларускай хрысціянскай дэмакратыі ўзначальвалі тры сустаршыні: Георгій Дзмітрук, Віталь Рымашэўскі і Павел Севярынец. З’езд пастанавіў пашырыць колькасць сустаршыняў на аднаго чалавека – ім стала Вольга Кавалькова. Цяпер жа Дзмітрук, Рымашэўскі і Кавалькова – у эміграцыі, а Севярынец, якога вялікая група людзей лічыць лідарам партыі, атрымаў сем гадоў і застаецца ў калоніі ў Шклове. За мяжой актыўную працу пачалі Георгій Дзмітрук, Яўген Дудкін і Сяргей Верамеенка, якія стварылі шэраг структураў у Беластоку і Варшаве.

«Я б не назваў тое, што адбываецца ў нашай партыі, канфліктам. Гэта працоўная сітуацыя. Але два сукіраўнікі нашай партыі і сакратар займаюцца іншымі справамі, фактычна пакідаючы партыю без кіраўніцтва. Таму тое, што адбылося сёння – проста неабходныя дзеянні. Мы жадаем нашым былым паплечнікам поспеху ў іншых арганізацыях, але БХД трэба развівацца і рухацца наперад. І тое, што адбываецца цяпер, вельмі замінае і стрымлівае нашыя магчымасці», – сказаў у размове з «Белсатам» Георгій Дзмітрук.

Цяпер, паводле Дзмітрука, пачалася праца для арганізацыі зʼезду, на якім пытанне аб недаверы сябрам партыі будзе развязанае канчаткова.

Выканаўчы сакратар Дзяніс Садоўскі коратка ацаніў прынятую сёння заяву: «Калі кіраўніцтва БХД афіцыйна атрымае гэту заяву, то Управа БХД дасць ацэнку гэтай заяве».

Віталь Рымашэўскі ў размове з карэспандэнтам «Белсату» выказаў меркаванне, што на заяву паплечнікаў па партыі рэагаваць не варта, а за кожнага павінныя казаць яго справы.

«Перакананы, што на будучым з’ездзе БХД адразу пасля вызвалення Паўла Севярынца ўсе пытанні і ўсе спрэчкі будуць вырашаныя, як гэта заўсёды было ў нашай шматгадовай працы», – лічыць Рымашэўскі.

Партыя Беларуская хрысціянская дэмакратыя была створаная ў 2005 годзе. У Беларусі, нягледзячы на шматлікія спробы, партыя не здолела атрымаць афіцыйнай рэгістрацыі.

Дапаўненне: пасля публікацыі навіны, на сайце БХД была апублікаваная заява партыі. У прыватнасці ў ёй гаворыцца, што «прыняцце палітычных заяваў і дзейнасць ад імя партыі ставяць усіх сябраў Арганізацыйнага камітэту БХД, якія застаюцца ў Беларусі, пад пагрозу крымінальнай адказнасці. Заявы, якія не прынятыя кіроўнымі органамі БХД, з’яўляюцца прыватным меркаваннем».

У заяве БХД тлумачыцца, што ў перыяд паміж з’ездамі кіроўным органам БХД з’яўляецца Нацыянальная Рада, аператыўнае кіраванне працай ажыццяўляецца Управай, якую ўзначальвае адказны сакратар Дзяніс Садоўскі.

АС belsat.eu

Стужка навінаў